Новости Молодечно и Молодечненского района

«Запляці, Марыя, мае стужкі ў косы…»

  • 2019-09-09 06:42:08
  • Анжаліка Крупянькова

— Мы Іван ды Мар’я, — гавораць пра сябе жыхары Чысці Іван і Марыя Кулікі, якія праз 50 гадоў пасля ўступлення ў шлюб зноў сталі жаніхом і нявестай.

Прыгожая і вельмі гарманічная пара. Такая ж прыгожая і гісторыя іх кахання. Яны выраслі па суседстве ў вёсцы Сярэдняе Сяло, што на Валожыншчыне. Янку было восем гадоў, калі ў яго лепшага сябра Валодзі Бэндзіка, з якім за адной партай у школе прасядзеў дзесяць гадоў, нарадзілася сястра Маруся. Дапамагаў Валодзьку за ёй прыглядваць, адносіўся, як да малодшай сястры. Іван быў старэйшым сярод траіх дзяцей у сваёй сям’і. Падлеткам разам з бацькам-кавалём рамантаваў калгасны інвентар, арудаваў васьмікілаграмовым молатам, накачваў мускулы. Пасля школы паступіў у будаўнічае вучылішча, затым добраахвотнікам паехаў у Казахстан на ўзвядзенне па тых часах самага буйнога ў свеце Сокалаўска-Сарбайскага горнаўзбагачальнага камбіната. Адтуль прызвалі ў армію, у паветрана-дэсантныя войскі. На рахунку Івана Куліка 64 скачкі з парашутам, ён мае пасведчанне інструктара парашутна-дэсантнай службы. У 1960-я гады ў арміі служылі тры гады. Пасля двух гадоў за выдатную службу яго заахвоцілі водпускам. Амаль чатыры гады ён не быў у роднай вёсцы. Лепшы сябар Валодзя таксама быў у арміі. Зайшоў праведаць яго бацькоў.

— Як цяпер памятаю, бягу дадому, косы да пояса развіваюцца, — успамінае маладосць Марыя Уладзіміраўна. — Я шустрая, бойкая была, усюды хацела паспець. Мяне равеснікі звалі «атаман Маруська». А мама з парога кажа: «Ідзі хутчэй у хату! Янка з арміі прыйшоў, хоча цябе бачыць». І вы ведаеце, нешта ў сэрцы ёкнула, можа, адчула, што гэта лёс мой… Засаромелася, зачырванелася. Павіталіся, Янка з бацькамі размаўляе, а на мяне ўсё паглядвае. Пачаў заходзіць да нас, падарыў мне белыя стужкі ад парашута. Папрасіў уплесці іх у косы і запрасіў на праводзіны, што яго бацькі наладзілі ў канцы водпуску. Дадому правёў, пацалаваў на развітанне. А з арміі пісьмы пачаў пісаць, аднойчы паштоўку прыслаў з ружамі вельмі прыгожую… Але я сяброўкам не расказвала пра яго, быццам баялася шчасце сваё сурочыць…

Такімі Іван і Марыя ў пачатку сумеснага жыцця.

Пасля арміі Іван паступіў у Гродзенскі медінстытут, Марыя закончыла Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум, пайшла працаваць намеснікам галоўнага бухгалтара Гарадоцкага сельпо. Акурат у дзень, калі ёй споўнілася 20 гадоў, 26 жніўня 1969-га, яны пажаніліся. Сабралі радню на сціплы вечар. Нявеста была ў белай сукенцы, а вось пярсцёнкамі не абменьваліся, купілі іх значна пазней. Іван на той час быў трэцякурснікам, падпрацоўваў, каб наймаць кватэру ў Гродне.

Потым быў Камянец на Брэстчыне, куды маладога ўрача накіравалі на работу. Як напамін пра той час – тэксты палескіх песень, перапісаныя Марыяй у агульны сшытак. Многія з іх Кулікі памятаюць і сёння, іншы раз спяваюць сямейным дуэтам.

— Памятаю, прыбеглі дамоў на абед, настрой добры, я песню зацягнула, муж падпявае. А дзверы кватэры мы ніколі не зачыняем. Суседка зайшла, спевы пачула, рашыла, што госці ў нас. «Якія госці? Мы на абед прыйшлі!» — з усмешкай успамінае Марыя Уладзіміраўна.

