19.11.2021 14:58

Алена ХАЛМАТАВА: «Калі цябе падтрымліваюць людзі — гэта дарагога вартае»

Каб ААТ «Палачаны» было ў ліку перадавікоў, яго кіраўнік Алена Халматава на рабоце ўжо ў шэсць гадзін раніцы. Менавіта гэта гаспадарка сёлета па выніках раённых спаборніцтваў заняла першае месца ў намінацыі «Вытворчасць і рэалізацыя прадукцыі жывёлагадоўлі».

Дырэктар ААТ «Палачаны» Алена Халматава і яе дачка Ганна, эканаміст гаспадаркі. Дырэктар ААТ «Палачаны» Алена Халматава і яе дачка Ганна, эканаміст гаспадаркі.

Адказнасць за людзей і за вытворчасць

Алена Аляксандраўна кіруе сельгаспрадпрыемствам другі год, хаця чалавек яна тут не новы і спачатку больш за 20 гадоў адпрацавала заатэхнікам, у тым ліку галоўным. У свой час прыехала ў Палачаны, на радзіму мужа, з Віцебшчыны.

— І сёння мяне палачанцы не перастаюць здзіўляць еднасцю, — заўважае Алена Халматава. – Гэта людзі, якія хварэюць за сваю зямлю, гаспадарку. Вельмі хвалявалася, калі мяне прызначылі дырэктарам, нават баялася, што не спраўлюся. Быць кіраўніком, тым больш жанчыне, у сферы сельскай гаспадаркі справа няпростая. Ты адказваеш і за лёс людзей, і за вытворчасць. З-за работы не так шмат часу застаецца для сям’і. Няўдачы калектыву — гэта і мае няўдачы. Але людзі мне адразу сказалі: «Аляксандраўна, мы табе дапаможам!». І я ім паверыла. Калі цябе падтрымліваюць і рабочыя, і вопытныя спецыялісты — гэта дарагога вартае.

Перамога ў раённых спаборніцтвах не стала для кіраўніка ААТ «Палачаны» нечаканасцю, як і для калектыву. І гаспадарка, і работнікі неаднойчы былі ў ліку лепшых. Таму што тут склалася дружная каманда, якая ўмее дасягаць найвышэйшых вынікаў. На прадпрыемстве няма частай змены кадраў, тут пераважна працуюць жыхары Палачан і суседніх вёсак, але ёсць і гараджане. Адметна, што затрымліваюцца маладыя спецыялісты. У гаспадарцы нямала сямейных дынастый, сярод іх Цярэшкі, Рыльцовы, Бажко. Год таму прыйшла сюды на работу эканамістам і малодшая дачка Алены Аляксандраўны Ганна.

— Мая мама строгі кіраўнік, — далучаецца яна да размовы. – Але як інакш?! На рабоце захоўваю субардынацыю і звяртаюся да яе выключна Алена Аляксандраўна.

З работнікамі дырэктар на сувязі літаральна круглыя суткі. Кожны свой дзень яна пачынае з аб’езду ўсіх аб’ектаў гаспадаркі, якія акрамя Палачан размешчаны ў Груздаве, Аборку, Цюрлях.

І зарплата добрая, і з жыллём дапамогуць

Мы пазнаёміліся з лабарантам малочнатаварнага комплексу ў Груздаве Нінай Юркевіч.

Лабарант Ніна Юркевіч вельмі любіць сваю работу.

У гаспадарцы яна працуе 12 гадоў, спачатку была памочнікам начальніка. На «ўніверсальнага» лабаранта вывучылася ў Валожыне і ганарыцца тым, што можа працаваць у розных галінах сельскай гаспадаркі. У «Палачанах» яна вызначае тлустасць, шчыльнасць, кіслотнасць малака, утрыманне ў ім бялку, саматычных клетак.

— У гаспадарцы ёсць для гэтага неабходнае абсталяванне, — гаворыць Ніна. – У час маёй вучобы такога не было, сучаснае выйграе і па габарытах, і па магчымасцях. У рабоце мне падабаецца ўсё! У сельскай гаспадарцы ўвогуле цікава працаваць, гэта адна з самых перспектыўных галін. І зарплата тут добрая, і жыллёвае пытанне дапамагаюць вырашыць.

Я родам са Стаўбцоўшчыны, муж – з Мядзельшчыны, а жыць і працаваць прыехалі на Маладзечаншчыну, таму што задаволілі ўмовы і выдзелілі дом у Цюрлях.

Дарэчы, у гэтай сям’і чацвёра дзяцей, старэйшая дачка працуе ў перапрацоўчай прамысловасці – яна тэхнік-тэхнолаг на камбінаце хлебапрадуктаў у нашым горадзе.

Новы віток і «фішка» з падковай

Літаральна пра кожнага работніка ААТ «Палачаны» можна пісаць асобны матэрыял.

А ў сакавіку гэтага года тут пачаўся новы віток яго гісторыі: гаспадарку выкупіла ТАА «Велес-Міт».

— Раней прадпрыемства мясной вытворчасці выкупіла ААТ «Гарадзілава», — гаворыць дырэктар «Палачан». — Цяпер мы працуем у цеснай звязцы і ва ўсім дапамагаем адзін аднаму.

Тым не менш, ААТ «Палачаны» застаецца адзіным у раёне прадпрыемствам, дзе ўтрымліваюць племянных коней гановерскай пароды, што ўжо стала своеасаблівай «фішкай» Маладзечаншчыны. Таксама на племканяферме арганізаваны заняткі па верхавой яздзе для дзяцей і па ёзе для хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі развіцця. Той, хто хоць аднойчы там бываў, аднагалосна зазначае: «Тут працуюць сапраўдныя фанаты!».

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 333 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.