Надыходзіць вялікае свята – свята людзей, якія прысвяцілі сябе роднай зямлі і могуць з гонарам называць сябе земляробамі. Яны добра ведаюць, што жыццё складаецца з любові, пакут і працы, і ведаюць іх вартасць.
Яны добра ведаюць, як пахнуць збожжа, ралля, свежаскошаны мурог, сырадой, дождж і вецер у полі. Яны ведаюць, як б’ецца жывое сэрца зямлі. Гэта іх жыццё.
Працавітыя, шчырыя, верныя, нічым не зняславілі яны ні зямлі, ні неба, ні людзей. І жывуць яны пад зоркай законаў бацькоў і дзядоў: паміраць збірайся, а жыта сей. З году ў год збіраюць яны ўраджай, каб на кожным стале быў хлеб надзённы – аснова жыцця, вялікі дар палёў, ясны, як сонца, і адвечны.
Сабраны ўраджай, пасеяны азімыя, зямля падрыхтавалася да зімы. Цяпер радзей можна ўбачыць на дарогах магутныя, прыгожыя машыны, што рупліва працавалі, дапамагаючы людзям. Я гляджу з захапленнем на гэтыя машыны і ўспамінаю, як шчыравалі на зямлі першыя калгаснікі, і як яны жылі.
У сорак шостым, пасляваенным годзе пачалася калектывізацыя ў нашых мясцінах. У кожнай вёсцы ствараліся сельскагаспадарчыя арцелі. У Палачанах арцель «Красное знамя» з’явілася ў 1949 годзе. Яна аб’ядноўвала 37 двароў. Узначальваў яе ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Траскевіч. У суседніх Чарапах аб’ядналіся ў арцель імя Янкі Купалы 125 двароў. Узначаліў яе Іван Шчуцкі. Да іх далучыліся арцелі суседніх вёсак – усяго 15. І пачала свой доўгі шлях наперад арцель імя Янкі Купалы з цэнтрам у вёсцы Палачаны.
Змяняліся назвы і старшыні, змянялася жыццё. У сакавіку гэтага года мы зноў аб’ядналіся. На гэты раз з ААТ «Гарадзілава».
У 1951 годзе старшынёй калгаса быў абраны ветэран Вялікай Айчыннай вайны Юльян Кашэўскі, які кіраваў калгасам амаль 30 гадоў.
Я прыйшла ў гаспадарку 16-гадовай дзяўчынай у 1957-м і працавала з усімі старшынямі. Таму добра ведаю, як змянілася жыццё за гады кіравання Юльяна Юльянавіча. Плугі, бароны, працадні коштам у дванаццаць капеек (для параўнання: восем рублёў у 1998 годзе). Жылі пры газавых лямпах, пры іх жа вучыліся ў школе. У 1953 годзе, калі памёр Сталін, у Зораньцы (тады Кабылкі) быў адзін радыёпрыёмнік на батарэйках. І ўся вёска сабралася ў адной хаце, каб паслухаць рэпартаж аб пахаванні.
Мясцовыя жыхары насілі ваду за паўтара кіламетра на каромыслах (сённяшняя моладзь, напэўна, нават не ведае, што гэта такое). Па дарогах можна было хадзіць толькі ў ботах, і тыя маглі загразнуць. Дзеці калгаснікаў не мелі магчымасці паехаць вучыцца, бо не маглі атрымаць даведку, каб зрабіць пашпарт.
Сын патомнага хлебароба, Юльян Юльянавіч добра ведаў жыццё і патрэбы сялян і смела закладваў цвёрды падмурак сённяшняй гаспадаркі. Яго і сёння людзі прыгадваюць добрым словам. Шмат увагі надаваў навучанню і выхаванню кадраў, развіццю земляробства і жывёлагадоўлі, вырашэнню сацыяльных праблем развіцця вёскі. Дзякуючы гэтаму гаспадарка эканамічна ўмацоўвалася. Пачалася электрыфікацыя вёсак.
У 1953 годзе была прабурана першая свідравіна ў Зораньцы. Памятаю, як шчаслівыя людзі скакалі пад вадой, нягледзячы на тое, што яна сцюдзёная.
Былі ўзведзены Дом культуры са спартзалай, новы жывёлагадоўчы комплекс на 800 галоў, пачалося будаўніцтва жылля. Самай прыбытковай культурай стаў лён.
Заробкі выплачваліся штомесяц. А ў канцы года, пасля канчатковага падвядзення вынікаў, рабіліся дадатковыя выплаты.
На змену Юльяну Юльянавічу прыйшоў Аляксандр Мучынскі. Аляксандр Уладзіміравіч працаваў старшынёй 19 гадоў. Цяпер кандыдат тэхнічных навук, дацэнт кафедры эканомікі БДАТУ. Працаваў для людзей. Пры ім будаваліся дамы, школы, сад, асфальтаваліся вёскі, ішла газіфікацыя, абнаўляўся парк сельскагаспадарчых машын, калгас мацнеў, рос дабрабыт людзей.
У калгасе з’явілася племканяферма. Усім калгаснікам была выдзелена доля маёмасці калгаса. За яе можна было вывучыць дзяцей, выкупіць жыллё.
