24.11.2021 13:55

Ляці, пісьмо, з Маладзечна ў Крупкі!

Пазнаёміцца з цікавымі сацыяльнымі і прыроднымі аб’ектамі сваёй мясцовасці, расказаць пра іх равеснікам з іншых раёнаў – у гэтым сутнасць новага сацыяльна-педагагічнага праекта «Пісьмо сябру», які ў верасні стартаваў ва ўстановах дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці.

Выхаванцы старэйшай групы — удзельнікі акцыі «Пісьмо сябру». Выхаванцы старэйшай групы — удзельнікі акцыі «Пісьмо сябру».

Яго мэта – прывіць дашкольнікам любоў да малой радзімы, пазнаёміць іх з гісторыяй і культурай свайго краю, а таксама паспрыяць развіццю камунікатыўных сувязей паміж калектывамі ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Як новы праект рэалізуецца на практыцы, журналісты «МГ» даведаліся ў педагогаў і выхаванцаў Маладзечанскага спецыяльнага дзіцячага сада №2, які наведваюць каля 80 дзетак з парушэннямі маўлення.

— Наш першы крок у рэалізацыі праекта – экскурсія ў бібліятэку сямейнага чытання «Верасок». Там пабывалі дзеці старэйшай групы №4 з выхавальніцай Святланай Рудзько і педагогам-псіхолагам Вольгай Курлянчык, — расказвае намеснік загадчыка сада па асноўнай дзейнасці Іна Кашко. – Для большасці хлопчыкаў і дзяўчынак гэта было першае знаёмства з бібліятэкай. Яе супрацоўнікі расказалі пра работу сваёй установы, пазнаёмілі з выстаўкай, зацікавілі кнігамі. Акрамя таго, дзецям паказалі макет філіяла-музея «Фальварак Ракуцёўшчына», расказалі пра вядомага беларускага паэта Максіма Багдановіча, які там адпачываў. Нашым выхаванцам у бібліятэцы вельмі спадабалася, многія гаварылі, што будуць прыходзіць сюды з бацькамі.

Наступны этап акцыі – сумеснае напісанне пісьма пра родны горад і экскурсію ў «Верасок». Акрамя таго, свае ўражанні дзеці перадалі ў малюнках, паклалі ў канверт і кніжку-малышку, зробленую сваімі рукамі. Усёй групай вырашалі, у які горад даслаць ліст. Дарослыя пералічылі раённыя цэнтры вобласці, і дзецям спадабалася назва Крупкі. А нумар дзіцячага сада выбралі аналагічны свайму. Пісьмо туды ўжо адпраўлена, а значыць, дашкольнікі з Крупак даведаюцца, што на Міншчыне ёсць цудоўны горад Маладзечна, а ў ім – бібліятэка «Верасок»…

У рамках акцыі «Пісьмо сябру» выхаванцы дзіцячага сада №2 пабываюць у спартыўна-забаўляльным цэнтры, убачаць лядовую арэну, іншыя спартыўныя аб’екты, даведаюцца, з якога ўзросту дзеці могуць займацца ў секцыях. Уражанняў зноў будзе шмат, а значыць, чарговы змястоўны ліст адправіцца ў іншы горад вобласці.

А пакуль калектыў сада чакае падвядзення вынікаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон», у якім прыняў удзел выхаванец групы №4 Антон Аладзьеў. З дапамогай яго бацькоў быў створаны відэаролік «Цяпло ў кожны дом», а таксама малюнак-плакат. Вопытныя педагогі дзіцячага сада стараюцца развіваць здольнасці сваіх выхаванцаў, пашыраць іх кругагляд. Няма сумненняў: тое, што закладваецца ў маленстве, створыць трывалы фундамент на будучыню.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў СПЕЦЫЯЛЬНАГА ДЗІЦЯЧАГА САДА №2.

Прочитано 185 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.