27.10.2021 9:15

Барыс Вайцяхоўскі. Сэлфі з настаўнікам, які не перастае здзіўляць!

«Ганарымся нашымі землякамі» — сумесны праект Мінскага абласнога краязнаўчага музея і «Маладзечанскай газеты»

Нямногія раскажуць пра тое, што ў час вучобы ў школе на ўроку рускай літаратуры чулі вершы Гётэ на нямецкай мове, якія дэкламуе сам дырэктар навучальнай установы. Менавіта такі ўспамін пра Барыса Вайцяхоўскага застаўся на ўсё жыццё ў старшага навуковага супрацоўніка краязнаўчага музея Іны Самовіч.

Сэлфі на памяць у музеі. Барыс Вайцяхоўскі, Ганна Кавалевіч  і Іна Самовіч. Сэлфі на памяць у музеі. Барыс Вайцяхоўскі, Ганна Кавалевіч і Іна Самовіч.

Руская літаратура… па-нямецку

На працягу кастрычніка ў музейных вітрынах будуць прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя Барысу Уладзіміравічу, які 26 гадоў кіраваў мясцовай сярэдняй школай, пазней гімназіяй №10. І сёння ён выкладае там нямецкую мову, па-ранейшаму застаецца неабыякавым да жыцця, з гнуткім розумам, далікатным гумарам. Барыс Вайцяхоўскі неаднойчы станавіўся героем нашых журналісцкіх публікацый. З музеем таксама даўно сябруе і ў чарговы раз знайшоў час, каб зазірнуць туды, дапоўніць выстаўку матэрыяламі з асабістага архіва і… зрабіць сэлфі з супрацоўнікамі.

На выставе пабывалі ўжо многія маладзечанцы. Музейшчыкі гавораць, што нярэдка чуюць: «Я таксама вучыўся ў Барыса Уладзіміравіча!», альбо «Гэта настаўнік маіх бацькоў!», ці «У Вайцяхоўскага займаліся некалькі пакаленняў нашай сям’і!». Іна Самовіч таксама вучылася ў СШ №10, яна не была яго вучаніцай, але назаўсёды запомніла ўрок рускай літаратуры, на якім настаўніка замяніў менавіта Барыс Уладзіміравіч.

— Ён часта браў на сябе шмат работы, — расказвае субяседніца. – Наша настаўніца захварэла, і пытанне яе замены трэба было вырашыць тэрмінова. Урок вёў сам Барыс Уладзіміравіч. Ён чытаў на памяць па-нямецку вершы Гётэ, Гейнэ, іншых аўтараў. Мы, вучні, былі ў абсалютным захапленні! Таксама мне як сакратару школьнай камсамольскай арганізацыі даводзілася супрацоўнічаць з Барысам Уладзіміравічам па многіх пытаннях. Па яго ініцыятыве альбо проста дзякуючы трапнай падказцы ў школе ладзіліся вельмі цікавыя мерапрыемствы, вечарыны, урачыстасці.

Мост сяброўства: Маладзечна — Эслінген

З кіраўніцтвам Барыса Вайцяхоўскага ў навучальнай установе звязана цэлая эпоха.

З 1991 года школа была ператворана ў гімназію. Яна да гэтага часу мае статус адной з лепшых на Маладзечаншчыне. Добра ведаюць яе і за межамі раёна.
У другой палове 1980-х Барыс Уладзіміравіч паспрыяў наладжванню супрацоўніцтва паміж СШ №10 і гімназіяй Шэльцтор горада Эслінген-на-Некары (Германія), які ўжо даўно з’яўляецца пабрацімам Маладзечна. Гэты перыяд, як і многія іншыя старонкі жыццёвай і працоўнай біяграфіі Барыса Вайцяхоўскага, прадстаўлены ў дакументах, фотаздымках, кнігах і, безумоўна, ва ўзнагародах, якіх у яго нямала. Дарэчы, некаторыя з іх педагог перадаў музею.

— Пачатак плённага супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі Маладзечна і Эслінгена прыпаў на 1988-1989 гады, — заўважае навуковы супрацоўнік Канстанцін Скур’ят, разам з якім знаёмімся з выстаўкай. – Тады распачаўся і першы германа-савецкі праект з размяшчэннем вучняў у нямецкіх і маладзечанскіх сем’ях. Супрацоўніцтва падрабязна асвятлялася ў нямецкай прэсе. Замежныя сябры карпатліва сабралі ўсе матэрыялы ў памятны зборнік і падарылі яго беларускім партнёрам. Ён таксама прадстаўлены на выстаўцы.

Сярод шматлікіх узнагарод Барыса Уладзіміравіча работнікі музея звярнулі ўвагу на Грамату Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, якой рэдкаўзнагароджваліся педагогі. Ёсць у яго скарбонцы і ордэн Дружбы народаў, якім быў адзначаны ў 1981 годзе. Ён не прадстаўлены на выстаўцы, але ў час экскурсіі музейшчыкі расказваюць пра гэту ўзнагароду. Таксама яны вызначаюць матэрыялы, прысвечаныя VII з’езду настаўнікаў БССР 1987 года ў Мінску і канферэнцыі настаўнікаў у Маскве 1988-га. Гэта, на іх погляд, адметныя падзеі ў гісторыі адукацыі. Барыс Уладзіміравіч быў у ліку ўдзельнікаў і дакладчыкаў гэтых мерапрыемстваў.

На ўрок да разведчыкаў

— Асабіста мяне вельмі ўражвае яго педагагічны стаж – аж 60 гадоў! — далучаецца да размовы малодшы навуковы супрацоўнік Ганна Кавалевіч. – За апошнія 12 гадоў усе вучні, якіх ён рыхтаваў да рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове, сталі пераможцамі. Калі ж звярнуцца да яго біяграфіі, то паглядзіце на цікавы армейскі фотаздымак з парашутам. Барыс Уладзіміравіч служыў у Мар’інай Горцы, дзе яму давялося навучаць нямецкай мове разведчыкаў.

Барыс Уладзіміравіч у часы армейскай службы.

Дапоўнілі выстаўку кнігі і падручнікі па нямецкай мове розных часоў. Ёсць некалькі падручнікаў савецкага перыяду, якія да гэтага часу разам з сучаснымі выкарыстоўвае ў навучальным працэсе Барыс Уладзіміравіч. Унікальным можна назваць падручнік па нямецкай граматыцы, надрукаваны на беларускай мове ў 1935 годзе.

Таксама ў вітрынах размешчаны фотакнігі, альбомы, вымпелы, якія дэлегаты Эслінгена ў розныя часы перадавалі ў знак дружбы раённаму выканаўчаму камітэту. Цяпер яны захоўваюцца ў фондах музея. Дарэчы, нямецкія сябры таксама неаднойчы бывалі тут на экскурсіях.

Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР, архіў Барыса ВАЙЦЯХОЎСКАГА і МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.

Прочитано 235 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.