Савецкі аўтамабіль павышанай праходнасці ГАЗ-69 у народзе называлі «газік» ці «бобік». Набыты ён па аб’яве гадоў дзесяць таму.
– На гэтай машыне мы вандруем без даху, так больш цікава, — усміхаецца Георгій Віктаравіч. — Разам з вадзіцелем у яе ўмяшчаецца васьмёра чалавек, пасажыры сядзяць на лаўках. Калі на машыне 1955 года выпуску мы прыехалі на «Лінію Сталіна», многія зацікавіліся, прасілі дазволу сфатаграфавацца. Нікому не адмаўлялі.
Георгій з дачкой Наталляй, унукамі Машай і Сямёнам.
Гэтай машынай прыцягнулі трактар даваенных часоў. Такія можна ўбачыць хіба толькі ў старых фільмах. Ёсць тут два рарытэтныя матацыклы «Днепр-9» і К-750, белая «Волга». У савецкі час аўтамабіль лічыўся раскошай, сёння такі статус маюць адрэстаўрыраваныя машыны.
Калі ў мяне пытаюцца, за што я люблю сваю работу, адказваю без разважанняў. Найперш за сустрэчы і знаёмствы з цікавымі людзьмі, якія жывуць на Маладзечаншчыне. Вось і ў Крыніцу ехала да Георгія Віктаравіча як да добрага знаёмага. Мы ўдзячныя пастаяннаму падпісчыку за цікавасць да нашага выдання, творчае супрацоўніцтва.
У Георгія Віктаравіча двое дзяцей і чацвёра ўнукаў: Маша,Сямён, Ярамір і Расціслаў. Дачка Наталля Георгіеўна выкладае выяўленчае мастацтва ў сярэдняй школе №4. Вучыць дзяцей не толькі азам майстэрства, але і ўменню бачыць прыгожае вакол сябе. У недалёкіх, але запамінальных вандроўках яны знаёмяцца са славутасцямі роднага краю, яго гісторыяй.
На падворку пад адкрытым небам разгарнулася не толькі экспазіцыя савецкай аўтатэхнікі, але і сялянскага побыту. Вось калаўрот, непадалёк на вышытым ручніку — прас, драўляныя прылады, маслабойка. Зацікавілі нас дзве драўляныя і металічная сячкарні. Цяпер яны не карыстаюцца вялікім попытам і такую прыладу ў магазіне наўрад ці купіш. Тым больш датаваную 1895 годам.
Георгій Віктаравіч многае зрабіў сваімі рукамі ў доме і на падворку. Калі трапляеш сюды, адразу адчуваеш асаблівую, цёплую атмасферу.
На градках вырошчваецца агародніна, радуюць ураджаем садовыя дрэвы. Сярод раслін прыгожы берасклет, пра лекавыя якасці якога ведае не кожны.
… Жыццё нашага земляка няпростае. Сам з мнагадзетнай сям’і, давялося выхоўвацца ў інтэрнаце. Але ён навучыўся жыць у ладзе з людзьмі, радавацца кожнаму дню. Цяпер не застаецца раўнадушным да чужой бяды. Калі чуе просьбу аб дапамозе, заўсёды адгукаецца. Робіць гэта без разважанняў, па шчырасці душы.
Ёсць у сям’і хрысціянская традыцыя – на Вадохрышча яны акунаюцца ў палонку непадалёк ад дома. Нават маленькая Маша не баіцца ледзяной вады. А ў далёкай Германіі традыцыю падтрымлівае сын Георгія Віктаравіча Дзмітрый. Найбольшая радасць для нашага субяседніка — калі збіраецца разам уся радня. Гамоніць звонкімі галасамі незвычайны падворак, дзе ёсць месца і для мінулага, і для будучыні.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.