Іх старэйшая дачка Жанна нарадзілася ў Гродне, сярэдняя Ірына – на Палессі, а малодшая Надзея – ужо ў Чысці, куды сям’я пераехала ў 1976 годзе, каб быць бліжэй да пажылых бацькоў. З гэтага часу Іван Канстанцінавіч працуе ў мясцовай участковай бальніцы. Быў урачом-рэнтгенолагам, тэрапеўтам, педыятрам. Многім людзям дапамог, ратаваў жыцці, нават роды даводзілася прымаць. І цяпер вопытны ўрач запатрабаваны, дзяжурыць у бальніцы. Умее з кожным хворым пагаварыць так, каб ён пачуў словы доктара, паверыў у эфектыўнасць лячэння і адчуў ад гэтага палёгку.

У Марыі Уладзіміраўны таксама багатая працоўная біяграфія. Яна займала пасады галоўнага бухгалтара, затым дырэктара Красненскага рознічна-гандлёвага прадпрыемства, была галоўным бухгалтарам Красненскага торфа-
брыкетнага завода, Маладзечанскай нарыхтоўчай канторы. Ніколі не баялася адказнасці, умела хутка і правільна прымаць рашэнні.

З гордасцю муж і жонка расказваюць пра сваіх дачок, васьмярых унукаў, дваіх праўнукаў, фотаздымкі якіх упрыгожваюць сцены іх утульнай кватэры. Жанна ўслед за татам выбрала медыцыну, працуе намеснікам галоўнага ўрача ў адной з віцебскіх паліклінік. Яе дачка Марыя таксама ўрач. Ірына працавала медсястрой, затым
атрымала вышэйшую эканамічную адукацыю. У выніку сумясціла абедзве спецыяльнасці, яна вядучы спецыяліст медыцынскай службы ААТ «Газпрам», яе сям’я жыве ў Мінску. Надзея засталася ў роднай Чысці, працуе галоўным бухгалтарам у філіяле «Транспартна-лагістычны цэнтр ААТ «Кіраўнічая кампанія холдынгу «Забудова». Цяпер яна ў дэкрэтным водпуску, у яе чацвёра дзяцей. Меншага сына ў гонар таты яна назвала Янам. Імёны залатых юбіляраў паўтарыліся ў іх унуках. І гэта сведчыць аб вялікай любові і павазе дзяцей да сваіх бацькоў.

Расказваюць Кулікі і аб тым, што дзеці, унукі працягваюць не толькі медыцынскую дынастыю, але і перанялі ад бацькоў любоў да музыкі. Ірына закончыла музычную школу па класе домры, Надзея – па класе скрыпкі, як і яе дачка Аня (яна, дарэчы, марыць стаць урачом). Сын Надзеі Ягор сур’ёзна захапляецца спартыўнымі бальнымі танцамі, займае прызавыя месцы, мае шмат узнагарод, сын Марыі Дзіма іграе на гітары.

Сваякі, сябры сабраліся ў Чысцінскім сельвыканкаме на ўрачыстую рэгістрацыю залатога вяселля. Вяла яе кіраўнік спраў Таццяна Марозава. Па традыцыі юбіляры распісаліся ў кнізе ганаровых юбілейных вяселляў, іх павіншавалі старшыня сельвыканкама Павел Філістовіч, выконваючая абавязкі загадчыцы Чысцінскай участковай бальніцы Ірына Рапей. Быў і вясельны вальс у суправаджэнні музыкантаў мясцовай дзіцячай школы мастацтваў на чале з яе дырэктарам Валерыем Сальнікам. Прыгожы абрад – запальванне свечак як сімвала кахання, пачатку новага 50-гадовага этапу сумеснага жыцця. Гучалі песні ў падарунак ад Чысцінскага Дома культуры. Дочкі, зяці, унукі цёпла віншавалі іх, падрыхтавалі цэлую праграму за святочным сталом, шмат прыемных сюрпрызаў. Унукі спявалі ім пад гітару «Бабушка рядышком с дедушкой», дочкі павязалі матулі хустку, вышытую залатымі ніткамі. Яшчэ адзін шчымлівы момант: Марыя Уладзіміраўна праспявала для мужа песню іх маладосці: «А мы случайно повстречались, мой самый главный человек…».

«Галоўнае ў сямейным жыцці – каханне, павага і цярпенне», — лічаць залатыя юбіляры, іх дочкі і зяці.

Але ў гэтай сямейнай пары ўсё было невыпадкова. Нездарма ж пятнаццацігадовая Маруся не магла стрымаць стук сэрца пры сустрэчы з Янкам, калі ён прыехаў у водпуск з арміі. Беспамылкова адчула: ён яе шчаслівы лёс…


Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І КУЛІК.