На адрас рэдакцыі «Маладзечанскай газеты» прыйшоў ліст ад гараджанкі. Шчыра дзякуем чытачам, якія тэлефануюць, пішуць, дзеляцца сваім меркаваннем, адным словам, рэагуюць на матэрыялы журналістаў «МГ». Публікуем пісьмо з невялікім скарачэннем.
«Паважаныя супрацоўнікі «Маладзечанскай газеты», вітаю вас! З «раёнкай» сябрую даўно. Добра памятаю час, калі мясцовае выданне мела назву «Святло камунізму» і было невялікім па фармаце. Цяпер «МГ» іншая, яна багатая на асвятленне розных падзей, цікавая і рознабаковая. Пры дапамозе газеты мы віртуальна можам пабываць у Чысці, Палачанах, Лебедзеве, Гарадку… А таксама пазнаёміцца з цікавымі людзьмі нашага багатага горада і раёна.
Атрымаўшы газету, я не толькі гартаю і чытаю, але час ад часу люблю і што-небудзь напісаць, адрэагаваць на той ці іншы артыкул. У рубрыцы «Яскравы прыклад «МГ» ліпеньскага нумара была публікацыя, як для мяне, вельмі цікавая, чуллівая – пра Алега Валушку. Прызнаюся, бракуе слоў, не магу выказаць усе свае пачуцці, што з’явіліся ў маіх сэрцы і думках… Час бяжыць, але эмоцыі пасля прачытанага застаюцца. Можна толькі здагадацца, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца гэтаму маладому чалавеку!.. Але ёсць Божая воля, Божая ласка і дапамога.
Дарагі Алег, ты наш мужны герой! Я ўпэўнена, што многія табой ганарацца і вельмі за цябе радуюцца! А тваёй прыёмнай маме Святлане Георгіеўне асабліва выказваю шчырую ўдзячнасць і нізка кланяюся. На маю думку, самую вялікую ролю ў сям’і і аўтарытэт мае жанчына-маці, а Святлана Георгіеўна змагла сваімі ўчынкамі стаць безумоўным прыкладам і для сваіх дзяцей і ўнукаў, і для многіх з нас. Дзякуючы такім людзям, як Алег Валушка і Святлана Грыбаедава, мы не страчваем веру ў міласэрнасць.
У Маладзечне, як і ва ўсім свеце, ёсць шмат выхаваных і добрых людзей са шчырымі сэрцамі. Не пра ўсіх мы ведаем, а бывае, што і хутка пра іх забываем… У нашым горадзе сям’я Грыбаедавых – гэта яскравы прыклад, маяк дабрыні і цяпла сэрцаў. Упэўнена, неабыякавыя людзі са мной пагодзяцца, перачытаюць артыкул і далучацца да добрых, удзячных слоў у адрас гэтай сям’і. У жыцці здараецца, што нават адно ласкавае, прыемнае слова, сказанае чалавеку, падбадзёрвае яго, натхняе і акрыляе. Дзякуй і Вользе Ермаковіч, і Таццяне Князевай за іх працу – як важна спыніцца на хвіліну, звярнуць увагу на бліжняга і расказаць нам, чытачам, пра Людзей з вялікай літары.
Няхай заўсёды сонейка з неба для добрых і шчырых людзей свеціць ярка ў любое надвор’е!»
З удзячнасцю Антаніна СВЯТОХА,
маладзечанка, ветэран працы