Новости Молодечно и Молодечненского района

Жніво-2022 у асобах

  • 2022-08-18 07:11:54
  • Алег Бяганскі

Дзмітрый АКУЛЬСКІ, вадзіцель ААТ «Палачаны»:
-- На мой погляд, галоўнае ў час жніва -- пазітыўны настрой і добры стан тэхнікі. А яшчэ важна выкарыстоўваць кожную хвіліну працоўнага часу. Тады можна зрабіць больш рэйсаў з палёў на зернесушыльны комплекс. Дарэчы, жаданне працаваць таксама важная рыса для хлебароба.


Андрэй ЮРЭВІЧ, старшы камбайнер ААТ «Гарадзілава»:
-- Вырасціць і сабраць хлеб -- вельмі цяжкая праца. Пра гэта павінны памятаць усе. Сёлетняе жніво не вельмі адрозніваецца ад папярэдніх. Працую разам з напарнікам Вячаславам Апяцёнкам. Пшаніцы ў дзень убіраем больш за 100 тон, рапсу -- за 70. Некаторыя палі гаспадаркі ўзгорыстыя. Без страт убіраем ураджай і на іх. Плануем стаць «двухтысячным» экіпажам.
Вячаслаў АПЯЦЁНАК, камбайнер ААТ «Гарадзілава»:
-- Сёлетняе жніво не першае ў маёй працоўнай біяграфіі. З-за надвор'я яго тэрміны зрушыліся. Для жніўня характэрна наўнасць расы, таму выязджаем на палі крыху пазней, чым звычайна, і заканчваем працу крыху раней. Ураджай багаты, і гэта нас радуе.


Вадзім АРЛОВІЧ, механізатар ААТ «Гарадзілава»:
-- Працую на трактары «Фендт», у час уборачнай адвожу ўраджай з палёў на зернесушыльны комплекс. Прычэп разлічаны на 20 тон, таму рэйсы атрымліваюцца важкімі. Калі тэхніка «сучасная», то і працаваць камфортней, і вынік атрымліваецца лепшы. Аднак без догляду і абслугоўвання любы механізм сам па сабе працаваць не будзе. Таму вырашальным у любой справе лічу чалавечы фактар.


Яўген КОХАН, старшы камбайнер, загадчык механічнай майстэрні філіяла Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга»:
-- Раней у час жніва працаваў у адным камбайнавым экіпажы разам з бацькам, апошнія два гады маім напарнікам з'яўляецца брат Антон. Экіпаж наш маладзёжны. Энергіі шмат. Ёсць жаданне працаваць. Кожны з нас мае свае захапленні. Аднак няхай яны часова пачакаюць. Убраць хлеб цяпер самая важная справа.
Антон КОХАН, камбайнер філіяла Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга»:
-- На ўборачнай думаю як пра свой інтарэс (у час жніва можна нядрэнна зарабіць), так і пра агульную справу. Важна, каб гаспадарка, раён і краіна атрымалі годны ўраджай. Ад гэтага ў канчатковым выніку залежыць харчовая бяспека Беларусі.

Аляксей ШЧЭНСНОВІЧ, камбайнер СУП «Хажоваагра-2009»:
-- Калектыў гаспадаркі мне падабаецца. Тэхніку люблю. На жніве працую ў адным камбайнавым экіпажы з бацькам Канстанцінам Канстанцінавічам. Убіраем ураджай на «Палессі». Камбайн паступіў у гаспадарку тры гады таму. У мяне двое дзетак. На іх патрэбы і патрачу заробленыя на ўборачнай грошы. Было б нядрэнна, калі б гараджане больш актыўна дапамагалі аграрыям (асабліва ў час жніва).

Фота: Аляксей ПЛАТКО і Алег БЯГАНСКІ.