17.12.2021 15:14

Лідзія Лыкава. Моцная жанчына з вялікай душой

У чарговы раз прадстаўнікі розных пакаленняў сабраліся ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, каб у рамках праекта «Ганарымся нашымі землякамі» добрым словам прыгадаць цудоўнага чалавека, выдатнага арганізатара, камсамольскага і партыйнага работніка, кавалера ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны» Лідзію Лыкаву.

Гэты партрэт Лідзіі Лыкавай наш фотакарэспандэнт Аляксей Платко зрабіў дзесяць гадоў таму. Гэты партрэт Лідзіі Лыкавай наш фотакарэспандэнт Аляксей Платко зрабіў дзесяць гадоў таму.

12 снежня Лідзіі Піліпаўне споўнілася б 90 гадоў. На вялікі жаль, яе зямны шлях завяршыўся незадоўга да юбілею – 24 чэрвеня гэтага года. Кожны з успамінаў радні, былых калег, сяброў, прадстаўнікоў раённай арганізацыі ветэранаў, якая ініцыявала сустрэчу, быў напоўнены ўдзячнасцю і вялікай павагай да гэтай жанчыны, жыццёвае крэда якой – быць патрэбнай людзям.

У вайну даводзілася прасіць міласціну

Вядучая мерапрыемства навуковы супрацоўнік Ганна Кавалевіч спынілася на асноўных вехах біяграфіі Лідзіі Лыкавай. Родам яна з Віцебшчыны, з сялянскай сям’і Дзенісенкаў. Калі пачалася вайна, дзяўчынцы было дзевяць гадоў. На ўсё жыццё запомніла яна, як восенню 1943 года разам з бацькамі, сястрой і аднавяскоўцамі хаваліся ў лесе, каб фашысты не схапілі і не павезлі ў Германію. Ворагі падпалілі вёску, а затым з сабакамі знайшлі ў лесе мірных жыхароў, прыгналі іх у райцэнтр Дуброўна. Паліцаі ахоўвалі натоўп, але нехта іх падпаіў, людзі сталі разбягацца хто куды. Ні жылля, ні яды не было. Сям’ю Дзенісенкаў прытулілі ў суседняй вёсцы, Лідзе разам з сястрой Раяй даводзілася хадзіць па хатах і прасіць міласціну…

Разам з радасцю вызвалення ў сям’ю прыйшло і вялікае гора: бацьку разбіў параліч, і ў хуткім часе ён памёр. Маці з дочкамі пераехала ў Оршу. Лідзе давялося пасля сямігодкі пайсці працаваць. Аднак мара стаць настаўніцай не пакідала здольную да навукі дзяўчыну: яна хадзіла ў вячэрнюю школу рабочай моладзі, затым закончыла Аршанскі настаўніцкі інстытут. Першае месца работы — Снігянская школа на Смаргоншчыне.

Памятны знак Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў

Актыўную, ініцыятыўную маладую настаўніцу хутка заўважылі, абралі другім, затым першым сакратаром Смаргонскага райкама камсамола, пазней — сакратаром Маладзечанскага абласнога камітэта ЛКСМБ па рабоце са школьнікамі і з моладдзю. Яркая падзея таго перыяду – удзел у VI Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве, які праходзіў у 1957 годзе. Здымкі з гэтага форума, а таксама памятны знак разам з іншымі фатаграфіямі, узнагародамі, дакументамі былі прадстаўлены на экспазіцыі, якую аформілі супрацоўнікі музея.

Узнагароды Лідзіі Піліпаўны.

Пасля ліквідацыі Маладзечанскай вобласці Лідзія Піліпаўна некаторы час працавала ў сярэдніх школах №5 і №7, завочна закончыла філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. З 1964-га па 1981 год яна абіралася сакратаром Маладзечанскага гаркама Кампартыі Беларусі, затым узначальвала Мінскі абкам прафсаюза работнікаў адукацыі, вышэйшай школы і навукі.

З цікавасцю паглядзелі прысутныя аматарскі відэафільм Аляксея Фяцісава 1972 года аб удзеле ансамбля «Спадчына» ў конкурсе-аглядзе самадзейных калектываў у Маскве да 50-годдзя ўтварэння СССР, які прадставіла Паліна Грабоўская. «Бачыце: у белым касцюмчыку – Лідзія Піліпаўна!» — пазналі гледачы гераіню вечарыны. Так, яна суправаджала наш славуты калектыў у той паездцы. І наогул, наладжвала культурныя сувязі, масты дружбы з сацыялістычнымі рэспублікамі, замежнымі краінамі, аб чым таксама сведчаць матэрыялы музейнай экспазіцыі.

