Жыхар вёскі Трапалава, намеснік старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі Маркаўскага сельсавета Мікалай КОТ стварыў у сваім доме музейны пакой.
Экспанаты расказваюць пра мясцовых жыхароў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, землякоў, якія праславілі родны край, гісторыю нашай краіны, дзейнасць ветэранскай арганізацыі. Ёсць падборка краязнаўчай літаратуры, тэматычныя аўдыёзапісы…
– Стварэнне музейнага пакоя – знак павагі да дзяржавы, якая дапамагла мне рэалізавацца як чалавеку і грамадзяніну, – адзначыў Мікалай Мікалаевіч. – Мая матуля была інвалідам. Я выхоўваўся ў дзіцячым доме. Дзяржава дапамагла стаць на ногі, дала адукацыю, падтрымлівала ў жыцці. За гэта я ёй шчыра ўдзячны.
Інфармацыю для хатняга музея прадставілі Маркаўскі сельвыканкам і СДК. Некаторыя факты Мікалай Кот устанавіў асабіста. Паслухаць яго аповед і далучыцца да гісторыі прыходзяць землякі, у тым ліку моладзь. Былі тут жыхары Мінска, Заслаўя.
На думку актывіста ветэранскага руху, людзі павінны ведаць мінулае, захоўваць гістарычную памяць. Гэта дапамагае будаваць будучыню.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