Станіслаў Завадскі працаваў 16 гадоў. У гэты час быў узведзены комплекс БРЖ, працягваліся будаўніцтва жылля і газіфікацыя. Захаваныя кіраўніком кадры працуюць і сёння.
Сяргей Кароль узначальваў гаспадарку чатыры гады. Маючы агранамічную адукацыю, уводзіў новыя тэхналогіі, што дазволіла значна павысіць ураджайнасць. Аддана працавалі Алена Халматава, Аляксандр Аноп. Сяргей Боган сёння кіраўнік участка «Палачаны» ААТ «Гарадзілава».
Рос калгас, з ім расла і я. Вячэрняя школа, завочны сельскагаспадарчы інстытут у Гродне. Палявод, аграном, намеснік старшыні калгаса, сакратар парткама, старшыня прафкама, дэпутат мясцовых саветаў больш за 60 гадоў, стараста вёскі.
Розныя былі вякі: і каменны, і жалезны, і бронзавы, і залаты. А вось веку людскога так і не было. Як ні круці, не вартыя велічы ні камяні, ні жалеза, ні золата. Вартыя велічы толькі людзі. І людзі – галоўная каштоўнасць у маім жыцці. Іх шмат было побач. Я ўдзячная лёсу за гэты падарунак. Памятаю ўсіх.
Многія людзі, якія рабілі калгас такім, які ён ёсць сёння, на жаль, пайшлі з жыцця. Вялікі след на нашай зямлі пакінулі яны. Немагчыма пералічыць іх імёны, але яны ёсць у сям’і кожнага.
Словы, сказаныя на свяце гаспадаркі прадстаўніком дынастыі Рыльцовых, Сяргеем Іванавічам: «Калгас для мяне сям’я», у сэрцах прадстаўнікоў дынастый Дземешаў, Жыдовічаў, Клімашэўскіх, Маскалевічаў, Усціновічаў, Цярэшкаў, Прыгодскіх. У калгасе працавалі прадзеды, дзяды, працуюць бацькі, дзеці і ўжо ўнукі. І ў кожнай дынастыі вялікі сямейны стаж. Самы большы – 192 гады – у дынастыі Рыльцовых.
Сёлета гаспадарцы споўнілася 75 гадоў. Я вельмі хачу падзякаваць кіраўніку ААТ «Гарадзілава» Дзмітрыю Грамовічу за ўвагу да людзей і за цудоўны падарунак – юбілей калгаса.
Ніхто не быў забыты. Усе атрымалі памятныя сувеніры. Плошча і парк ля Дома культуры былі падобныя на мурашнік: імправізаванае кафэ ААТ «Гарадзілава», вельмі шмат людзей, гульні і атракцыёны для дзяцей, кіёскі з цацкамі і прысмакамі, рыцары і Чабурашка, паказальныя выступленні конна-спартыўнай школы і выстава яе дасягненняў.
Былі і тэматычныя столікі з дзіўнымі пачастункамі, выставы, што адлюстроўвалі этапы развіцця калгаса, падрыхтаваныя ветэранамі. Калгас імя Янкі Купалы (1949-1967 гг.) прадстаўлялі Уладзімір Станкевіч, Надзея Кастрова і Ганна Кавецкая. Вялікую цікавасць выклікала выстава прылад працы гэтага перыяду. 1967-1991-я гады (калгас імя 50-годдзя Кастрычніка) прадстаўлялі сям’я Глафіры Маскалевіч і яе сёстры Наталля і Рэгіна з Зоранькі. Яны аформілі выставу фотаздымкаў, газетных матэрыялаў таго часу. Калектыўная гаспадарка сялян, якія дабравольна аб’ядналіся «Палачаны» (1991-2001 гг.) была прадстаўлена Любоўю Бажко, Нінай Кавалеўскай, Лідзіяй Сыракваш і Алай Дудко. Свой перыяд яны ілюстравалі вершамі і песнямі. 2001-2010-я гады (СВК «Палачаны») прадставілі сем’і Таццяны Туронак, Марыны Каралевіч, Святланы Грыцай таксама падрыхтавалі смачныя стравы і нумары мастацкай самадзейнасці. У 2010-2024 гадах гаспадарка мела назву ААТ «Палачаны». На гэтай выставе вельмі смачныя пачастункі падрыхтавалі работнікі калгаснай і школьнай сталовых Алена Жданава, Ганна Рытэнка, Аксана Божка і Таццяна Лапата.
Цікавую выстаўку гістарычных дакументаў і фотаздымкаў падрыхтавалі Яніна Пякарская і Людміла Кандратовіч. Мясцовыя пейзажы адлюстравалі карціны, напісаныя беларускімі мастакамі.
Выклікалі цікавасць гасцей свята ўрачыстая частка, святочны канцэрт, дыскатэка. Завяршыўся дзень прыгожым салютам.
У канцы свайго аповеду хачу павіншаваць усіх працаўнікоў сельскагаспадарчай і перапрацоўчай прамысловасці з прафесійным святам, пажадаць моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту ў сем’ях, мірнага неба на вякі і шчыра падзякаваць усім, хто рыхтаваў свята, асабліва старшыні Палачанскага сельвыканкама Анастасіі Іодзе і ўсім яе супрацоўнікам, а таксама Алене Скробе.
Ніна СТАНЕВІЧ