Новости Молодечно и Молодечненского района

Жывёлавод у трэцім пакаленні

  • 2025-02-02 14:09:53
  • Олег Беганский

Прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод» закранула малочнатаварны комплекс «Бортнікі» і таварную ферму «Дубрава».

На МТК былі заахвочаны аператар жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм Алег Карманаў, аператар машыннага даення Вольга Зайкоўская і жывёлавод Аксана Варапаева. Атрымала заахвочванне і жывёлавод ТФ «Дубрава» Таццяна Навіцкая. Віншаваў перадавікоў з працоўнымі дасягненнямі старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Анатолій Фурс.

Даведка. Усяго на МТК «Дубрава» ўтрымліваецца 740 галоў буйной рагатай жывёлы. Дойны статак складае больш за 500 кароў.

– Да працы прывык з дзяцінства, – адзначыў Алег Карманаў. – Працаваць з тэхнікай мне падабаецца. Мая задача – падтрымліваць абсталяванне ў рабочым стане. Лічу, што да любой справы трэба ставіцца адказна. У тым ліку ў сельскай гаспадарцы.

З гэтым згодная Вольга Зайкоўская. Нарадзілася яна ў вёсцы Вязынка. Цяпер з сям’ёй жыве ў Гранічах. Жыллём забяспечыла гаспадарка. На МТК яе разам з калегамі дастаўляе службовы транспарт.

– Даяркамі былі мае бабуля і маці, – гаворыць Вольга Валер’еўна. – Такім чынам, я прадоўжыла працоўную дынастыю ў трэцім пакаленні. Кароў на нашым комплексе дояць у спецыяльнай зале. Разлічана яна на 24 жывёлы. Пасля ранішняй дойкі мяне адвозяць дамоў, потым прывозяць на вячэрнюю. Такі графік мяне задавальняе. Ёсць магчымасць больш часу прысвяціць сям’і, хатняй гаспадарцы.

Вольга Зайкоўская заўважыла, што калі тваю працу цэняць – гэта прыемна ўсім.

– Акцыя «Наш жывёлавод» заклікана павысіць прэстыж жывёлагадоўчых прафесій, – пракаменціраваў Анатолій Фурс. – Галіна дае значную частку прыбытку сельскагаспадарчых арганізацый. Экспартныя пастаўкі прадукцыі жывёлагадоўлі забяспечваюць паступленне ў краіну валютнай выручкі.

Субяседнік зазначыў, што акцыя праводзіцца ў першую чаргу для стымулявання намаганняў спецыялістаў і работнікаў жывёлагадоўлі, паляпшэння ўмоў працы, а таксама для таго, каб даведацца, што турбуе людзей. Пытанні, узнятыя работнікамі, вырашаюцца з дапамогай прафсаюза.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