— Ён стаяў на школьным двары з фотаапаратам на шыі, з усіх бакоў яго акружалі дзеці, — успамінае яна. — З першых слоў мне здалося, што ведала яго ўсё жыццё! З ім можна было размаўляць пра ўсё на свеце, катацца на каньках і лыжах, ездзіць у тэатр, хадзіць у паходы.
Усяго месяц спатрэбіўся ім, каб зразумець, што яны створаны адзін для аднаго, і пажаніцца. Гэтаму не перашкодзіла, што Людміла не любіла матэматыку і, як з усмешкай прызнаецца, да гэтага часу бачыць у снах, што здае па ёй экзамен…
Працягваючы тэму спадчыннасці, Людміла Аляксееўна дадае, што родная цётка мужа – таксама матэматык, а яго стрыечны брат Марцін Голуб, які жыве ў Польшчы, — вядомы навуковец у тэхнічнай галіне. Ён у 36 гадоў стаў доктарам тэхнічных навук. Парадаваліся Зубовічы і за аднаго з польскіх пляменнікаў Пшэмы-слава Лабыня, які заняў другое месца на еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе ў Францыі…
Вучыўся сам, натхняў падначаленых
З пераездам у Маладзечна Леаніду Канстанцінавічу давялося змяніць сферу дзейнасці. Настаўнікам уладкавацца не ўдалося, пайшоў рабочым на завод «Электрамодуль». Вельмі хутка яго перавялі ў майстры, неўзабаве паступіў на завочнае аддзяленне ў полі-тэхнічны інстытут. Адпрацаваў на прадпрыемстве 25 гадоў, быў начальнікам цэха гібрыдна-інтэгральных схем і транзі-стараў. На заводскай алеі славы быў змешчаны яго партрэт.
Успамінаючы той час, Людміла Аляксееўна гаворыць, што доўгі час ім даводзілася наймаць жыллё. Калі быў парторгам, муж мог папрасіць, каб выдзелілі кватэру, аднак праяўляў прынцыповасць: «Буду, як усе, атрымліваць па чарзе!». Чарга падышла, калі сын і дачка паступілі ў інстытуты…
Многія рабочыя ўдзячныя свайму кіраўніку за тое, што заахвоціў іх да вучобы, падтрымаў у жаданні атрымаць адукацыю. Колькі кантрольных, курсавых і нават дыпломаў дапамог ім напісаць! Менавіта тады, у 1970-я гады, і пачалося яго рэпетытарства. Толькі было яно абсалютна бескарыслівым. Дапамагаў іншым, бо сам выдатна разбіраўся ў дакладных навуках, увесь час імкнуўся пашыраць свае веды, быў адкрыты да ўсяго новага.
Пасля працаваў начальнікам аддзела эксплуатацыі, аварыйнай службы ў гаргазе, вы-кладаў у ПТВ і школе-інтэрнаце, вёў падрыхтоўчыя курсы ва ўлікова-планавым тэхнікуме. А з 2000 года афіцыйна стаў працаваць рэпетытарам. І вось што адметна: аб’явы аб сваіх паслугах у газетах ці на тэлебачанні ніколі не змя-шчае. Вучні прыходзяць па рэкамендацыях знаёмых, і жадаючых столькі, што даводзіцца адмаўляць.
Медалі – пасля паступлення
На адзнакі, якія вучні атрымліваюць у сваіх школах і гімназіях, Леанід Канстанцінавіч не асабліва звяртае ўвагу. Тэсціруе кожнага сам, падбірае групы ў залежнасці ад узроўню ведаў. Педагог перакананы, што заняткі ў групах па 3-4 чалавекі лепш стымулююць, чым індывідуальныя. Элемент спаборніцтва, жаданне быць не горшым за іншых гэтаму спрыяюць.
— Ніколі не перастаю здзіўляцца, як даходліва і хутка мой муж умее тлумачыць вучням незразумелыя тэмы. Прыслухоўваючыся, я і сама стала ў многім разбірацца, — з усмешкай гаворыць Людміла Аляксееўна. — Калі ён расказвае пра розныя фізічныя з’явы, у ход ідуць каструлі, акумулятары, дзверы. На геаметрыі яны з дзецьмі круцяць табурэткі… Неяк з нашай унучкай Крысцінай (яна, дарэчы, мае здольнасці да ўсіх навук) за гадзіну прайшоў па фізіцы ўсё, што яны ў класе вучылі цэлую чвэрць…
А яшчэ мне вельмі падабаецца, што муж выхоўвае сваіх вучняў, вучыць іх добрым манерам. Напрыклад, заўсёды нагадвае хлопчыкам, каб прапускалі наперад дзяўчат.
Можна сказаць, рэпетытарства стала сямейнай справай Зубовічаў. Людміла Аляксееўна стараецца ва ўсім дапамагаць мужу, стварае ўмовы для яго плённай працы. Як радуюцца яны поспехам кожнага вучня! Пасля залічэння ў ВНУ абавязкова запрашаюць іх у госці на кубачак гарбаты і салодкі стол. Тым, хто набраў на ЦТ найбольш балаў, Леанід Канстанцінавіч дорыць шакаладны медаль і сшытак з пажаданнем «Радасці у вучобе!». Сапраўды, гэта вельмі важна – вучыцца, а потым і працаваць з радасцю, задавальненнем. Так, як усё жыццё гэта робіць Леанід Зубовіч.
— У сваіх вучняў ён укладвае ўсю душу, аддае ім свае веды і сам маладзее, — з любоўю гаворыць жонка, з якой яны вось ужо 48 гадоў разам ідуць па жыцці.
Польскую вывучыў, на чарзе – англійская
Акрамя дакладных навук, у Леаніда Канстанцінавіча шмат іншых захапленняў. Адно з іх – спорт. У маладосці кожны новы дзень пачынаў з прабежкі, цяпер шмат ходзіць па горадзе пешшу.
Любіць працу на зямлі, захапляецца агародніцтвам, пчалярствам, пасадзіў сартавы сад на сваёй дачы ў Лебедзеве, адкуль родам Людміла Аляксееўна.
Маці Леаніда Канстанцінавіча была полькай, уся блізкая радня па мацярынскай лініі жыве ў суседняй краіне. Гэта стала стымулам вывучыць польскую мову, якой Зубовіч выдатна валодае, на якой чытае сур’ёзныя кнігі па гісторыі. Нядрэнна ведае і нямецкую, якую вучыў у інстытуце. Цяпер захапіўся англій-скай, займаецца на курсах «Ешка».
Усёй сям’ёй Зубовічы любяць падарожнічаць па Польшчы, дзе жыве шмат сваякоў, па Прыбалтыцы, куды запрашаюць сябры. А яшчэ ў мужа і жонкі ёсць даўняя традыцыя: раз на месяц ездзіць у сталічныя тэатры. Раней аддавалі перавагу опернаму, у апошні час вельмі палюбілі Купалаўскі.
Нядаўна Леанід Канстанцінавіч адзначыў свой юбілей. Было нямала віншаванняў ад сваякоў і сяброў, калег і вучняў. Яго ведаюць вельмі многія ў гора-дзе: калі ідзе па вуліцы, кожны другі з ім вітаецца.
— А я жадаю свайму дарагому мужу найперш здароўя! – гаворыць яго верная спадарожніца. – І каб яго заўсёды радавалі як свае дзеці, унукі, так і вучні, якія за час рэпетытарства становяцца блізкімі людзьмі, лёс якіх нам неабыякавы.
Фота: архіў СЯМ’І ЗУБОВІЧ.