Гутарка з Валянцінай Сцяпанаўнай атрымалася канструктыўнай. Мы заўсёды рады актыўным чытачам, і наш дыялог пачаўся адразу з… заўваг. Справа ў тым, што жыве жанчына ў Залінейным раёне, і, па яе словах, да многіх падпісчыкаў перыёдыка дастаўляецца не заўсёды ў вызначаны тэрмін, іншым разам з затрымкай да тыдня.
— Мы нават не ведаем, ці ёсць у нас пастаянны паштальён, штораз бачым розных работнікаў, — гаворыць яна. – Вельмі сумуем па Зоі Курэчка, якая на працягу доўгіх гадоў абслугоўвала наш раён.
Цікава, што Валянціна Сцяпанаўна менавіта па «Маладзечанскай газеце» вывучыла беларускую мову, якую лічыць прыгожай і мілагучнай. З нашым выданнем пасябравала
16 гадоў таму, калі пераехала з Ліды на радзіму мужа.
— Увогуле, родам я з Ленінградскай вобласці, — расказвае яна пра сябе. – У Беларусь выйшла замуж, і маёй другой радзімай стала Ліда. Там я была начальнікам аддзела на заводзе «Оптык». Некалі гэта прадпрыемства, як і маладзечанскі «Спадарожнік», працавала для абароннай галіны. У даволі сталым узросце вырашылі перабрацца ў родны горад мужа, якога, на жаль, ужо няма. Тады пра Маладзечна я практычна нічога не ведала – вывучала яго, а разам і беларускую мову па «МГ». Ведаць пра той край, дзе жывеш, святое.
У Валянціны Сцяпанаўны даўно ёсць пісьменнікі, творчасці якіх яна аддае перавагу. Асабліва вызначае Івана Шамякіна: прачытала ў арыгінале ўсе яго творы. Таксама любіць чытаць Івана Мележа і Васіля Быкава.
А ў нашай газеце найбольш ёй падабаюцца матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Маладзечаншчыны, на сямейную тэматыку, пра дынастыі і спорт. Дарэчы, у мінулым яна актыўна займалася спартыўнай гімнастыкай і цяпер захоўвае бадзёры дух, «трэніруе» яго скандынаўскай хадзьбой. Валянціна Сцяпанаўна і сёння застаецца прыкладам для дваіх сыноў, семярых унукаў, дваіх праўнукаў. Нягледзячы ні на якія жыццёвыя цяжкасці і перыпетыі лёсу, яна пераканана ў тым, што добрых людзей у свеце больш.
Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.