15.10.2021 13:57

Цвіце ў Хоўхлаве лаванда

На стале ў адным з пакояў утульнага дома Галіны і Аляксандра Нелюбаў стаіць букецік сухой лаванды. Другі раз за сезон зацвіла на іх падвор’і гэта даволі рэдкая ў нашых мясцінах расліна. Яе з расады вырасціла, клапатліва даглядала дачка Нелюбаў Алена. І цяпер фіялетавыя кветачкі радуюць вока, быццам пасылаюць ад дачкі прывітанне…

Аляксандр і Галіна Нелюбы адны з пераможцаў конкурсу «Ветэранскае падвор’е». Аляксандр і Галіна Нелюбы адны з пераможцаў конкурсу «Ветэранскае падвор’е».

— Дзякуючы Алёне ў нас нібы свой маленькі Праванс, — усміхаюцца муж і жонка. – А яшчэ ў нас пад сасной растуць свае маслякі, махавікі. З лесу грыбы прыносім, чысцім, а рэшткі пад сасну выкідваем, вось споры і прыжыліся…

У верасні споўнілася роўна

20 гадоў, як сям’я Нелюбаў засялілася ў калгасны катэдж на вуліцы Маладзёжнай у Хоўхлаве. Сёлета яны прадстаўлялі мясцовую ветэранскую арганізацыю ў раённым этапе конкурсу «Ветэранскае падвор’е» і перамаглі ў намінацыі «Сабе на карысць». Падводзячы вынікі, журы брала да ўвагі не толькі добраўпарадкаванне сядзібы, але і кветнікі, агарод, наяўнасць свойскай жывёлы, нарыхтоўкі на зіму. Усё гэта ў Нелюбаў ёсць. Яны вельмі працавітыя, дбайныя гаспадары. Да таго ж да вядзення падсобнай гаспадаркі падыходзяць прафесійна, бо абодва маюць вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю і вялікі вопыт работы на адказных пасадах.

20 гадоў таму Нелюбы засяліліся ў гэты катэдж.

«Мы тутэйшыя»

Так гавораць пра сябе гаспадары. Аляксандр – з самога Хоўхлава, Галіна – з Пекароў, якія за пяць кіламетраў адсюль. Вучыліся ў мясцовай школе, праўда, Аляксандр закончыў яе на чатыры гады раней. Абодва ў свой час выбралі прафесіі, звязаныя з сельскай гаспадаркай. Аляксандр Веньямінавіч – інжынер-механік, шмат гадоў адпрацаваў у сваёй гаспадарцы галоўным інжынерам, абіраўся на пасаду старшыні Хоўхлаўскага сельскага Савета дэпутатаў. Галіна Васільеўна – зоаінжынер, пачынала спецыялістам па корманарыхтоўках, была галоўным заатэхнікам. Роўна дзесяць гадоў, з 2006-га па 2016-ы, працавала старшынёй ААТ «Хоўхлава» і на той час была адзінай жанчынай сярод сваіх калег. Калі ўзначаліла гаспадарку, жывёлагадоўля была на добрым узроўні, а вось аграномія — запушчанай.

— Сярэдняя ўраджайнасць была ўсяго 18 цэнтнераў з гектара, мне ўдалося давесці яе да 53 цэнтнераў. Валавы збор з 1800 тон вырас да 4200, — дакладна памятае лічбы мая субяседніца.

З удзячнасцю гаворыць аб кіраўніках раённага ўзроўню таго перыяду, якія былі людзьмі справы, глыбока ўнікалі ў праблемы, дапамагалі іх вырашаць. Гэта былы старшыня райвыканкама Сямён Касабуцкі, былы начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Анатолій Лясун. Адметна, што ў той адказны перыяд муж падставіў ёй сваё плячо, прыйшоў працаваць намеснікам. У іх быў добры тандэм: за работу механізатараў, стан сельгастэхнікі, якую Аляксандр Веньямінавіч ведае як свае пяць пальцаў, можна было не перажываць.

— Мой муж вельмі надзейны чалавек, якому можна давяраць ва ўсіх справах, — гаворыць Галіна Васільеўна.

«Гаспадарка вялікая, інакш не можам»

І ў сямейным жыцці яны ўсе асноўныя справы вырашаюць разам. З удзячнасцю ўспамінаюць былога старшыню сваёй гаспадаркі Андрэя Дурэйку, які выдзеліў ім дом. Як толькі з’явілася магчымасць, прыватызавалі яго, зрабілі рамонт: уставілі новыя вокны, перакрылі дах, на свой манер перарабілі гаспадарчыя пабудовы. На вялікім – у 25 сотак – участку пасадзілі 11 яблынь, 10 груш.

