04.03.2022 14:19

Каханне мацнейшае за жалеза

15 лютага Софія і Станіслаў Фвяткевічы з вёскі Рачкава Палачанскага сельсавета адзначылі жалезнае вяселле – 65-годдзе з дня рэгістрацыі свайго шлюбу.

Сямейную пару павіншавалі з жалезным вяселлем Святлана Карташэвіч і Анастасія Іода. Сямейную пару павіншавалі з жалезным вяселлем Святлана Карташэвіч і Анастасія Іода.

Магчыма, гэта адзіная ў нашым раёне сямейная пара з такім вялікім стажам сумеснага жыцця. Па крайняй меры аўтару гэтых радкоў за 36 гадоў работы ў рэдакцыі не даводзілася сустракацца з «жалезнымі» юбілярамі.

Выдатная традыцыя – віншаваць землякоў

— З брыльянтавым вяселлем мы не раз віншавалі сямейныя пары, а вось з жалезным – упершыню, — адзначае і старшыня Палачанскага сельскага Савета дэпутатаў Анастасія Іода.

Яна разам з загадчыцай Яхімоўшчынскага сельскага клуба Святланай Карташэвіч з падарункамі, кветкамі, прывітальным адрасам прыехалі ў Рачкава, каб ушанаваць юбіляраў. Цудоўная традыцыя існуе ў сельсавеце: прадстаўнікі мясцовай улады віншуюць з юбілеямі як сямейныя пары, так і доўга-жыхароў, заслужаных працаўнікоў. Кожнае такое мерапрыемства – адметная падзея для віноўнікаў урачыстасці, іх блізкіх.

— Ваша сямейнае жыццё служыць добрым прыкладам для маладога пакалення! – звярнулася да Софіі Аляксееўны і Станіслава Іосіфавіча старшыня сельскага Савета і пажадала ім мірнага, спакойнага жыцця, дабрабыту, радасці ад дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Нявесце – 19 гадоў, жаніху — 22

— Ці памятаеце вы дзень вашага вяселля 15 лютага 1957 года? – пацікавілася ў юбіляраў.

— А як жа! Гасцей было шмат, у нас вялікая радня. Гармонік іграў, танцавалі, песні спявалі, – успамінаюць доўгажыхары.

Пажаніліся маладымі: нявесце было 19 гадоў, жаніху – 22. Абодва карэнныя жыхары гэтай вёскі, размешчанай сярод палёў ды ўзгоркаў. Успамінаюць, што ў гады іх дзяцінства і маладосці ў Рачкаве жыло шмат людзей, была нават свая пачатковая школа, у якую хадзілі і вучні з суседніх Канюхоў. Софія і Станіслаў ведалі адзін аднаго з маленства, дамы іх бацькоў знаходзяцца непадалёк. Абодва яны з мнагадзетных сем’яў: у Соні чацвёра братоў і сясцёр, у Стася – сямёра. Ці трэба казаць, што ўсю нялёгкую сялянскую працу яны асвоілі з маленства? Шчыравалі ў калгасе, які ў 1950-я гады называўся «Камсамолец». Софія была паляводам, Станіслаў — адным з першых мясцовых трактарыстаў. Працаваў на Маліноўшчынскай МТС, у саўгасе «Яхімоў-шчына» быў брыгадзірам трактарнай брыгады, механікам, загадчыкам мехмайстэрань.

— Усё жыццё я з жалезам, вось і жалезнага вяселля дачакаўся, — з гумарам гаворыць пра сябе.

1960-я гады: Софія і Станіслаў з сынамі Пятром і Уладзімірам.

З цаліны вярнуліся на радзіму

Пасля вяселля маладыя жылі разам з бацькамі жаніха. Па закліку камсамола паехалі падымаць цаліну, на той час у іх ужо быў маленькі сынок. Аднак у чужым краі не прыжыліся, вярнуліся ў родную вёску, з дапамогай радні пабудавалі сваю хату. Фвяткевічы выгадавалі дваіх выдатных сыноў, якія з сям’ямі жывуць у Беразінскім.

Старэйшы Пётр – начальнік аддзела забеспячэння на трубапракатным заводзе, Уладзімір – майстар на ААТ «Беразінскае». У юбіляраў чацвёра ўнукаў, шасцёра праўнукаў. Радня часта прыязджае, дапамагае. Вось і ў дзень нашага візіту прыехаў старэйшы сын з жонкай, прыйшла сястра Софіі Аляксееўны Зінаіда, якая жыве ў Канюхах, а ў Рачкаве па суседстве – сястра Валянціна.

— Якія вашы бацькі? Чаму вы ў іх навучыліся? – спытала я ў Пятра Станіслававіча.

— Вельмі працавітыя! Шчыравалі ў калгасе, трымалі дома вялікую гаспадарку. Былі ў нас і конь, і дзве каровы. Бацькі і цяпер не паддаюцца ўзросту і хваробам: да нядаўняга часу трымалі свінку, ёсць у іх каза, куры. Не могуць сядзець без справы, — з павагай і любоўю гаворыць сын.

— Дзеці ў нас залатыя! – уступае ў гутарку матуля. Яны наша радасць і падтрымка.

Софія і Станіслаў Фвяткевічы разам сустракаюць 65-ю вясну.

Матуліны пірагі, татавы полькі

Блізкія расказваюць, якія выдатныя пірагі, хлябы выпякала ў печы Софія Аляксееўна. Нават заказы давалі ёй на вяселлі ды на сустрэчы ганаровых гасцей. Слухалася яе цеста, што ні замесіць — усё атрымлівалася смачным. А ў Станіслава Іосіфавіча змоладу была цяга не толькі да жалеза, але і да музыкі. Аднойчы з зарплаты купіў сабе гармонік. Жонка спачатку сварылася, а пазней на сямейных вячорках рада была паслухаць полькі ды вальсы ў выкананні мужа, а іншы раз і песню заспяваць пад яго акампанемент. Гармонік захаваўся да гэтага часу.

— Эх, трэба было зняць яго з гарышча ды зайграць сёння, успомніць маладыя гады! — гаворыць гаспадар.

Прыемна было даведацца, што Фвяткевічы шмат дзесяцігоддзяў выпісваюць «Маладзечанскую газету», чакаюць кожны яе нумар, ведаюць прозвішчы журналістаў. Шчырае дзякуй ім за падтрымку, за высокую ацэнку нашай працы! Нельга не захапляцца гэтымі шчырымі сельскімі працаўнікамі, якія на ўсё жыццё засталіся вернымі свайму каханню і бацькоўскай зямлі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І ФВЯТКЕВІЧАЎ.

Прочитано 210 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.