23.02.2022 9:03

Тры пакаленні воінаў з сям’і Асіповічаў

Як праводзілі ў армію ў 1970-я, 1990-я, 2020-я гады? Якія страявыя песні запомніліся? Наколькі адпускалі ў водпуск, чым адрозніваўся распарадак дня, быт, рацыён салдат мінулага стагоддзя і цяперашніх? Пра гэта мы распыталі ў прадстаўнікоў трох пакаленняў сям’і Асіповічаў з Яхімоўшчыны – бацькі Анатолія Мікалаевіча, сына Максіма Анатольевіча, унука Сямёна Максімавіча.

Тры пакаленні воінаў: Сямён, Анатолій і Максім Асіповічы. Тры пакаленні воінаў: Сямён, Анатолій і Максім Асіповічы.

Мацярынскі абярэг – ільняныя ніткі

Галава сям’і Анатолій Мікалаевіч служыў у 1975-1977 гадах у транспартным узводзе ракетных войск стратэгічнага прызначэння. Яго воінская часць базіравалася ў Кармелава, прыгарадзе Каўнаса Літоўскай ССР.

Пасля службы Анатолій спецыяльна з’ездзіў у фотаатэлье, каб сфатаграфавацца ў ваеннай форме.

Да прызыву Анатолій закончыў Маркаўскую СШ, а таксама Маладзечанскую аўташколу, што спатрэбілася на службе. Вадзіцельскі стаж у яго 47 гадоў, апошнія 20 працуе майстрам вытворчага навучання ў Беразінскім аграрна-тэхнічным прафесіянальным ліцэі.

— У маёй роднай вёсцы Румянцава ў армію праводзілі ўсёй раднёй, запрашалі суседзяў, сяброў. Мае бацькі таксама наладзілі развітальны вечар. У наш час хлопцы імкнуліся ў войска. Той, хто не служыў, лічыўся слабым, дзяўчаты за такіх замуж не хацелі ісці, — успамінае Анатолій Мікалаевіч. — Па вясковай традыцыі на провадах хросны бацька пабрыў мяне нагала, мама валасы захавала. А мне дала абярэг – скрутачак ільняных нітак, які ўсе два гады службы ляжаў у ваенным білеце.

На той час салдаты абуваліся ў кірзавыя боты, накручвалі на ногі анучы (портянки), і трэба было налаўчыцца гэта рабіць, каб не націраць мазалі ў час страявой падрыхтоўкі і марш-кідкоў. На «хэбэшку» нашывалі белыя каўнерыкі.

— У іх край мы закладвалі дроцік, каб яны трымалі форму і выступалі рубчыкам з-пад каўняра. Гэта лічылася асаблівым шыкам, – прыгадвае мой субяседнік.

У казарме жыло каля 50 чалавек, пад’ём – у 6.00, адбой – у 22.00. З салдацкага меню найбольш запомніліся кашы з груцы, грэчкі, аўсянкі (салдаты называлі яе «конскай»), а самым смачным быў «дэсерт» — батон з маслам і чаем. У нарадах даводзілася ўручную абіраць бульбу. Была для гэтага і машынка, аднак з яе бульба выходзіла бруднай і неапетытнай.

Узвод быў інтэрнацыянальным: беларусы, рускія, украінцы, малдаване, казахі. Беларусы дружылі між сабой, трымаліся разам. Фізічна Анатолію не было цяжка — змалку прывычны да працы, быў моцным і вынослівым хлопцам. Грашовае забеспячэнне на месяц складала: радавы – 3 руб. 80 кап., яфрэйтар – 4 руб. 80 кап., камандзір аддзялення – 10 руб. 80 кап. Гэтыя невялікія сумы трацілі ў буфеце, які між сабой называлі «чепок», бо ўсе грошы ў салдат «вычэрпваў».

У водпуск малодшаму сяржанту Анатолію Асіповічу схадзіць не давялося. Падтрымлівалі пісьмы з дому, якія прыходзілі часта. На прысягу да яго прыязджалі мама з сястрой. Памятае ён страявыя песні «Не плачь, девчонка», «Маруся от счастья слезы льет».

На памяць аб службе застаўся тоўсты альбом, які купіў ва ўнівермагу ў Каўнасе і сам аформіў. У ім не толькі здымкі, але і загад аб звальненні, і апошні пуцявы ліст, выпісаны капітанам Леанідам Чарняўскім. Ён, дарэчы, шмат гадоў жыве ў Маладзечне, Анатолій Мікалаевіч сазваніўся з ім пасля матэрыялу аб залатым вяселлі Чарняўскіх у нашай газеце.


«От героев былых времен…»

Гэта вядомая песня з кінафільма «Афіцэры» была страявой у Максіма Асіповіча, які ў 1998-1999 гадах служыў у Маладзечанскай воінскай часці, у 14-м асобным палку ўрадавай сувязі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Максім у час прыняцця ваеннай прысягі.

— У нашай сям’і не тры, а чатыры пакаленні салдат, — удакладняе Максім Анатольевіч. – Мой дзед па мацярынскай лініі Аляксей Іванавіч Сакалоў пехацінцам прайшоў усю вайну, двойчы быў паранены, узнагароджаны медалём «За адвагу». Ён неаднойчы быў на валаску ад смерці, але не любіў пра гэта расказваць.

Аляксей Іванавіч пражыў 88 гадоў. Памяць пра яго захоўваюць унукі, праўнукі, якія, як і ён у свой час, сумленна выконвалі свой воінскі абавязак.

