Менавіта ў «МГ» Таццяна Іванаўна і Валерый Іванавіч Прысяч убачылі аб’яву аб продажы дома ў Аляхновічах. Купілі яго, уладкавалі і вось ужо больш за 15 гадоў жывуць тут на вуліцы Зарэчнай. У аграгарадок сям’я Прысяч пераехала ў 2005 годзе з Гродзенскай вобласці. Раней працавалі ў сельскай гаспадарцы. Таццяна Іванаўна па спецыяльнасці бухгалтар, Валерый Іванавіч — заатэхнік.
— Рашэнне пераехаць на Маладзечаншчыну мы прынялі ў перадпенсіённым узросце, каб быць бліжэй да дачок, якія жывуць у Мінску, — расказвае Валерый Іванавіч, які завітаў у рэдакцыю. — Анжаліка працуе загадчыцай мастацка-афарміцельскага аддзела газеты «Мінскі кур’ер», такім чынам мае адносіны да журналістыкі. Другая дачка Кацярына — медсястра ў бальніцы. Калі змянілі месца жыхарства, наша сям’я была невялікая, а цяпер ужо ўнукаў сямёра, нават праўнучак ёсць, чатырохгадовы Стэфан. Вельмі весела, калі ўсе збіраюцца разам. Ад Мінска да нашага дома недалёка — хвілін трыццаць язды.
«Маладзечанскую газету» на першае паўгоддзе 2022 года выпісала Таццяна Іванаўна. Нават не думала жанчына, што падпіска прынясе ёй удачу і яна атрымае ў падарунак кубак з лагатыпам газеты і каляровы каляндар.
Прыехаць у рэдакцыю жанчына не змагла — яна цяжка перахварэла на каранавірус. Мы пагаварылі з ёю па тэлефоне.
— Каварная хвароба рушыць многія планы. Мне давялося ляжаць у бальніцы, быць пад апаратам ШВЛ. Хачу шчыра падзякаваць маладзечанскім медыкам, у прыватнасці, урачу-анестэзіёлагу-рэаніматолагу Андрэю Гісічу за прафесіяналізм і добразычлівыя адносіны да пацыентаў.
Таццяна Іванаўна расказала, што «Маладзечанскую газету» з мужам яны сталі выпісваць адразу, як пераехалі ў Аляхновічы. А як жа інакш даведацца пра жыццё раёна? Цікавяць іх усе тэмы: сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і дэпутатамі, матэрыялы на сельскагаспадарчую тэматыку, будаўніцтва, камунальныя пытанні, транспартнае абслугоўванне. Нямала надаецца ўвагі на старонках мясцовага выдання тэме здароўя. Мае субяседнікі расказалі, што знаходзяць шмат карыснай інфармацыі ў тэматычнай рубрыцы «Сотка ўдачы». Прысядзібны ўчастак у іх вялікі, гаспадары вырошчваюць розныя культуры. Не пакідаюць раўнадушнымі чытачоў артыкулы пра лёсы людскія.
Жыццё Таццяны Іванаўны і Валерыя Іванавіча таксама багатае на падзеі. Яны разам ужо 46 гадоў. За ўсё дзякуюць Богу — за радасць, выпрабаванні. Надзелены гэтыя людзі жыццёвай мудрасцю, гэта адчуваецца з першай сустрэчы.
— Мы з мужам прыхаджане мясцовай царквы ў гонар Нараджэння Іаана Прадцечы, — гаворыць Таццяна Іванаўна. — Першы раз прыйшлі сюды на Мядовы спас, 14 жніўня, і сустрэліся з мітрапалітам Філарэтам, які прыехаў у Аляхновічы асвячаць царкву. Ці трэба казаць, як усхвалявала душу гэта падзея. Царква знаходзіцца на ўзвышшы. Мы з аднаго боку ідзём да храма, а святары — з супрацьлеглага. Так ішлі насустрач адзін аднаму.
Таццяна Іванаўна шаснаццаць гадоў пела на клірасе ў царкве, Валерый Іванавіч прыслужвае айцу Георгію на алтары.
— Жыццё вельмі кароткае, трэба берагчы адзін аднаго, цаніць кожны дзень і радавацца нават дробязям, — гаворыць Таццяна Іванаўна. — Усім хачу пажадаць здароўя, дабрабыту, стабільнасці. А мясцоваму выданню і надалей радаваць чытачоў добрымі навінамі і артыкуламі пра землякоў.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР.