Новости Молодечно и Молодечненского района

Женщины Молодечненщины принимали поздравления

  • 2017-10-20 12:27:58
  • Соб. инф.

Моцныя сем'і -- моцная дзяржава

Сям’я маладзечанцаў Марыны і Сяргея Кругленя была вельмі ўзрушана віншаваннямі з нагоды Дня маці.

Для дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай гарадской выбарчай акрузе №72 Людмілы Канановіч стала добрай традыцыяй віншаваць матуль з гэтым святам.

Летась яна наведала шэраг сем’яў нашага раёна, у якіх выхоўваюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з асаблівасцямі развіцця, сёлета сканцэнтравала ўвагу на мнагадзетныя сем’і.

Людміла Мікалаеўна з’яўляецца намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, а таксама ўваходзіць у склад «пярвічкі» Парламента Беларускага саюза жанчын, пад эгідай якога і праводзілася святочная акцыя. Да яе далучыліся актывісты-маладзечанцы гэтага грамадскага аб’яднання. У іх ліку старшыня раённай пярвічнай арганізацыі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Барада, намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская, кіраўнікі СШ №14 і гімназіі №3 Каліна Капуцкая і Алена Гарбачова.

У сям’і Шыцік з Маладзечна выхоўваюцца чацвёра дзяцей. У Альбіны і Паўла дачка Лія, сыны Станіслаў, Яўгеній, Эдуард. Гаспадар дома працуе старшым кантралёрам КПП на селіката-
бетоннай вытворчасці ў Смаргоні, яго жонка – пекар у арганізацыі «Юнайтэд-Компані». Дачка і сыны вучацца ў СШ №14. Дарэчы, у гэтай навучальнай установе найбольшая ў раёне колькасць вучняў з мнагадзетных сем’яў. Іх тут 476 – па сутнасці, кожны трэці школьнік.



Лія і Жэня Шыцікі захапляюцца музыкай, дзяўчынка іграе на скрыпцы і фартэпіяна, хлопчык – на гітары. Стас і Эдзік пакуль шукаюць сябе. Але тата марыць, што з цягам часу ў іх будзе сямейны ансамбль. Ён таксама творчы чалавек, гітарыст-самавучка. Да таго ж Павел разам з аднадумцамі займаецца валанцёрствам і дапамагае тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.

У гэтай сям’і пануе ўзаемаразуменне. Бацькі вучаць сваіх дзяцей дабрыні, міласэрнасці і ўвогуле быць неабыякавымі людзьмі.

— Прыемна, што дзяржава заўважае «нябачную» працу мам. Менавіта ад жанчыны, яе здароўя вельмі многае залежыць у сям’і, — сказала Альбіна.

Дзяржава сапраўды надае вялікую ўвагу ахове мацярынства. Разглядаецца пытанне і аб увядзенні ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь «бонуса» для татаў у выглядзе сацыяльнага водпуску да 14 дзён пры нараджэнні дзіцяці. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы сям’я Шыцік пабудавала сабе і кватэру.

— Моцная сям’я – моцная дзяржава! – трапна зазначыла Людміла Канановіч.

Завіталі таксама госці да маладзечанцаў Марыны і Сяргея Кругленя, якія выхоўваюць дзвюх дачок і сына. Пяцікласніца Дар’я і другакласніца Соф’я вучацца ў гімназіі №3. Мама выкладае ў гэтай установе беларускую мову і літаратуру, сусветную мастацкую культуру. Праўда, цяпер яна ў дэкрэтным водпуску. Галава сям’і працуе памочнікам начальніка штаба ў службе выратавання. Даша захапляецца харэаграфіяй і спевамі, Соня — маляваннем. А Дзіма, якому ўсяго годзік, як жартуе мама, усім патроху. Дачушкі надзейныя памочніцы для бацькоў – з задавальненнем дапамагаюць па гаспадарцы і вельмі любяць бавіць час з брацікам. Дэвіз гэтай сям’і: «Усё рабіць разам!».

Сярод падарункаў для сем’яў былі запрашальныя білеты ў Мінскі абласны краязнаўчы музей, касметыка, пазнавальная літаратура, цацкі і ласункі.

Ірына РАБУШКА. Фота: А. Платко.

Непаўторнае святло мацярынства

Мама — пачатак жыцця. Гэта сцвярджэнне стала назвай акцыі, якую арганізаваў Беларускі саюз жанчын. Цёплыя словы і падарункі ад актывістаў гэтай грамадскай арганізацыі і прадстаўнікоў улады гучалі па ўсёй краіне ў адрас матуль.

Прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта — намеснік старшыні Алеся Лукоўская, на    чальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Барада, начальнік аддзела ЗАГС Ала Івашкевіч і старшыня Мінскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Святлана Сарока накіраваліся ў Вілейку, каб павіншаваць адзінаццаць маладзечанак, што ў гэтыя залатыя і святочныя кастрычніцкія дні сталі мамамі ў мясцовым радзільным доме.

— Зусім хутка паедуць дадому дзевяць хлопчыкаў і тры дзяўчынкі, – такія лічбы агучыла загадчыца акушэрскага аддзялення Алена Міланайць. – Нялёгкая місія быць мамай блізнят выпала Вользе Лісіца. Сыночкі-прыгажуны нарадзіліся таксама ў Таццяны Іўко, Крысціны Заруба, Ганны Несцяроўскай, Іны Калыска, Кацярыны Сушко, Марыі Коршыкавай, Таццяны Тумель, дзяўчынкі-прынцэсы — у Вольгі Грышукевіч, Вольгі Карпавай і Наталлі Апяцёнак.



— Галоўная місія жанчыны – падарыць жыццё. Гэта вялікае шчасце, а яшчэ вялікая адказнасць. І яна ўскладаецца найперш на сям’ю. Мне вельмі падабаецца выраз: «Выхоўвайце самі сябе – і ваша дзіця будзе выхоўвацца разам з вамі». Няхай вашы дзеткі будуць здаровымі, радуюць і любяць сваіх блізкіх, сваю Радзіму. Няхай стануць дастойнымі яе грамадзянамі, — звярнулася да жанчын Святлана Сарока.

— Вы самыя прыгожыя! Вашы вочы свецяцца непаўторным святлом. Дзякуй за тое, што ўзялі на сябе такую адказнасць у гэты, можа, і не зусім эканамічна просты час. Упэўнена: у вас усё атрымаецца, — дадала Алеся Лукоўская.

Ала Івашкевіч і Алена Барада таксама звярнуліся са словамі прывітання да маладзечанак, нагадалі ім, што спецыялісты аддзелаў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне і ЗАГС заўсёды гатовы даць мамам і татам неабходную кансультацыю.

Варта адзначыць, што адразу дзве маладзечанскія сям’і — Лісіца і Грышукевіч — папоўнілі спіс мнагадзетных. Вольгу Лісіца з нованароджанымі блізнятамі, якіх назвалі Кірылам і Даніілам, дома з нецярпеннем чакаюць тата Віктар і браты — 15-гадовы Яўгеній і 6-гадовы Арсеній. А 14-гадовая Вікторыя і 9-гадовы Вадзім разам з татам Віктарам будуць дапамагаць маме Вользе Грышукевіч няньчыць сястрычку і дачушку Веранічку.

Госці ўручылі шчаслівым жанчынам памятныя адрасы, кніжкі і падарункі, падзякавалі работнікам Вілейскага раддома за клопат і ўвагу.

Тэкст і фота: Лілія ЛІПНІЦКАЯ.

Паміж намі і небам – матулі…

Старэйшых жанчын раёна, якія дасягнулі стогадовага ўзросту, павіншавалі з Днём маці намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Алеся Лукоўская і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Барада, якая нядаўна ўзначаліла раённую арганізацыю Беларускага саюза жанчын.

