Віншавалі Антаніну Іванаўну з днём нараджэння і адрасавалі ёй цёплыя пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту, дачакацца векавога юбілею старшыня Гарадзілаўскага сельвыканкама Віктар Станішэўскі, намеснік дырэктара па эканоміцы і ідэалагічнай рабоце ААТ «Гарадзілава» Алена Макрыцкая, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Скрундзь.
Прыемна было атрымаць юбілярцы падарункі, якія ў халады сагрэюць і бяспеку гарантуюць. А яшчэ падзяліцца ўспамінамі аб часах, калі жылі разам з мужам аднымі клопатамі. Цяжка працавалі, але радаваліся няхітраму чалавечаму шчасцю. Таму, што ў новы дом увайшлі, дзе звонка загучалі дзіцячыя галасы. У Антаніны Іванаўны двое сыноў -- Віктар і Мікалай, ёсць унукі і праўнукі.
-- Зварыш бульбу, цыбуліну ў агародзе адшчыкнеш -- вось і падсілкуешся, -- успамінае жанчына. -- Работа ў калгасе была вельмі цяжкая. А дома трымалі вялікую гаспадарку: дзвюх кароў, каня, коз, свіней. Усіх дагледзець трэба было і дом у парадку трымаць. Часу на ўсё хапала, бо сілы былі.
Бачна, што характар у жанчыны бойкі, багата ў яе і жыццёвай мудрасці. Скардзіцца яна не прывыкла.
-- Пенсіі на жыццё хапае. Аўтакрама прадукты спраўна прывозіць. Здароўе ў мясцовай бальніцы падмацавала, -- дзеліцца Антаніна Іванаўна. -- Вось толькі суседак і сябровак няма даўно ўжо. Ніхто з іх не зазірне хоць на хвілінку. Таму жанчына рада тэлефонным званкам, ды і сама можа ў сельвыканкам патэлефанаваць, каб пра вясковыя навіны распытацца і свае расказаць.
Не абышлі ўвагай госці і дом жыхаркі вёскі Дземяшы Ганны Бажко, якая нядаўна сустрэла сваю дзевяностую вясну. Ганна Паўлаўна ўсё жыццё, пачынаючы з чатырнаццаці гадоў, адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы. Была звеннявой, кладаўшчыцай, пасля выхаду на заслужаны адпачынак працавала яшчэ каля пятнаццаці гадоў.
-- Свае гады даўно не лічу. А колькі падзей у жыцці адбылося – і прыгадаць цяжка, -- усміхаецца жанчына. -- Дзякуй вам, дзеткі, за ўвагу і падарункі!
Аб маці клапоціцца сын Юрый. Ён кожны дзень прыязджае да яе з Беразінскага. У радні ёсць яшчэ доўгажыхары, нават стогадовыя юбіляры. Магчыма, родная зямля, прырода даюць сілы на жыццё.
-- Садзім агарод. Нарыхтоўваем сок. Збіраем грыбы, -- гаворыць Юрый. -- Адным словам, жывём на зямлі і вельмі цэнім яе.
… За плячыма гэтых жанчын няпросты жыццёвы шлях. Яны перажылі цяжкія ваенныя выпрабаванні, пасляваенны голад і разруху. Сваёй працай у мірны час паказвалі годны прыклад іншым, умелі сябраваць, дзяліцца радасцю, падтрымаць у цяжкую хвіліну. Яны многаму навучыліся і многае спасціглі за сваё жыццё. А моладзі жадаюць быць цярплівымі, умець уступаць адзін аднаму, жыць у суладдзі з сабой і людзьмі.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР.