— Спачатку мяне хацелі назваць Лізай, але такі варыянт не зацвердзілі на сямейным савеце, — расказвае дзяўчына. – Урэшце мама і бабуля склалі сапраўдную формулу майго імені, утварыўшы яго ад частак сваіх імёнаў у рускамоўным напісанні: «Марина + Анна = Марианна». Да падлеткавага ўзросту лічыла, што яно не вылучаецца сярод іншых. А потым нечакана для сябе стала атрымліваць кампліменты наконт незвычайнага імя. У школе педагогі, калі чулі яго, нярэдка гаварылі: «Будзеш… Маргарытай». Цяпер гэтак жа адбываецца і ва ўніверсітэце (дзяўчына будучы спецыяліст па сацыяльных камунікацыях і вучыцца ў БДУ. – Аўт.).
Калі давяраць усёведнаму інтэрнэту, то імя Марыяна існуе не адно стагоддзе, хаця ў лік папулярных за доўгую гісторыю ніколі не ўваходзіла. Хіба толькі захліснула «модная хваля», калі на тэлеэкране савецкія гледачы ўбачылі мексіканскі серыял «Богатые тоже плачут», галоўнай гераіняй якога была Марыяна ў выкананні Вяронікі Кастра.
— У мяне неаднойчы пыталіся, ці не ў яе гонар я названая,— усміхаецца маладзечанка. – Ведаю і сучаснае кіно, дзе галоўныя гераіні Марыяны, напрыклад, у французскай драме ў жанры фантастыкі і хорар «Марыяна» і расійскай лірычнай стужцы «У Марыяны». Але ні адзін з гэтых фільмаў пакуль не глядзела.
Дарэчы, ёсць і аднайменнае савецкае кіно пра разведчыцу, якое з’яўлялася адным з лідараў пракату 1967 года.
Наша Марыяна ў кінаіндустрыю не збіраецца, хаця неаднойчы чула кампліменты пра тое, што ў яе «акцёрская знешнасць». Затое з задавальненнем расказвае пра свае захапленні – ёй вельмі падабаецца вязаць, вышываць, займацца ў трэнажорнай зале.
А знакамітыя Марыяны знайшлі сябе ў розных сферах. Цікава, што гэта рэдкае імя носіць нямала вядомых асоб. У іх ліку руская пісьменніца Бярнацкая, савецкая і расійская актрыса тэатра і кіно Вярцінская, італьянская лыжніца Лонга, французскі біяхімік Грунберг-Манага.
Многае звязвае імя менавіта з Францыяй. Калі любога француза запытаць пра нацыянальны сімвал, то ён абавязкова назаве Марыяну – збіральны жаночы вобраз, які ўвасабляе гэту краіну.
Наконт паходжання імені існуе не адзіная версія, даследчыкі пакуль не прыйшлі да агульнай высновы. Па найбольш распаўсюджаных, імя мае лацінскія карані і перакладаецца як «принадлежащий богу Марсу» альбо проста ўтварылася ад імёнаў «Мария» і «Анна».
— Неаднойчы чула, як на вуліцы ці ў магазіне, транспарце мамы звярталіся да сваіх маленькіх дачушак і назвалі іх Мар’янамі, — заўважае наша гераіня. – Я таксама абарочваюся, бо сваякі і сябры нярэдка мяне клічуць Мар’янай ці Мэры. Мажліва, з тымі дзяўчынкамі мы цёзкі. Незвычайнае імя ўвогуле не дае расслабляцца. Як правіла, мяне хутка запамінаюць. Іншым разам нават забываюцца, як мяне дакладна завуць, і тады я ператвараюся ў «дзяўчыну з дзіўным іменем».
Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.