18.01.2022 14:56

«Дзеці – мой сэнс жыцця»

Віктар Носаў і яго дзеці — пяцігадовы Платон, сямігадовая Лізавета і васьмігадовы Елізар — жывуць у вёсцы Чарты. Маці некалькі гадоў таму кінула сям’ю. Сыноў і дачку гадуе тата. Дапамагае яму бабуля дзяцей Таццяна Еўдакімаўна.

Віктар Носаў і яго дзеці Лізавета, Елізар, Платон. Разам яны дружная сям’я. Віктар Носаў і яго дзеці Лізавета, Елізар, Платон. Разам яны дружная сям’я.

Нас вельмі ўразілі гэтыя цудоўныя дзеці, калі мы прыехалі да іх у сям’ю. Паслухмяныя, дагледжаныя, выхаваныя, слухаюцца дарослых. Тата для іх аўтарытэт! А галоўнае, было бачна, што тут пануе любоў.

— Дзеці – мой сэнс жыцця, — расказаў Віктар Іванавіч. – Нават не ўяўляю сябе без іх. Для мяне галоўнае – каб яны былі здаровыя, накормленыя, апранутыя і абутыя. Выхаваць сыноў і дачку – мой абавязак. Дзеля гэтага не шкада нічога.

Трэба адзначыць, што дзецям пашанцавала з татам. Віктар Носаў майстар на ўсе рукі. Ён і ў будаўніцтве разбіраецца (раней працаваў у некалькіх будаўнічых арганізацыях), і ў тэхніцы (можа нават аўтамабіль адрамантаваць). А яшчэ ён гатуе смачныя стравы, заплятае коскі дачушцы, з сынамі майструе вырабы сваімі рукамі. Дзецям ёсць з каго браць прыклад.

— З імі не сумна, — працягвае тата. – Я з імі праводжу шмат часу. У цёплую пару года гуляем на вуліцы, займаемся агародам. Сыны цікавяцца тэхнікай — не адыходзяць ад мяне, калі рамантую аўтамабіль. Каб як мага больш быць з дзецьмі, уладкаваўся слесарам у Чысцінскую сярэднюю школу. Там жа ў трэцім класе вучыцца Елізар, у першым – Ліза. Дзеці займаюцца ў розныя змены. Раніцай еду на работу – прывожу на вучобу аднаго школьніка, пасля абеду — другога.

Віктар Носаў адзначыў, што ў дзяцей розныя характары і захапленні. З кожным трэба знайсці агульную мову, пахваліць, калі трэба – зрабіць заўвагу. Асабісты яго час пачынаецца гадзін у дзевяць вечара, калі сыны і дачка кладуцца спаць. Аднак да такога рытму жыцця тата прывык. Ён паспяхова спраўляецца з бацькоўскімі абавязкамі. Дзеці растуць працавітымі. Яны з маленства дапамагаюць тату і адзін аднаму.

— Мы любім свайго тату! Ён добры, клапоціцца пра нас, смачна гатуе, купляе адзенне, гуляе з намі. Ён самы лепшы! — сказалі дзеці на развітанне.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 251 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.