28.04.2017 16:20

«Лагерь смерти Тростенец. История и память»

Беларуска-нямецкая перасовачная выстаўка пад такой назвай будзе экспанавацца ў Маладзечне да сярэдзіны мая.

«Лагерь смерти Тростенец. История и память» "Маладзечанская газета"

Унікальная экспазіцыя, якая стала плёнам шматгадовай сумеснай работы Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау і Міжнароднага адукацыйнага цэнтра (Дортмунд), размешчана ў другім вучэбным корпусе політэхнічнага каледжа (вул. Машэрава, 19).

Як сказаў у час урачыстага адкрыцця дырэктар Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Віктар Балакіраў, гэта выстаўка прабівае інфармацыйную брэш, што шмат гадоў існавала ў адносінах да гэтага лагера смерці, які ў 1941-1944 гадах размяшчаўся непадалёк ад Мінска, ля вёскі Малы Трасцянец. Па сваіх маштабах, па колькасці ахвяр ён быў чацвёртым у Еўропе. Копіі фатаграфій, архіўных дакументаў, расповеды пра лёс асобных вязняў, іншая інфармацыя сведчаць аб маштабах злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Найбольш у Трасцянцы загінула яўрэяў, якіх сюды прывозілі не толькі з Беларусі, але і з Чэхіі, Аўстрыі, Германіі. Утрымліваліся таксама ваеннапалонныя, мірнае насельніцтва – рускія, беларусы. Усяго па даных надзвычайнай камісіі тут было знішчана 206500 чалавек. Сёння вядома толькі каля 40 тысяч імёнаў загінулых. А значыць, наперадзе вялікая пошукавая работа, бо за кожным іменем – лёс канкрэтнага чалавека, яго блізкіх, роду. Колькі нашых сучаснікаў да гэтага часу не ведаюць аб апошнім прыстанішчы, апошніх днях сваіх дзядоў і прадзедаў! Такія даныя не маюць тэрміну даўнасці і праз сто, дзвесце гадоў пасля вайны будуць бясцэннымі для нашчадкаў былых вязняў.
Дзеля гэтага і вядзецца сумесная работа беларускіх і нямецкіх гісторыкаў, арганізавана першая перасовачная выстаўка, якая экспанавалася ўжо ў Мінску, Гамбургу, Берліне, у хуткім часе яе ўбачаць жыхары Вены, а таксама абласных гарадоў Беларусі. Маладзечну выпаў асаблівы гонар прымаць яе. І гэта вельмі сімвалічна: у нашым горадзе таксама ў гады вайны дзейнічаў лагер смерці Шталаг-342.

У час адкрыцця выстаўкі чулліва прагучалі словы прабачэння ад імя  ўсяго нямецкага народа з вуснаў намесніка кіраўніка місіі пасольства Германіі ў нашай краіне Ані Лютэр. «Мяне ахопліваюць сум і сорам, я адчуваю ўдзячнасць за тое, што вы далі магчымасць быць на гэтай сустрэчы, весці з вамі размову», — сказала дыпламат. Асобна хочацца падкрэсліць, што выступала спадарыня Лютэр на беларускай мове, і ў гэтым таксама бачыцца павага да краіны, у якой яна працуе.

Сваю гісторыю расказала прысутным былая малалетняя вязніца канцлагера Дахау Валянціна Вежнавец. Чатырохгадовай дзяўчынкай разам з маці, братамі і сёстрамі трапіла яна ў лагер. «Памятаю толькі адно: як мама закрывала мне вочы, калі памерлых вязняў грузілі на каляскі і вывозілі», — гаворыць Валянціна Паўлаўна. Боль і страх, якія зведала яна ў дзяцінстве, не сціхаюць з гадамі.

Арганічна ўпісаліся ў канву ўрачыстасці, якую вяла Алена Галгоўская,  выступленні навучэнцаў кале-
джа. Маладыя людзі ўручылі кветкі былым вязням, дапамаглі ім падняцца ў актавую залу на другі паверх, дзе разгарнулася экспазіцыя. Для ўсіх прысутных правёў экскурсію рэферэнт Гістарычнай майстэрні Аляксандр Далгоўскі.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/sotsium/item/1208-lager-smerti-trostenets-istoriya-i-pamyat.html#sigProIdb2520a0278
Прочитано 2944 раз Последнее изменение 28.04.2017 16:20
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.