Да арміі Максім паспеў закончыць Беразінскае ПТВ-42, атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста. Расказвае, што па традыцыі бацькі яму таксама наладзілі провады. На іх ён ужо быў з прычоскай «пад нуль» — сябры падстрыглі загадзя. Служыў паўтара года, значную частку гэтага тэрміну быў вадзіцелем, як і бацька. Гаворыць, што самым складаным спачатку было змірыцца з тым, што родны дом зусім блізка, а ён не можа туды паехаць, калі захоча. Яшчэ з усмешкай прыгадвае, што іншы раз было няпроста пераадольваць трохкіламетровы марш-кідок адразу пасля абеду, на поўны страўнік… З адметным яму гумарам Максім Анатольевіч гаворыць, што пакуль прывык да салдацкага меню, любімымі стравамі былі соль ды чай. Кірзавыя боты, белыя каўнерыкі, цяжкі, але цёплы шынель – усё гэта прысутнічала ў абмундзіраванні воінаў на стыку двух тысячагоддзяў. У той няпросты час пачалася інфляцыя, «зарплата» салдат складала каля 900 рублёў на месяц, але купіць на яе можна было вельмі мала.

У казарме размяшчаліся тры роты – каля 70 чалавек. Мабільных тэлефонаў яшчэ не было, звязацца з домам можна было па картцы з тэлефона-аўтамата ў клубе. Салдатам перыядычна паказвалі чорна-белае савецкае кіно, пад якое яны дружна засыналі…

Бацькі часта наведвалі сына па выхадных. Прыязджаў ён і ў водпуск – ажно на 25 дзён. Звольніўся ў званні старшага сяржанта.

У Максіма Анатольевіча таксама захаваўся дэмбельскі альбом, які ён зрабіў сам. Вокладка абцягнута кавалкам шынялю, надпісы зроблены з паперы залатога колеру. У ім шмат жартоўных малюнкаў з салдацкага жыцця. Іх контуры рабіў простым алоўкам адзін з саслужыўцаў, а Максім размалёўваў.

Пасля арміі Максім Асіповіч 12 гадоў працаваў ратавальнікам у Маладзечанскім гаррайаддзеле па надзвычайных сітуацыях. Ужо больш за дзесяцігоддзе ён з’яўляецца гаспадаром аграсядзібы «Хутарок на Слабадзе» ў Яхімоўшчыне. 

«На посту пограничник стоит…»

Словы гэтай песні савецкіх часоў можна суаднесці са службай Сямёна Асіповіча, якая ў 2020-2021 гадах праходзіла ў Смаргонскай пагранічнай групе на пагранзаставе «Лынтупы». Як і бацька, Сямён служыў паўтара года, вярнуўся зусім нядаўна – у лістападзе. Да службы ён закончыў Маладзечанскі дзяржаўны каледж па спецыяльнасці «сталяр-станочнік». Па сямейнай традыцыі бацькі наладзілі яму провады, запрасілі радню і сяброў, незадоўга да іх падстрыглі «пад нуль». Сямён расказвае, што ў «вучэбцы» пад’ём быў у 6 гадзін раніцы, адбой – у дзесяць вечара, на заставе – у 7.00 і 23.00. Што тычыцца сучаснай салдацкай формы, то на змену шынялям прыйшлі бушлаты, кірзавым ботам – берцы. Не давялося асвойваць навуку па закручванні ануч – сучасныя салдаты носяць шкарпэткі. Белыя каўнерыкі таксама сышлі ў нябыт. Калі на вучэбным пункце ў казарме размяшчалася 88 чалавек, то на заставе салдаты жылі па сямёра ў пакоі. У іх распараджэнні былі душ, пральная машынка, халадзільнік, мікрахвалевая печ, чайнік. У час дзяжурства на заставе (па 10 гадзін на працягу сутак) салдаты прапускалі прыёмы ежы, харчаваліся па іншым графіку, умовы для гэтага былі створаны. Сярод страў салдацкай кухні Сямён успамінае камбінаваную кашу з проса і гароху, гаворыць, што часта давалі рыбу. Памятае страявыя песні: «Кацюша», «У солдата выходной». Мабільнымі тэлефонамі дазвалялася карыстацца па выхадных днях.

У 2020 годзе эстафету ад бацькі і дзеда пераняў Сямён.

Грашовае забеспячэнне для салдат складала 37 рублёў на месяц, сяржантаў – 52 рублі.

Сямён расказвае, што каранавірус унёс абмежаванні: бацькам не дазволілі прыехаць на прысягу. І наогул, з-за пандэміі блізкія наведвалі яго ўсяго тры разы. Праўда, у апошнія паўгода ён прыязджаў у водпуск на 20 дзён.

Нельга не сказаць пра тое, што ў снежні мінулага года ў нашай газеце друкавалася падзяка Смаргонскай пагранічнай групы бацькам сяржанта Сямёна Асіповіча, які на той час з’яўляўся камандзірам аддзялення пагранзаставы «Лынтупы», выдатна служыў і паказваў прыклад іншым. Дзякуючы вывучцы і граматным дзеянням у кастрычніку 2021 года ён у адзіночку затрымаў парушальніка пагранічнага рэжыму.

— Служба ў арміі загартоўвае фізічна, дадае рашучасці, правярае на трываласць, вучыць жыць у калектыве, адказваць не толькі за сябе, але і за іншых, — так лічаць мужчыны з сям’і Асіповічаў, для якіх 23 лютага – адметны дзень у календары, нагода для таго, каб у чарговы раз разгарнуць дэмбельскія альбомы і ўспомніць воінскую службу.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І АСІПОВІЧАЎ.

 

Прочитано 388 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.