Рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці яна захапляецца са школьных гадоў. Цяжка сказаць, што майстрыха не ўмее. Але яна працягвае шукаць сябе і асвойвае новыя тэхнікі. У яе ўмелых руках нават бязлікі пенапласт ператвараецца ў адмысловыя ўпрыгажэнні інтэр’ера – сняжынкі, казачных герояў, жывёл і нават лясную алею. Для іх вырабу Ганна выкарыстоўвае звычайны будаўнічы пенапласт таўшчынёй два сантыметры.
Гэта надзвычай карпатлівае рамяство, якое чымсьці падобнае на работу ювеліра. Пенапласт даволі далікатны: адзін недакладны рух – і трэба ўсё пачынаць з «нуля». Спачатку Ганна малюе на ім простым алоўкам сюжэт, а потым віртуозна выразае яго канцылярскім нажом. Па неабходнасці, інтэр’ерныя ўпрыгажэнні расфарбоўвае гуашшу альбо акрылавымі фарбамі. Сапраўдную зімовую інсталяцыю яна стварыла для дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №19, дзе працуе выхавальнікам студыі выяўленчага мастацтва. Ганна выкарыстоўвае не толькі лісты пенапласту, але і шары з гэтага матэрыялу, якія складвае ў вясёлых персанажаў.
-- Здаецца, зіма і сапраўды нараджаецца з пенапласту. Мне застаецца толькі падшліфаваць марозныя ўзоры, -- усміхаецца майстрыха.
Яшчэ адно навагодняе ноу-хау Ганны -- араматызаваныя сувенірныя мяккія цацкі накшталт сашэ. Зроблены яны ў выглядзе сімвала надыходзячага года – забаўных свінак, на брушках якіх змешчаны розныя пажаданні, напісаныя акрылавымі фарбамі. Прамочаны сувеніры (унутры іх знаходзіцца сінтэтычны пух) растваральнай кавай з ваніллю і карыцай. Дзякуючы такому натуральнаму араматызатару прыемны водар захоўваецца вельмі доўга.
Але, на погляд майстра, найбольш складаныя ў выкананні вырабы з пластычнай замшы, якая становіцца падатлівай і гнуткай выключна пад уздзеяннем гарачага праса. Гэту арыгінальную тэхніку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва яна таксама выдатна асвоіла. Прыгожымі ў яе атрымліваюцца і «салодкія букеты», зробленыя з гафрыраванай паперы, чайных пакецікаў, цукерак. Чым не ідэя для навагодняга падарунка?! Юным выхаванцам Ганны асабліва падабаецца займацца вырабам габеленаў.
Працэс стварэння карцін з нітак спрыяе развіццю дробнай маторыкі, што дапамагае дзецям лягчэй асвоіць пісьмо. Ды і самі карціны атрымліваюцца прыгожымі. Застаецца толькі прыдумаць сюжэт.
Фота: Ірына РАБУШКА.