Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама дзень наймальніка правяло прадпрыемства «Кранаспан» — найбуйнейшы вытворца драўняных пліт і падлогавых пакрыццяў.
Бліжэйшы з двух беларускіх заводаў размешчаны ў Смаргоні, і пачынаючы з 2012 года жыхары нашага раёна і навакольных гарадоў разглядаюць гэта прадпрыемства як месца для працаўладкавання.
Пачатку мерапрыемства чакалі даволі шмат людзей, пераважна мужчыны сярэдняга ўзросту.
Спецыяліст па падборы персаналу Ганна Штадгауз коратка расказала аб заводзе і асаблівасцях працы, дастаўцы ў Смаргонь, забеспячэнні спецадзеннем. Заўважыла, што цяпер прадпрыемства актыўна пашыраецца. Шанц знайсці работу ў той дзень быў у слесараў, вадзіцеляў пагрузчыкаў розных відаў, аператараў ліній, вадзіцеляў, падсобных рабочых. Анкеты саіскальніка мог запоўніць і здаць (ці адправіць па пошце) кожны жадаючы.
Ганна звярнула ўвагу на тое, што вытворчасць на «Кранаспане» высокатэхналагічная, інтэнсіўнасць працы таксама высокая. У практыцы завода правядзенне прафесійнага навучання, перанавучання і павышэння кваліфікацыі.
— Напрыклад, для работы на нашых лініях патрабуюцца аператары не ніжэй за 4 разрад. Гэта ж тычыцца вадзіцеляў пагрузчыка і г.д. Ёсць наогул унікальныя для Беларусі спецыяльнасці. Лепшыя работнікі трапляюць на перанавучанне нават у Расію і Польшчу. Часта ў дадатак да адной прафесіі патрабуецца наяўнасць яшчэ адной, і такую магчымасць мы таксама даём, — звярнула ўвагу прадстаўнік работадаўца.
Саіскальнікі маглі атрымаць адказы на пытанні, аднак Г. Штадгауз паведаміла, што памер аплаты працы агаворваецца ў выніку субяседавання непасрэдна на прадпрыемстве.
Што прывяло маладзечанцаў на дзень наймальніка ў цэнтр занятасці і чаму яны не працаўладкаваныя? У кожнага свая гісторыя.
Міхаілу 32 гады. Ён расказаў, што беспрацоўным з’яўляецца тры дні.
— У свой час дзесяць гадоў праслужыў ва Узброеных сілах. Апошняе месца працы — адзін з камбінатаў горада. Абяцалі павысіць заробак, але пры гэтым паднялі і норму. Зарплату ж сталі затрымліваць. Я работы не баюся. Які заробак задаволіў бы мяне? Канешне, не 300 рублёў. Я пабудаваў па крэдыце жыллё, выплаты вялікія. Таму хаця б 600 рублёў.
Андрэю 55 гадоў, і ён перажывае, што яго ўзрост часам з’яўляецца абмежаваннем у працаўладкаванні:
— Сам з Расіі. Трапіў у Маладзечна па сямейных абставінах. Спіртным не злоўжываю. На ЗМК адпрацаваў амаль 20 гадоў. Я вопытны кранаўшчык, пачынаў яшчэ ў Расіі, у плавільных цэхах. Апошнім часам зарплату на ЗМК выдавалі часткамі, і я вырашыў звольніцца. Без работы два месяцы. На «Кранаспан» буду прасіцца падсобным рабочым. Падсобнікам працаваў на будоўлі.
Аксана хутка выходзіць з дэкрэтнага адпачынку і спадзяецца на вакансію тэхніка-лабаранта.
— Па адукацыі я інжынер-хімік-тэхнолаг. Па размеркаванні прыйшла на «Спадарожнік», затым працавала па спецыяльнасці на ліцейным заводзе. Прадпрыемства было ліквідавана. У нас з мужам двое дзяцей, і мне абавязкова патрэбна работа.
Па заканчэнні дня наймальніка Ганна Штадгауз расказала, што прыняла на месцы каля трох дзясяткаў анкет. І нагадала, што на прадпрыемстве разглядаюцца ўсе кандыдатуры без асаблівых абмежаванняў. Але адна з самых галоўных якасцей прэтэндэнтаў на вакансіі — жаданне працаваць і вучыцца новаму.
Кампанія «Kronospan» заснавана ў 1897 годзе, яе гісторыя пачалася з невялікай сямейнай лесапільні ў Аўстрыі. Сёння гэты індустрыяльны гігант аб’ядноўвае каля 30 прадпрыемстваў у 24 краінах свету.
Практыка правядзення дзён наймальніка ў Маладзечне будзе прадоўжана.
Фота: Лілія ЛІПНІЦКАЯ.