16.11.2021 11:40

Капіталіна Зайкоўская: «Як да мяне звяртацца — кожны вырашае сам! Ёсць тысяча і адзін варыянт»

Сёння гераіня нашай рубрыкі пра людзей з рэдкімі і незвычайнымі імёнамі — маладзечанка Капіталіна Зайкоўская. Капітоля, Кэпі, Кэп, Капунья, Капуста…

Капіталіне падабаецца ствараць арыгінальныя вобразы. Капіталіне падабаецца ствараць арыгінальныя вобразы.

Гэта ўсё яна. Беларуская «лялька»

— Як да мяне звяртацца — кожны вырашае сам, — заўважае ўсмешлівая дзяўчына. – Мне нават цікава, хто што прыдумае. Здаецца, у майго імені тысяча і адзін варыянт — ні на адзін не крыўдую, нават калі гавораць, што я «баба Капа» з мульціка пра Лунціка. Гэта ж станоўчы персанаж!

Найчасцей удзельніцу нашай рубрыкі называюць Капай, Капачкай, Лінай і Ляляй. Незвычайнае імя дачцэ даў тата.

— Нягледзячы на тое, што ён працуе ў сферы будаўніцтва, даўно захапляецца гісторыяй, — расказвае Капіталіна. – Маё імя мае лацінскія карані, пайшло ад назвы ўзгорка ў Рыме Капітолія. Тата вычытаў, што яно прыносіць удачу. У сям’і ніхто не быў супраць такога імені. Хаця сябры і знаёмыя бацькоў часам не разумелі, навошта яны назвалі мяне «нязручным для звычайнага жыцця» іменем.

Тата ж сваю адзіную дачушку нярэдка называе Ляляй.

— Мой тата расіянін, але яму вельмі падабаецца гучанне беларускай мовы. Яна падаецца яму не толькі мілагучнай, але і дзіўнай. Варыянт «Ляля» ён утварыў ад беларускага слова «лялька», — гаворыць Капіталіна.

«Пераназавіце» мяне Таняй

Дзяўчына не ўтойвае таго, што спачатку ёй абсалютна не падабалася яе імя.

— У дзяцінстве плакала горкімі слязьмі, — цяпер ужо з усмешкай успамінае Капа. – Вельмі прасіла маму, каб мяне «пераназвалі» Таняй.

Капіталіна даўно прывыкла, што ў яе імені робяць шмат памылак, часам нават узнікаюць праблемы з дакументамі. Ёй даводзіцца літаральна па літарах і некалькі разоў паўтараць яго людзям і адказваць на дадатковыя пытанні, ці сапраўднае яно і як коратка можна звяртацца да яе.

— І гэта не дзіўна! – далучаецца да размовы сябар дзяўчыны Валянцін. – Раней ніколі не чуў такое імя. Доўгі час называў яе Капіталінай, пакуль асмеліўся спытацца, ці ёсць яго кароткая форма.

— Рэдкае імя заўсёды падкрэслівае індывідуальнасць і вылучае чалавека сярод іншых, — заўважае Капіталіна.
Ва ўдзельніцы нашай рубрыкі даволі рэдкая прафесія — барыста. Наведвальнікі літаральна штодзень пытаюцца, ці сапраўднае яе імя, калі бачаць надпіс на бэйджы. Прызнаюся, і я таксама звярнула ўвагу на бэйдж. Вось сапраўды, ніколі не ведаеш, дзе сустрэнеш чарговага героя матэрыялу!

Капіталіна ніколі не сустракалася з цёзкамі. Калі верыць інтэрнэту, гэта імя ўнесена ў спіс не толькі самых рэдкіх у свеце, але і самых прыгожых. Сярод яго ўладальніц ёсць і знакамітасці, у ліку якіх актрыса Ільенка, урач-мікрабіёлаг Шчадравіцкая, канькабежка Сярогіна. Немагчыма не назваць і адукаваную рымлянку Цэрэлію, якая сябравала з самім Цыцэронам.

Рэфлекс любові

Наша Капіталіна яшчэ разважае, як будзе развівацца ў прафесіі. Ёй падабаецца не толькі кававарэнне, але і здымаць фота, рабіць відэасюжэты. У перспектыве дзяўчына марыць пакарыць Маскву і паступіць там у ВНУ. Пакуль яна выпрацоўвае далейшы план.

Справа ў тым, што Капа захапляецца верхавой яздой і ў Палачанах трымае каня Рэфлекса, якога ласкава называе Феняй.

— Не магу з ім расстацца і хачу забраць з сабой у Маскву, — гаворыць Капіталіна. – На гэтым кані пачынала займацца верхавой яздой, потым з-за хваробы сухажылляў і суставаў яго выставілі на продаж. Мы з татам вырашылі купіць Феню, нават нягледзячы на папярэджанні ветэрынара аб тым, што каня давядзецца заўсёды падлечваць. Але Рэфлекс – гэта мая душа. Для спорту, спадзяюся, набуду іншага каня.

У Капіталіны ўвогуле вялікае сэрца, у чым найперш заслуга яе бацькоў – менавіта яны навучылі дачку любіць братоў нашых меншых. Цяпер у сям’і жывуць дэкаратыўны трус Зайка і дварняк Дульсінея, альбо проста Дуся, якую два гады таму ўзялі з вуліцы, ці дакладней, з пад’езда, адгукнуўшыся ў інтэрнэце на заклік групы дапамогі бадзяжным жывёлам.

Шаноўныя чытачы! Калі ў вас, вашых блізкіх, знаёмых, сяброў рэдкае імя, ёсць цікавая гісторыя, звязаная з ім, раскажыце нам пра гэта.

Тэл. 77-19-61. 

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 290 раз Последнее изменение 16.11.2021 11:40
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.