Суправаджала жанчын намеснік дырэктара Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кацярына Старчанка. Яна расказала, што ўрачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Рэспублікі ў Мінску. Высокія дзяржаўныя ўзнагароды ўручыў мнагадзетным маці намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч. Ён зазначыў, што маці для кожнага з нас самы галоўны настаўнік у жыцці, чалавек, які заўсёды дапаможа і падтрымае. Мамы, прадстаўленыя да ордэна, робяць усё магчымае, каб іх дзеці былі шчаслівымі, атуляюць іх любоўю і клопатам. Чым больш у краіне такіх жанчын, тым больш моцнай будзе наша дзяржава. Мнагадзетныя мамы – гордасць беларускай нацыі, падкрэсліў Іван Маркевіч.
Гэтыя словы з поўным правам можна аднесці і да нашых зямлячак. Маладзечанка Кацярына Сідаровіч – клапатлівая матуля пяцярых дзяцей. Цяпер яна ў водпуску па доглядзе малодшага сына Елісея. Да выхаду ў дэкрэт працавала прыбіральшчыцай ва УП «Камунальнік». Старэйшая дачка Аляксандра працуе медыцынскай сястрой у паліклініцы №1, жыве з сям’ёй асобна. Вікторыя вучыцца ў СШ №14, Дар’я і Давід наведваюць дзіцячы сад. Разам з мужам Віктарам Тадэвушавічам Кацярына Анатольеўна выхоўвае ў дзяцей самастойнасць, адказныя адносіны да вучобы, прывівае ім любоў да працы.
У Вікторыі Ігнаценка з аграгарадка Гранічы таксама пяцёра дзяцей. Да выхаду ў дэкрэт яна працавала падлікоўцам у ААТ «Купала-Агра», муж Дзяніс Алегавіч – укладчык піламатэрыялаў у ДЛГУ «Краснасельскае». Старэйшая дачка Дзіяна вучыцца ў Мінскім гандлёвым каледжы. Мікіта і Данііл – навучэнцы Граніцкага вучэбнапедагагічнага комплексу дзіцячы сад – базавая школа. Малодшыя Уладзіслаў і Дамініка знаходзяцца на дамашнім выхаванні.
На ўрачыстасць Вікторыя Дзмітрыеўна ўзяла з сабой сыноў Мікіту і Данііла. Безумоўна, гэта падзея запомніцца ім надоўга. Тым больш што пасля цырымоніі ўзнагароджання дзяцей і дарослых запрасілі на захапляльнае навагодняе прадстаўленне «Падарожжа блакітнай стралы», у якім юныя гледачы ўдзельнічалі разам з артыстамі.
Віншуем нашых зямлячак з высокай дзяржаўнай узнагародай, жадаем, каб іх дзеці выраслі дастойнымі людзьмі і заўсёды іх радавалі.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Кацярына СТАРЧАНКА.