Родам наш чытач з Магілёўшчыны, з Касцюковіцкага раёна. 18-гадовым юнаком у 1958 годзе прыехаў у Маладзечна, уладкаваўся на мясакамбінат, 42 гады адпрацаваў абвальшчыкам. Нялёгкая праца патрабуе вялікіх фізічных затрат. Даводзілася падтрымліваць сябе ў добрай форме, берагчы здароўе, што ўвайшло ў добрую звычку. І цяпер, у 81 год, Уладзімір Іванавіч адчувае сябе бадзёра. Круціць штодня педалі велатрэнажора, сам ездзіць за рулём аўтамабіля, любіць працаваць на дачы, куды перасяляецца на летні перыяд. Але і там з «МГ» не расстаецца.
— Раённую газету пастаянна выпісваю з 1970-х гадоў, калі яна яшчэ называлася «Святло камунізму». Дарэчы, я добра ведаў тагачаснага фотакарэспандэнта Міхаіла Асаевіча, бо мой сын і яго дачка вучыліся ў адным класе СШ №8, — гаворыць Уладзімір Іванавіч. – Заўсёды афармляю падпіску на паўгода. Каб можна было, то адразу на год выпісваў бы, каб потым не клапаціцца. Чытаю ад першай старонкі да апошняй. Мне ўсё, што адбываецца ў нашым раёне, цікава. Інтэрнэтам я не карыстаюся, таму «Маладзечанская газета» для мяне крыніца мясцовай інфармацыі.
Уладзімір Іванавіч успамінае, што аднойчы давялося выкарыстоўваць нашу рэкламу: калі зламаўся тэлевізар, праз газету знайшоў добрага майстра. Цікавяць нашага чытача матэрыялы на спартыўную тэматыку, расказвае, што ў маладосці сам захапляўся валейболам.
Галоўны рэдактар «Маладзечанскай газеты» Віталій Крупянькоў падзякаваў Уладзіміру Іванавічу за вернасць мясцоваму выданню, уручыў фірменны кубак, а таксама каляндар на наступны год, які ў першым нумары 2022 года атрымаюць усе нашы падпісчыкі.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.