Новости Молодечно и Молодечненского района

Зберагчы дзяцінства

  • 2018-12-03 06:07:37
  • Алег Бяганскі

З апорай на дзяржаву

— На жаль, не ўсе мамы і таты надаюць належную ўвагу выхаванню дзяцей, — падкрэсліў у час семінара намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Маркевіч. – Дэкрэт №18 якраз і закліканы нагадаць, а калі трэба і абавязаць нядбайных бацькоў стварыць для сыноў і дачок годныя ўмовы.

Такім чынам, дзяржава гарантуе забеспячэнне правоў і законных інтарэсаў дзяцей у нядобранадзейных сем’ях. Важна і тое, што дакумент узмацняе адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей. У гэтым яго прафілактычны эфект.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч адзначыла, што ў рэспубліцы многае робіцца для ўмацавання інстытута сям’і. Пры гэтым прыярытэтнай задачай з’яўляецца ўстараненне прычын сацыяльнага сіроцтва. У яе вырашэнні задзейнічаны як дзяржаўныя органы, так і грамадскія арганізацыі. Асноўная ўвага сканцэнтравана на захаванне дзіцяці ў біялагічнай сям’і.

Людміла Мікалаеўна прапанавала наступныя напрамкі прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва — развіццё дзяржаўна-грамадскага партнёрства для рэалізацыі адпаведных праектаў і ініцыятыў, заахвочванне валанцёрскага руху, увядзенне ў школьную праграму прадмета, накіраванага на фарміраванне сямейна-маральных каштоўнасцей.

Ёсць такія прыклады!

У час семінара было наглядна прадэманстравана, што на Маладзечаншчыне назапашаны вялікі вопыт абароны правоў непаўналетніх. Так, удзельнікі мерапрыемства былі ў захапленні ад дружнай сям’і Шчурскіх з вёскі Насілава. Пад апекай бацькоў — выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу Вольгі і Сяргея дзявяцера дзяцей (двое сваіх і сямёра прыёмных). Самаму малому два годзікі, старшаму – пятнаццаць. І ўсім хапае любові, ласкі і ўвагі.

— Такія сем’і, як наша — добры варыянт дапамогі дзецям, для якіх жыццё з біялагічнымі маці і бацькам немагчымае. Тут яны могуць цалкам раскрыць свае таленты, сацыялізавацца ў грамадстве, — падкрэсліла мама Вольга.

Сям’я Шчурскіх.



Пра валанцёрскі інавацыйны праект дапамогі дзецям з нядобранадзейных сем’яў расказала дырэктар Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» Наталля Усцюшэнка. Работы вядуцца па адукацыйным, сацыяльным, экалагічным і іншых напрамках. Мэтавая група — непаўналетнія ў сацыяльна небяспечным становішчы і тыя дзеці, якія стаяць на ўсіх відах уліку. Валанцёры прыцягваюцца з «Маладзіка», а таксама ўстаноў адукацыі горада і раёна.

Наколькі эфектыўным можа быць супрацоўніцтва з бацькамі ў пытаннях выхавання дзяцей, ведаюць у сярэдняй школе №5. Тут рэалізуецца міжнародны праект сумесна з Хайнбергскай гімназіяй нямецкага горада Гётынгена.

— У рамках праекта адбываюцца візіты навучэнцаў абедзвюх краін, — расказала намеснік дырэктара школы Алена Парахня. – Прычым дзеці жывуць у сем’ях, знаёмяцца з культурай і традыцыямі Беларусі і Германіі. Штогод нямецкім бокам праводзіцца збор грашовых сродкаў, на якія закупляюцца тэст-палоскі і глюкометры для юных маладзечанцаў, хворых на цукровы дыябет.

Дынаміка станоўчая

Па інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама Алесі Лукоўскай, на Маладзечаншчыне наладжана эфектыўная работа па абароне дзяцей з нядобранадзейных сем’яў і папярэджанні сацыяльнага сіроцтва. Прычым асноўную ролю адыгрывае каардынацыйны савет, галоўная задача якога — выпрацоўка адзіных дзеянняў, накіраваных на абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Намаганні ўсіх зацікаўленых арганізацый даюць станоўчыя вынікі.

Так, з пачатку рэалізацыі Дэкрэта №18 у раёне захавана 127 сем’яў, каля 250 дзяцей вернуліся да бацькоў, што склала 62,7 працэнта ад колькасці дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржабароне.
Усяго на пачатак кастрычніка на ўліку ва ўстановах адукацыі стаялі 154 сям’і, у якіх 326 дзяцей жылі ва ўмовах сямейнага недабрабыту. У пачатку года іх было 386.

Колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы па прычыне п’янства бацькоў, за год знізілася з 118 да 103. Гэта вынік комплекснай міжведамаснай работы з бацькамі непаўналетніх.

Сёлета за 9 месяцаў у біялагічныя сем’і вернуты 22 дзіцяці (88 працэнтаў). За мінулы год — 6 дзяцей (працэнт вяртання — 31,6).

На Маладзечаншчыне таксама зніжаецца сацыяльнае сіроцтва. Колькасць выяўленых дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, зменшылася з 24 за 9 месяцаў 2017 года да 13 за аналагічны перыяд 2018-га.

У прафілактычнай рабоце з абавязанымі асобамі вялікую ролю адыгрываюць прафсаюзныя і ідэалагічныя структуры. Яны падтрымліваюць тых, хто добра працуе.

Па стане на 1 кастрычніка ў раёне налічвалася 456 абавязаных асоб. Дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх зацікаўленых структур доля кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, за апошнія два гады вырасла з 51,3 да 61,8 працэнта.

Фота: Лілія Ліпніцкая.