Галоўнае – сям’я

З кветкамі і салодкімі падарункамі завіталі яны да жыхаркі вёскі Казлы Красненскага сельсавета Веры Лавор. «Мы вучым нашу моладзь берагчы здароўе, каб яго хапіла на доўгі век, і вас можам прыводзіць у прыклад», — звярнулася да доўгажыхаркі Алеся Лукоўская. «Мы ганарымся, што ў нашым сельсавеце ёсць жыхарка, якой споўнілася 102 гады!» — далучылася старшыня Красненскага сельскага Савета дэпутатаў Валянціна Кісель.

– Я рана засталася без мамы, зведала ў маладосці шмат гора. Жыла ў суседняй вёсцы Баяры, замуж выйшла ў Казлы. У свёкра сям’я была вялікая: чацвёра дзяцей ад першай жонкі і чацвёра — ад другой. Жылі ўсе разам. Каб пракарміцца, трэба было працаваць ад цямна да цямна. Пазней калгасы стварылі, я паляводам працавала. Усяго ў жыцці хапала, але ў мяне характар такі, я ніколі не скар-
дзілася, не сумавала. Ніколі ні з кім не пасварылася — мне ўсе людзі харошыя, — прызналася Вера Сяргееўна.

102-гадовая жыхарка вёскі Казлы Вера Лавор з дачкой Зінаідай і нявесткай Тамарай.  



Жыве яна з нявесткай Тамарай Канстанцінаўнай, якая з’яўляецца старастай вёскі. Да бацькоўскага дома зрабіў сучасную прыбудову ўнук Сяргей. Цешаць прабабку праўнучкі Света і Юля, а ўсяго ў яе трое ўнукаў і чацвёра праўнукаў. З Мінска часта прыязджае дачка Зінаіда, сын Віктар, на вялікі жаль, даўно памёр. Калі глядзіш на жанчыну, якая няхай сабе і з кіёчкам, але ходзіць па хаце, не страціла цікавасці да жыцця, любіць глядзець тэлевізар, можа і песню праспяваць, не верыцца, што яна нарадзілася яшчэ да рэвалюцыі, у 1915 годзе. Здароўя ёй і яе радні шчыра жадалі прадстаўнікі райвыканкама. А яна дзякавала з клопат і ўвагу, упершыню ў жыцці давала інтэрв’ю для газеты і тэлебачання, перагортвала разам з унукамі і праўнукамі сямейныя альбомы.

Хоць кнігу пішы

Наступным пунктам у віншавальным турнэ быў гарпасёлак Радашковічы. Тут на вуліцы Набярэжнай жыве стогадовая Марыя Макоўская. Жанчыну вельмі расчуліла віншаванне прадстаўнікоў райвыканкама і Беларускага саюза жанчын, а таксама гарпасялковага Савета дэпутатаў. З-за хваробы ног яна больш за тры гады не ўстае з ложка, даглядае яе адзіная дачка Рэгіна Мікалаеўна. Лёс у Марыі Сільвестраўны быў нялёгкім: у час гітлераўскай акупацыі забілі мужа Мікалая, якога яна вельмі кахала, а праз два тыдні  нарадзіла дачку. Выхоўвала яе адна, замуж больш не вый-
шла. Сама дабудоўвала хатку, надрывалася за працадні ў калгасе, трымала гаспадарку. Дачка, сама ўжо даўно пенсіянерка, клапоціцца пра матулю. У доўгажыхаркі чацвёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў. «Каб была пісьменніцай, напісала б кнігу пра свой цяжкі лёс», — аднойчы сказала дачцэ стогадовая жанчына.  

