Новости Молодечно и Молодечненского района

Жукам бульбу не аддадзім

  • 2024-07-08 07:30:00

Зацвіла бульбачка – траві жука, сцвярджае народная мудрасць. Наш пастаянны чытач актыўны ўдзельнік усіх мерапрыемстваў раённага савета ветэранаў Мікалай КОТ не згодны з гэтым. Ён прапануе сваю дзейсную параду, як зберагчы бульбу ад каларада, захаваўшы ўраджай для сябе і блізкіх.

– Ніколі не выкарыстоўваю хімію! Не верце, што яна не шкодзіць. І не чакайце цвіцення – так і без ураджаю застацца можна. Пачынаючы з 15 чэрвеня пачынаю збіраць паласатых аматараў другога хлеба. 
Выкарыстоўваю для гэтага пластыкавую бутэльку. Не трэба яе разразаць, проста кідаю ўнутр і вяду падлік.
– Мікалай Мікалаевіч, гэта рэальна? Лік жа ідзе, мусіць, не на сотні нават? – цікаўлюся я.

– А куды мне спяшацца. Я ж пенсіянер! Часу хапае – магу падлічыць. А жукоў, сапраўды, далёка не сотні. На сваім участку ў сярэднім збіраю ад дзевяцьсот пяцідзесяці да дзвюх тысяч. Раблю за дзень некалькі падыходаў. Выбіраю толькі сонечнае надвор’е. Жукі размяшчаюцца наверсе, не хаваюцца. Гэта аблягчае іх збор. Памятаю, што яшчэ ў гады вучобы ў Чарлёнскай школе мы так рабілі. За пэўную колькасць насякомых выдавалі карцінку. Я і сваіх унукаў далучаю, праўда, матывую ўжо не карцінкамі, – усміхаецца субяседнік.

– І як ураджай ваш?

– Добры, хапае і нам з жонкай, і дзецям з унукамі. Нават крыху прадаць магу. Такім чынам, спосаб мой працуе, – падсумаваў Мікалай Мікалаевіч.

Людміла НЕХВЯДОВІЧ