Прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод» закранула ААТ «Усход-Агра».
Старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Анатолій Фурс і старшыня прафсаюзнай пярвічкі гаспадаркі Ганна Карней наведалі малочнатаварныя фермы «Мясата», «Выверы», «Крыніца», а таксама малочнатаварны комплекс «Вялікія Кашэўнікі».
У рамках акцыі былі адзначаны аператары машыннага даення Зарына Шэмет, Святлана Раманоўская, жывёлаводы Сяргей Дзік, Васілій Мельнічэнка, Мікалай Вайтковіч, ветфельчар Таццяна Сіняўская, начальнік МТК Яўгеній Макарэвіч.
Ад раённых прафсаюзаў перадавікі атрымалі падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі. Ганна Карней прывезла каштоўныя падарункі ўсім работнікам аб’ектаў жывёлагадоўлі. Яна адзначыла, што слоў падзякі заслугоўваюць усе жывёлаводы гаспадаркі. Людзі працуюць сумленна, самааддана. А ўрачыстае ўшанаванне – дадатковы стымул для іх.
Перадавікі згодныя з такім меркаваннем. Так, Святлана Раманоўская адзначыла, што яна доіць больш за 50 кароў і даглядае 25 цялят. Жыве спецыяліст недалёка ад месца работы. Заработная плата яе задавальняе.
– На работу іду з добрым настроем, – расказала Зарына Шэмет. – Гэта дапамагае выконваць свае абавязкі. Калектыў фермы, загадчык, брыгадзір мне вельмі падабаюцца.
Па меркаванні Яўгенія Макарэвіча, галоўны фактар поспеху ў працы – асабісты прыклад. Людзі цэняць, калі сам паказваеш, як трэба ставіцца да прафесійных абавязкаў. Вялікае значэнне мае механізацыя работ.
Мікалай Вайтковіч прызнаўся, што атрымліваць прызнанне яму вельмі прыемна. Мужчына працуе на ферме восем гадоў. У яго абавязкі ўваходзіць кармленне і догляд жывёлы.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