06.08.2021 12:17

Чым жыве Радашковіцкі сельсавет?

Пра гэта мы папрасілі расказаць старшыню сельвыканкама Уладзіміра Васількова.

Уладзімір Васількоў узначальвае Радашковіцкі сельвыканкам два гады. Да гэтага ён працаваў намеснікам начальніка Маладзечанскага РАУС. Уладзімір Васількоў узначальвае Радашковіцкі сельвыканкам два гады. Да гэтага ён працаваў намеснікам начальніка Маладзечанскага РАУС.

На кантролі гандаль і дарогі

— Радашковічы адзін з найпрыгажэйшых куточкаў Маладзечаншчыны, — гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч. – На тэрыторыі сельсавета жыве каля дзвюх тысяч чалавек. Большасць з іх пенсіянеры. Такая катэгорыя насельніцтва патрабуе павышаных клопату і ўвагі. Гэта тычыцца ўсіх сфер жыцця — гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання, утрымання дарог, бяспекі, добраўпарадкавання населеных пунктаў, арганізацыі вольнага часу і гэтак далей.

Старшыня сельвыканкама адзначыў, што набыць неабходныя прадукты і тавары непасрэдна ў сваёй вёсцы могуць практычна ўсе жыхары. Стацыянарныя аб’екты гандлю працуюць у Гранічах, Путніках, Вязынцы, Сычавічах, Пралесках. Дзе магазінаў няма — ажыццяўляецца выязны гандаль. Нядаўна па просьбе мясцовых жыхароў аўтакрама пачала заязджаць у вёску Дзюблеўшчыну. Людзі гэтаму вельмі рады. Тым больш што асартымент тавараў у ёй даволі шырокі.

— Зімой у сельвыканкам паступаюць звароты з нагоды ачысткі дарог ад снегу, — працягвае Уладзімір Васількоў. – Сітуацыя з транспартнай даступнасцю вёсак заўсёды на кантролі. У некаторых выпадках даводзіцца нагадваць дарожным службам пра іх абавязкі, накіроўваць адпаведныя заяўкі. Таксама немалаважна праверыць якасць ачысткі транспартных магістралей.

Субяседнік дадаў, што жыхары вёскі Поравічы прасілі пракласці да іх населенага пункта прамую дарожку ад трасы Маладзечна – Мінск, бо цяпер дабрацца да населенага пункта магчыма толькі акружным шляхам. Сельвыканкам прыняў рашэнне злучыць дарожкай вёску і прыпынак на трасе.

Хто будзе смеціць — трапіць у «фотапастку»

Важны напрамак у рабоце сельвыканкама – добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Уладзімір Уладзіміравіч расказаў, што абсалютная большасць гаспадароў падворкаў заключылі дагаворы на вываз смецця з УП «Камунальнік». Цяпер бытавыя адходы па графіку забіраюцца непасрэдна з домаўладанняў. Гэта значна палепшыла санітарны стан вёсак.

— На жаль, праблема абыходжання са смеццем усё яшчэ актуальная, — адзначыў старшыня сельвыканкама. – Некаторыя мясцовыя жыхары і дачнікі звозяць на пляцоўкі для збору цвёрдых бытавых адходаў ля могілак старую мэблю, зламаныя бытавыя прыборы, розныя буйнагабарытныя рэчы. Каб папярэдзіць гэта, ля пляцовак будуць устанаўлівацца камеры фотафіксацыі. Спадзяюся, такая мера прымусіць задумацца тых, хто засмечвае могілкі.

 

Яшчэ адно важнае пытанне ў падтрыманні тэрыторый у належным санітарным стане – барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага. Хімічную праполку небяспечнай расліны ажыццяўляюць спецыялісты пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада з Маладзечна. А вось арэалы распаўсюджання зялёнага агрэсара падказваюць работнікі сельвыканкама і старасты вёсак.

Турысты едуць адусюль

— Радашковіцкі сельсавет папулярны ў турыстаў, аматараў роднага слова, адпачывальнікаў, — працягвае Уладзімір Васількоў. – На яго тэрыторыі размешчаны санаторыі, дамы адпачынку, спартыўныя базы. Тут знаходзяцца два з чатырох дазволеных для купання месцаў у раёне. Вабяць падарожнікаў маляўнічая прырода, зручная транспартная інфраструктура, блізкасць да сталіцы. Праз сельсавет праходзіць некалькі папулярных турыстычных маршрутаў (у тым ліку ўздоўж галоўнага канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы).