Удзельнікі вечарыны азнаёміліся з экспазіцыяй.

На вучняў голас не павышала

Букет жоўтых руж паставіла ля партрэта Лідзіі Піліпаўны намеснік старшыні раённай арганізацыі ветэранаў Тамара Лубінская, якая ведала Лідзію Лыкаву па камсамольскай рабоце, падтрымлівала кантакты пазней.

— У райкаме БРСМ ёсць фота: мы разам з Лідзіяй Піліпаўнай садзім дрэвы. І ў калгас на ўборку сена разам ездзілі. Мы вучыліся ў яе жыццёвай мудрасці, уменню ўнікаць у праблемы людзей, спакойна, без мітусні вырашаць пытанні, — дзялілася Тамара Іванаўна.

Чуллівым было выступленне былой вучаніцы Лыкавай Людмілы Шарыкінай, выпускніцы СШ №7:

— Лідзія Піліпаўна вучыла нас не толькі атрымліваць веды, але і ўмець аналізаваць прачытанае, выказваць сваё меркаванне. Не памятаю, каб яна калі-небудзь павышала на вучняў голас. А вось як гладзіла нас па галаве, як хваліла — памятаю. Ніколі не забуду яе роўны, спакойны голас, высакароднасць яе душы. Я шчаслівая, што сустрэла ў жыцці такога настаўніка і чалавека.

Сваімі ўспамінамі дзяліліся Валянціна Яблонская, у мінулым вучаніца Лідзіі Лыкавай, былыя калегі па камсамольскай, партыйнай рабоце Ганна Калве, Таіса Курсава, Людміла Трутнева, якая жыла з ёю па суседстве. Дабрыня, тактоўнасць, імкненне дапамагчы людзям – гэтыя якасці Лідзіі Піліпаўны адзначалі ўсе выступоўцы. Шчымлівымі мелодыямі напоўнілі атмасферу мерапрыемства ўдзельніцы квартэта скрыпачоў музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.

«Мама была залатым чалавекам»

Так гаворыць пра сваю маці Вольга Цібекіна, якая была на вечарыне. Вольга Юр’еўна расказвае, што яе бацькі пазнаёміліся ў Маладзечне на танцпляцоўцы, якая ў канцы 1950-х гадоў размяшчалася ў скверы ў цэнтры горада, дзе цяпер знаходзіцца касцёл. Бацька Юрый Іванавіч 40 гадоў адпрацаваў у лакаматыўным дэпо, прайшоў шлях ад слесара да інжынера. У Лідзіі і Юрыя нарадзіліся блізняты Вольга і Ігар. Вольга па спецыяльнасці тэхнік-тэхнолаг, Ігар – інжынер. На вялікі жаль, ён пайшоў з жыцця ў 47 гадоў. Усяго 61 год наканавана было пражыць мужу Лідзіі Піліпаўны. Неймаверна цяжка было перанесці смерць блізкіх людзей, знайсці сілы жыць далей. Дапамагалі любоў і падтрымка блізкіх, клопаты пра любімых унукаў Андрэя, Кацярыну, Аксану, праўнучак Аліну і Анечку.

Унучкі Кацярына Цібекіна і Аксана Лыкава прысутнічалі на адкрыцці экспазіцыі ў музеі. «Наша бабуля – маленькая жанчына з моцным характарам і вялікай душой», — з пяшчотай гавораць яны. Кацярына з усмешкай успамінае, як у дзяцінстве любіла прымяраць бабуліну вясельную сукенку з крэп-жаржэту… Прыгадваюць і ўспаміны Лідзіі Піліпаўны аб сустрэчах з Пятром Машэравым. У сямейным архіве захоўваюцца кнігі, якія падпісалі для іх бабулі Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў…

Дачка Лідзіі Піліпаўны Вольга Цібекіна, унучкі Кацярына Цібекіна, Аксана Лыкава.

Цэлы пласт гісторыі – у жыцці аднаго чалавека. Дзякуй работнікам музея за іх пазнавальныя праекты, за жаданне расказаць людзям аб нашых слынных земляках, сярод якіх і Лідзія Лыкава.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.

Прочитано 294 раз Последнее изменение 17.12.2021 15:14
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.