Заўсёды трымалі вялікую гаспадарку: дзвюх кароў, свіней, птушку. Сёлета ад каровы пазбавіліся, аднак два кабанчыкі, сем індыкоў, 25 курэй-бройлераў і больш за 30 нясушак патрабуюць пастаяннага догляду і вялікай працы.

— Мы інакш не можам: як жыць у сельскай мясцовасці і нічога не трымаць? Прывыклі, што трэба мець усё сваё, вось і працуем з раніцы да вечара, — гавораць муж і жонка, якія цяпер на пенсіі.

Індыкі і куры – гордасць гаспадыні.

Інтуіцыя не падводзіць

Галіна Васільеўна – заўзятая агародніца. Сёлета пасадзіла 100 каліў памідораў 15 сартоў. Пра гэту культуру яна можа расказваць бясконца, а свае назіранні, заўвагі запісвае, каб выкарыстаць на наступны год. Падабаецца ёй сорт «інтуіцыя», вырошчвае яго шмат гадоў. Ён вельмі добра і доўга плоданосіць: з аднаго куста можна сабраць вядро памідораў. Таксама добра сябе паказалі «чырвоны факел», «сібірскі хуткаспелы», для салатаў, соку выдатна падыходзяць «малінавы гігант», «ружовы гігант». Мая субяседніца расказвае, што памідоры нарыхтоўвае ў сваім саку, ніколі не выкарыстоўвае таматную пасту.

Агуркоў сёлета таксама вырасла шмат, хаця ў адкрытым грунце іх пабіў град. Аднак адрадзіліся, кожнае каліва гаспадары падвязалі, было вельмі зручна збіраць ураджай. А першыя агуркі сорту «зазуля» са свайго парніка Нелюбы каштавалі 28 мая, памідоры – 20 чэрвеня. Агуркі гаспадыня соліць, праз пяць дзён у марынад дадае гарчыцу, кіпяціць яго і закручвае слоікі. Нарыхтаваныя такім спосабам агуркі не перакісаюць, застаюцца хрусткімі. І ўсё ж большасць агародніны гаспадыня замарожвае — так найлепш захоўваюцца яе карысныя рэчывы.

Для таго каб паліваць свой агарод і кветнік, гаспадары прабілі свідравіну. А ў доме – усе гарадскія выгоды: падведзена вада, газавае ацяпленне.

Галіна Васільеўна любіць гатаваць, штодня ў яе свежыя стравы. Дзякуючы інтэрнэту спрабуе новыя рэцэпты: то тушонку з груцай і скумбрыяй, залітую таматным сокам прыгатуе, то аладкі са скрылькамі яблыкаў… А гарбату настойвае на вырашчаных мяце, мелісе – атрымліваецца вельмі духмяная і карысная.

Дзяцей цягне дадому

Муж і жонка расказваюць, што дзеці хаця і жывуць у горадзе, часта прыязджаюць, дапамагаюць. Яны прывязаны да бацькоўскай сядзібы. Максім працуе ў Маладзечне галоўным інжынерам на прыватнай вытворчасці. Некалькі гадоў таму пабудаваў драўляную лазню, у якой цяпер з задавальненнем парыцца ўся сям’я. Алена — бухгалтар у сістэме Міністэрства аховы здароўя. Яна вельмі любіць кветкі, аздабляе імі падвор’е. З ранняй вясны да позняй восені тут радуюць вока крокусы, гіяцынты, цюльпаны, рададэндраны, півоні, ружы, гладыёлусы, іншыя кветкі. Нават цяпер, у разгар восені, палымнеюць зорачкі вяргінь, жаўцеюць аксаміткі, цыніі, калышацца на ветры далікатная лаванда…

Прыемна было даведацца, што Нелюбы шмат гадоў выпісваюць нашу газету, дзякуючы якой ведаюць пра ўсе навіны раёна. Галіна Васільеўна і Аляксандр Веньямінавіч гавораць, што заўсёды рады бачыць на старонках фота сваіх знаёмых, калег, і дасылаюць шчырае прывітанне ўсім, хто іх ведае, з кім давялося разам працаваць.

Аляксандр Веньямінавіч з любой тэхнікай на «ты»

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 254 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.