Дагледзець бацькоў – святы абавязак

«Мама навучыла нас усяму самаму лепшаму, што мы ўмеем, – гатаваць, парадак у доме падтрымліваць, агарод садзіць, грошы зарабляць. Мы ўсе працаваць любім!» – з удзячнасцю і любоўю расказваюць дочкі пра сваю матулю Таццяну Гатковіч, якой 100 гадоў споўнілася 18 кастрычніка. Нарадзілася Таццяна Пятроўна ў Гаеўцах, замуж выйшла ў Аборак. Яе муж Пётр Гіляравіч ваяваў, дайшоў да Берліна. У іх тры цудоўныя дачкі Ганна, Алена і Людміла. Старэйшая Ганна ўзяла на сябе клопаты па доглядзе матулі, якая вось ужо 14 гадоў прыкаваная да ложка. Велізарная праца – штодня даглядаць ляжачага чалавека, карміць яго з лыжачкі, уставаць па начах. Дачка ўдзячная за дапамогу сацыяльнаму работніку Наталлі Яцыновіч, якая штодня прыходзіць да іх. Між тым Ганна Пятроўна не скардзіцца на лёс, прызнаецца, што без мамы жыцця свайго не ўяўляе, і зазначае, што сваю дачку яна назвала Таццянай у гонар мамы.

«Пакуль у нас ёсць бацькі, мы адчуваем сябе дзецьмі, колькі б гадоў нам ні было», — зазначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Барада. «Мая бабуля некалі гаварыла: паміж намі і небам – бацькі, я назаўсёды запомніла гэтыя мудрыя словы», — прадоўжыла гутарку намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская і падзякавала гаспадыні за цеплыню, душэўнасць і любоў, якімі атуляе яна сваіх блізкіх. На жаль, сёння ёсць і зусім адваротныя прыклады: калі пры здаровых і забяспечаных дзецях састарэлыя бацькі вымушаны дажываць свой век у інтэрнатах, на сацыяльных ложках у бальніцах… Усё гэта не матэрыяльныя праблемы, а найперш праблемы чалавечага сумлення.

Павага да сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў, пераемнасць пакаленняў – надзвычай важныя сямейныя каштоўнасці ва ўсе часы. Памятайце мудрыя словы 102-гадовай Веры Лавор: «Сям’я – самае галоўнае для кожнага чалавека!».

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Свята на Маладзечанскіх электрасетках

Надоўга запомніцца калектыву Маладзечанскіх электрасетак урачыстасць з нагоды Дня маці. Свята было па-сямейнаму цёплым, багатым на светлыя пачуцці. Яно падарыла радасны настрой, дало магчымасць яшчэ раз выказаць любоў і ўдзячнасць самаму роднаму і блізкаму чалавеку на зямлі.

Віноўніцы ўрачыстасцi пачулі ў гэты дзень шмат добрых, шчырых, душэўных прысвячэнняў у свой адрас. З прывітальным словам звярнуўся да іх дырэктар прадпрыемства Сяргей Сарычаў. Ён пажадаў жаночага шчасця, поспехаў, радасці ад дзяцей. Былі таксама кветкі і падарункі. Вядучыя свята Эла Лапко і Арцём Нікалайчук запрасілі на сцэну мнагадзетных мам, якія працуюць на прадпрыемстве. Памятныя падарункі ім уручыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце і будаўніцтве, намеснік старшыні прафкама Іван Кунцэвіч.

Сяргей Сарычаў віншуе са святам аператара аддзела кантролю і справаводства, маці чатырох дачушак Алёну Луцкую.



Дзякуючы рэжысёрскай задуме Надзеі Сідарэнка свята арганічна спалучыла цудоўныя песні і вершаваныя радкі, нікога не пакінулі раўнадушным відэасюжэт «Мама ты моя, богомолица» і тыя хвіліны, калі на экране з’явіліся сямейныя фотаздымкі супрацоўніц прадпрыемства з іх дзецьмі. Чуллівым было віншаванне самых маленькіх артыстаў — выхаванцаў дзіцячага сада №15, адрасаванае мамам. Лірычную нотку дадала і выстава малюнкаў навучэнцаў мастацкіх школ вобласці. Не шкадавала зала апладысментаў удзельнікам творчых калектываў дзіцячага цэнтра культуры «Расток».

Людміла ЦАР. Фота: Аляксей ПЛАТКО.