Новости Молодечно и Молодечненского района

І на пенсіі няма часу сядзець склаўшы рукі

  • 2024-10-20 08:59:23
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Для Віктара Чэрніка вёска Раманы – любімае месца на зямлі.

– Прыкладна чвэрць стагоддзя я адпрацаваў у Мінскім філіяле Саратаўскага авіяцыйнага завода, – расказвае вясковец. – Потым пятнаццаць гадоў – у адной з будаўнічых арганізацый. Цяпер на пенсіі. Аднак каб даглядаць падворак , сіл хапае. На працавітасць і аптымізм уплывае здаровы лад жыцця: я ніколі не курыў і не цягнуўся да спіртнога.

Субяседнік адзначае добрую транспартную сувязь населенага пункта з Мінскам і Маладзечнам. Прыпынак электрычак знаходзіцца якраз ля вёскі. З’явіўся ён у 60-я гады мінулага стагоддзя. Тады адбывалася электрыфікацыя ўчастка чыгункі ад сталіцы да нашага горада. Раней людзям даводзілася дабірацца да Аляхновічаў і адтуль на поездзе ехаць у раённы цэнтр. Цяпер іншая справа: да Маладзечна і Мінска, лічы, рукой падаць.

– У час цыклону «Хавер» аўтамабільны транспарт проста спыніўся, – прыгадвае мужчына. – Аднак электрычка хадзіла спраўна. Вельмі надзейны і дэмакратычны від транспарту. Нават Радашковічы ў гэтым сэнсе прайграюць. Да іх можна даехаць або на сваім аўтамабілі, або на маршрутцы.

Любімы занятак Віктара Чэрніка – садаводства і агародніцтва. Ён любіць кветкі, умее даглядаць іх. У «калекцыі» ёсць таксама вечназялёныя туі, якія ўтвараюць сапраўдную жывую агароджу.

– Вёска наша невялікая, – разважае Віктар Віктаравіч. – Усе адзін аднаго ведаюць. Людзі дбаюць пра зямлю, наводзяць на ёй парадак. Гаспадары самі выкошваюць траву ад сваіх участкаў да дарогі. Такая руплівасць пахвальная і вартая пераймання.

А яшчэ вяскоўцы памятаюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Тады ў гэтых мясцінах дзейнічалі партызаны. Яны ладзілі дыверсіі на чыгунцы, перашкаджалі гітлераўцам забяспечваць сваю групоўку. Пра гэта таксама нагадаў Віктар Чэрнік.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