Новости Молодечно и Молодечненского района

За любой прыгажосцю шмат часоў працы. У гэтым упэўнены Генадзій Гаўрыс

  • 2024-06-13 07:09:00
  • Татьяна КНЯЗЕВА

Адкрыццё першай выставы, прысвечанай літаратурна-музычным мясцінам Маладзечаншчыны, адбудзецца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча 15 чэрвеня ў 13.00. Педагогі і навучэнцы Беразінскай дзіцячай школы мастацтваў прадставяць у якасці падарунка ўдзельнікам і гасцям мерапрыемства музычнае суправаджэнне.

– Безумоўна, на сустрэчы будуць прысутнічаць мастакі. Але ўсе сакрэты раскрываць не буду, – удакладняе Генадзій Гаўрыс, ураджэнец аграгарадка Беразінскае. – Адзначу толькі, што чакаецца таксама выкананне бардам песень на словы пісьменніцы, паэтэсы XIX стагоддзя Альбіны-Габрыэлы Пузыны, нашай зямлячкі.

Субяседнік адзначыў, што на экспазіцыі «Маладзечанскія літаратурныя мясціны» будуць прадстаўлены пакуль толькі гарадзілаўскія, яхімоўшчынскія і палачанскія мясціны.

– Мы з мастакамі робім першы крок і не збіраемся спыняцца, – дзеліцца планамі Генадзій Баляслававіч. – Маляўнічых куточкаў на Маладзечаншчыне вельмі шмат! Калі ўдача будзе спадарожнічаць нам і Бог дасць здароўя – толькі ўявіце сабе, колькі родных і мілых сэрцу краявідаў можа быць некалі прадстаўлена на карцінах...

Дарэчы, праз нашу газету некалькі месяцаў таму жыхарка Беразінскага Алена Краснашчок выказвала падзяку Генадзію Баляслававічу, яго радні і актывістам-аднадумцам за тое, што яны талакой прыбіраюць гарадзілаўскі парк. Свет цесны: нядаўна мне на вочы трапіла відэа, у якім Генадзій Гаўрыс запрашае ўдзельнікаў такіх суботнікаў да сябе ў госці. Запрашае, каб такой жа талакой адпачыць, пабыць гледачамі падрыхтаванага настаўнікамі і вучнямі мясцовай музычнай школы справаздачнага канцэрта. І запланаванае мерапрыемства адбылося – атрымалася сустрэча маленькіх і дарослых беразінцаў, якія шануюць свае карані, дораць адзін аднаму час, свае клопат і любоў. Атрымалася сустрэча ў мястэчку, дзе ў XIX стагоддзі ладзіла літаратурна-музычны тэатр Альбіна-Габрыэла Пузына, дзе выконвалі свае творы Станіслаў Манюшка і Міхал Клеафас Агінскі.

Будзем спадзявацца, што такая ж сяброўская сустрэча адбудзецца і ў суботу ў раённай бібліятэцы. Творцы шчыра запрашаюць усіх жадаючых!

Таццяна КНЯЗЕВА