Пачаўся рабочы дзень парламентарыя з прыёму грамадзян у вёсцы Краснае. На прыёме прысутнічалі старшыня Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, прадстаўнікі сельвыканкама, профільных раённых службаў. Наведвальнікі ўзнімалі пытанні добраўпарадкавання дваровых тэрыторый на адной з вуліц Краснага, рамонту жылога дома і іншыя. Усе звароты ўзяты на кантроль.
З удзелам Алега Семенчука адбылася дабрачынная навагодняя пастаноўка ў Доме культуры пасёлка Чысць. На спектакль запрасілі дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзяцей з інваліднасцю. Дэпутат пажадаў хлопчыкам і дзяўчынкам выдатна вучыцца, любіць сваю краіну, расці патрыётамі Беларусі.
У вёску Чарты (населены пункт недалёка ад Чысці) Алег Аляксеевіч прывёз падарункі дзецям мнагадзетнага бацькі Віктара Носава, які адзін выхоўвае пяцігадовага Платона, сямігадовую Лізавету і васьмігадовага Елізара. Дзеці былі вельмі рады падарункам.
Парламентарый завітаў у сям’ю з Дзедам Марозам. Так візіт ператварыўся ў сапраўднае свята.
— У дэпутацкага корпуса стала добрай традыцыяй напярэдадні навагодніх свят наведваць навучальныя і сацыяльныя ўстановы, мнагадзетныя сем’і, — адзначыў Алег Семянчук. – Над адпаведнымі арганізацыямі і сем’ямі наладжана пастаяннае шэфства. У маёй выбарчай акрузе заўсёды на кантролі Івянецкі дом-інтэрнат і іншыя профільныя арганізацыі. Увогуле, пытанням выхавання падрастаючага пакалення ў Беларусі надаецца прыярытэтнае значэнне.
Парламентарый падкрэсліў, што ў 2021 годзе Беларусь працягвала дынамічнае развіццё. Нядрэнныя вынікі паказаў народнагаспадарчы комплекс. Умацоўвалася сацыяльная сфера. Гэтыя тэндэнцыі павінны захавацца і ў новым годзе.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.