 

Субяседнік адзначыў, што многія прыязджаюць у Вязынку, каб наведаць філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Папулярныя ў наведвальнікаў і мясцовыя аграсядзібы.

— На жаль, эпідэміялагічная сітуацыя не дазваляе пакуль ладзіць святы вёсак і іншыя лакальныя культурныя мерапрыемствы, — паведаміў субяседнік. – Аднак мэтанакіраваная работа па захаванні культурнай спадчыны роднага краю праводзіцца пастаянна. Так, энтузіясты і мясцовыя жыхары правялі Купалле ў вёсцы Путнікі.

Старасты – найлепшыя памочнікі старшыні сельвыканкама

У гэтым Уладзімір Васількоў цалкам перакананы. На яго погляд, старасты вёсак — гэта злучальнае звяно паміж органамі мясцовай улады і насельніцтвам. Важна, што большасць стараст ведаюць сваіх аднавяскоўцаў з дзяцінства, таму людзі ім давяраюць, а яны, у сваю чаргу, могуць знайсці падыход да кожнага з іх.

— Старасты ўваходзяць у склад наглядальных камісій, якія кантралююць стан пажарнай бяспекі, абыходзяць двары, правозяць іншую прафілактычную работу, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч. – Парады і жыццёвы вопыт гэтых людзей вельмі дапамагаюць вырашыць тое або іншае пытанне. Усяго ў сельсавеце 15 стараст. Некаторыя з іх адказваюць за некалькі населеных пунктаў.

 

Старшыня сельвыканкама адзначыў эфектыўную работу Людмілы Мацкевіч, Людмілы Ракоць, Вячаслава Рабушкі, Наталлі Дрозд і іншых вясковых стараст.

— Праблемныя пытанні ў сельсавеце ёсць, але яны вырашальныя, калі працаваць усім разам, — сказаў у канцы сустрэчы Уладзімір Васількоў. – Галоўнае для мяне – каб кожны жыхар адчуваў увагу да сябе не на словах, а на справе.

У ТЭМУ. Да Дня Рэспублікі на тэрыторыі Радашковіцкага сельсавета быў адрэстаўрыраваны помнік 13-му асобнаму разведвальнаму батальёну. Знаходзіцца ён ля аўтадарогі Мінск – Маладзечна, недалёка ад павароту на вёску Дзякшняны. Дапамогу ў рэстаўрацыі аказала ЗАТ «Паціа» (сетка «5 Элемент»). Як адзначыў заснавальнік прадпрыемства Андрэй Балабін, сёлета кампанія рэалізавала шэраг ініцыятыў у падтрымку ветэранаў вайны і працы. У Маладзечне і Смалявічах сумесна з Беларускім фондам міру адкрыты ветэранскія палаты, абсталяваныя медыцынскай мэбляй і тэхнікай. Былі праведзены іншыя дабрачынныя акцыі. Такім чынам кампанія падае добры прыклад сацыяльнай адказнасці бізнесу.
Па інфармацыі Андрэя БАЛАБІНА.

ПАМЯЦЬ. У Радашковіцкім сельсавеце беражліва захоўваецца памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Усяго тут налічваецца 12 воінскіх пахаванняў. На ўсіх устаноўлены помнікі. Памятныя мясціны падтрымліваюцца ў добрым стане. Калі трэба, яны рэстаўрыруюцца. Дапамогу ў рэстаўрацыі аказваюць суб’екты гаспадарання. У апошні час было адрэстаўрыравана 5 такіх помнікаў.

ДАВЕДКА. На тэрыторыі Радашковіцкага сельсавета знаходзіцца 31 населены пункт і 35 садовых таварыстваў. Найбольш буйныя вёскі – Гранічы, Вязынка, Дзякшняны, Вазгелы, Валодзькі. Медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета ажыццяўляе фельчарска-акушэрскі пункт у Гранічах. Таксама людзі могуць звярнуцца ў паліклінікі ў Радашковічах і Маладзечне.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: АЎТАР, Аляксей ПЛАТКО, архіў Уладзіміра ВАСІЛЬКОВА.

Прочитано 392 раз
Васілій Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.