Ніна СТАНЕВІЧ добра вядомая не толькі жыхарам вёсак Груздава, Зоранька, Гаеўцы, аграгарадка Палачаны, але і чытачам «Маладзечанскай газеты».
Ніна Аляксандраўна добра ведае гісторыю гэтых населеных пунктаў, якія лічыць сваёй малой радзімай, яе працавітых, спагадлівых жыхароў, таму часта дзеліцца з журналістамі «раёнкі» цікавымі фактамі, свежымі навінамі, падказвае тэму для публікацыі. Але гэты матэрыял будзе пра саму Ніну Станевіч.
Калі прынята лічыць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, то актыўны праяўляе гэту якасць таксама заўсёды. Даведаўшыся аб зборы манет для помніка, што павінны ўстанавіць на Паклоннай гары ў Маскве, мая гераіня арганізавала збор. Той, хто ведае Ніну Станевіч, ніколькі не здзівіцца гэтаму факту, бо яе аптымізму, бадзёрасці, энергіі і жаданню жыць актыўна трэба павучыцца. Аднак я хачу патлумачыць, што ў гэты час Ніна Аляксандраўна знаходзілася ў афтальмалагічным аддзяленні на лячэнні. І ўсё ж гэта не перашкодзіла ёй: збор прайшоў вельмі паспяхова, і хутка манеты былі ва ўстаноўленай на чыгуначным вакзале урне.
Калі гераіня дзялілася са мной гэтай навіной, яна шчыра радавалася:
– Ніхто не застаўся ўбаку! З усіх палат прыходзілі. Нехта ўспамінаў загінулых на вайне сваякоў... Мы вельмі рады, што ўнеслі свой уклад. Манетка да манеткі – збярэцца нядрэнная сума.
Ніна Аляксандраўна, несумненна, мае рацыю. Але ў гэтай сітуацыі не толькі ў намінале грашовых сродкаў справа. А ў тым, што вечна: суперажыванне, уменне аб’яднацца ў няпросты час, не прайсці міма. Пакуль гэтыя якасці ў прыярытэце, нас як нацыю не зламаць.
Людміла НЕХВЯДОВІЧ