У раёне працягваецца прафсаюзная акцыя, мэта якой – падтрымка работнікаў жывёлагадоўчай галіны. Нядаўна ў яе рамках былі адзначаны лепшыя жывёлаводы ТАА «ЯхімоўшчынаАгра».
Падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі за плённую працу, майстэрства і прафесіяналізм атрымалі работнікі МТФ «Яхімоўшчына» Дзмітрый Яцкевіч, Алена і Ігар Шалімавы, жывёлавод МТФ «Літва» Ганна Крук і яе калега з МТФ «Рачкава» Васілій Сякерскі. Віншавалі перадавікоў старшыня Маладзечанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Анатолій Фурс і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Таццяна Мачалова.
– Даглядаю цялушак, кармлю іх, сачу за станам жывёлы, – расказала Ганна Крук. – Да працы прывыкла з дзяцінства. Ужо дзесяць гадоў на пенсіі, але хаджу на ферму з задавальненнем. Быць патрэбнай мне падабаецца. Сама я з Палачан. У Літву пераехала, калі выйшла замуж. Уладкавалася ў гаспадарку 27 гадоў таму.
Як адзначыла Таццяна Мачалова, праца жывёлавода мае адметную спецыфіку. Яна цяжкая, калектывы ферм, як правіла, невялікія. У некаторых спецыялістаў рабочы дзень «разарваны». Таму людзям важна адчуваць сябе часткай агульнай каманды, ведаць, што іх праца патрэбная і вельмі запатрабаваная. На гэта і накіравана акцыя «Наш жывёлавод».
– У раёне дзейнічае больш за 50 аб’ектаў жывёлагадоўлі, – расказаў Анатолій Фурс. – Іх работнікі выконваюць важную і патрэбную для дзяржавы і грамадства справу. Заробкі ў многіх жывёлаводаў значна перавышаюць сярэднераённыя. Вопытныя спецыялісты перадаюць свае веды і ўменні моладзі. Дарэчы, адна з мэт акцыі – павышэнне прэстыжу прафесіі жывёлавода.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