Валанцёры парафіяльнага Caritas і вернікі парафіі святога Казіміра трэці год запар рэалізуюць ініцыятыву «Адкрый сваё сэрца».
Усе, хто хацеў падзяліцца сваім цяплом з сем’ямі нашага горада і раёна, якія выхоўваюць дваіх дзяцей з інваліднасцю, старанна і адказна рыхтавалі падарункі, каб перадаць іх дзеткам. 82 падарункі з нецярпеннем чакалі моманту, калі трапяць у ручкі сваіх маленькіх гаспадароў.
26 снежня ў аддзяленні дзённага знаходжання Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва была арганізавана сустрэча для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
Са словамі прывітання і віншавання звярнуўся да прысутных брат Андрэй Жылевіч. Потым наведвальнікі дзённага аддзялення падзяліліся сваімі талентамі. Яны падрыхтавалі для ўсіх цудоўны канцэрт з песнямі і танцамі, каб падарыць кожнаму святочны настрой. За свае таленты атрымалі ад валанцёраў невялікія падарункі.
І вось наступіў доўгачаканы момант, калі хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі свае падарункі, у якіх былі не толькі цікавыя цацкі, салодкія цукеркі і розныя патрэбныя рэчы, але і паштоўкі з цёплымі словамі віншавання, у якія парафіяне стараліся ўкласці сваю любоў.
Прыемным завяршэннем свята пасля насычанай праграмы стаў салодкі стол.
Дзякуй усім, хто далучыўся да арганізацыі і правядзення акцыі. Гэты дзень атрымаўся больш добрым, радасным, яскравым і цікавым.
Святлана ЛАПАТА, Кацярына САВЯНОК
Фота: Ірына ФАМІНА