Нарадзілася Таццяна Яўгеньеўна ў вёсцы Баяры Маладзечанскага раёна, закончыла Красненскую сярэднюю школу. Потым набыла спецыяльнасць майстра-будаўніка ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме. Першым месцам работы стаў калгас «Краснае».
— Па дзяржаўнай праграме падтрымкі маладых сем’яў у 1996 годзе мы з мужам Віктарам Канстанцінавічам атрымалі катэдж у Ракуцёўшчыне, — расказвае Таццяна Яўгеньеўна. — Ён працаваў вадзіцелем на «Забудове», сын Саша вучыўся ў другім класе Красненскай СШ.
Вялікай радасцю для сям’і стаў пераезд у новы дом – утульны і прыгожы. Усё неабходнае было для таго, каб сям’я папаўнялася. Неўзабаве нарадзіўся сын Аляксей. Калі ён падрос, Таццяна Яўгеньеўна ўладкавалася на «Забудову» інжынерам у аддзел капітальнага будаўніцтва. Цяпер яна працуе ў Дэпартаменце аховы кантралёрам на КПП Чысцінскай сярэдняй школы.
У грамадскай справе, як і любой іншай, вопыт і аўтарытэт напрацоўваюцца з цягам часу. Спачатку трэба атрымаць крэдыт даверу, а потым гэты давер апраўдаць.
— Калі людзі прыходзяць са сваімі праблемамі, значыць, давяраюць, — упэўнена Таццяна Соусь. — Многіх я ведала зрокава, а вось чым жыве сям’я ці канкрэтны чалавек, змагла даведацца, пазнаёміўшыся бліжэй. Вось так завітаеш да бабулькі з дамавой кнігай, каб распытаць пра гаспадарку, пацікавіцца, ці застанецца пажылая жанчына на зіму ў вёсцы, ці хопіць паліва для ацяплення. А тая і пра здароўе раскажа, і чаем пачастуе.
Пытанняў у старасты шмат. У іх ліку камунальныя — ямачны рамонт, расчыстка дарог, вываз смецця, вулічнае асвятленне, непаладкі з тэлефоннай сувяззю або праверка газавага забеспячэння…
— Я заўсёды на сувязі са старшынёй сельвыканкама Валянцінай Кісель. Яна звязваецца з адпаведнымі службамі, каб выправіць сітуацыю. У ліку маіх першых памочнікаў, на якіх я заўсёды магу разлічваць, Ганна Богдан, Галіна Проніна, Тамара Ваўчок, Таццяна Сламянец, Ірына Марковіч, Аляксей
Драянкоў, — гаворыць стараста вёскі.
Прыемныя клопаты прыносіць падрыхтоўка да святочных мерапрыемстваў. Традыцыйна ў гэтым маляўнічым краі збірае сяброў «Ракуцёўскае лета». Весела сустракалі тут і свята вёскі. Шмат уражанняў выклікала ўшанаванне ад імя мясцовага сельсавета самых малых і самых дарослых мясцовых жыхароў. Гучалі на свяце вершы і песні. Дарэчы, Таццяна Яўгеньеўна вельмі любіць спяваць. У свой час удзельнічала ў калектыве мастацкай самадзейнасці пад кіраўніцтвам Аркадзія і Тамары Гамановіч Красненскага СДК, а таксама ў народным хоры «Забудова», якім кіруе Генадзій Сушко.
Яшчэ пра адну вясковую традыцыю расказала мне субяседніца – віншаванне маладажонаў. Ды не проста так, а з тэатралізацыяй і імправізацыяй. На жаль, цяпер вяселле на вёсцы не частая падзея, але няхай будзе больш прычын для добрых мерапрыемстваў. Напрыклад, як і раней, сабрацца разам з суседзямі пасля ўборкі ўраджаю або завітаць адзін да аднаго на Каляды.
— Стараста вёскі я восем гадоў. Прызнаюся, былі думкі перадаць свае паўнамоцтвы. Але не магу пакінуць без увагі вясковых бабуль, да якіх сэрцам прыкіпела. З маленства была такой – старалася дапамагчы больш слабаму, адчувала адказнасць за давераную справу, — гаворыць субяседніца. – Вельмі хочацца, каб было больш радасці, якая аб’ядноўвае людзей, каб жыла вёска, прыцягвала моладзь, гаманіла дзіцячымі галасамі наша Ракуцёўшчына.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР.