Нездарма па выніках мінулага года яна ў другі раз за апошняе пяцігоддзе прызнана лепшым прадстаўніком органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, яе партрэт будзе змешчаны на раённай Дошцы гонару.
— Жанна Іванаўна вельмі адказны, прынцыповы, патрабавальны чалавек. Яна ведае людзей, якія жывуць у замацаваных за ёй населеных пунктах, заўсёды гатова прыйсці ім на дапамогу, агучыць праблемы ў сельсавеце, — заўважае старшыня Лебедзеўскага сельскага Савета дэпутатаў Тамара Дудзіч.
Жанна Гамолка з’яўляецца таксама членам агляднай камісіі сельвыканкама, якая вядзе з насельніцтвам работу па прафілактыцы супрацьпажарнай бяспекі, навядзенні парадку на зямлі, трымае ў полі зроку нядобранадзейныя сем’і. А ў нядаўняй кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў Жанна Гамолка ўпершыню была намеснікам старшыні ўчастковай выбарчай камісіі і выдатна справілася са сваімі абавязкамі.
Жанна Іванаўна адна з самых вопытных сярод 25 стараст Лебедзеўскага сельсавета. Землякі выбралі яе на гэту грамадскую пасаду яшчэ ў 2006 годзе. Жыве яна ў Малой Боркаўшчыне больш за 30 гадоў. Ураджэнка Любаншчыны, яна выйшла замуж за мясцовага жыхара Мікалая Гамолку. Усім сэрцам прыкіпела да прыгожых мясцін, знайшла паразуменне з суседзямі і аднавяскоўцамі. Шкада толькі, што за гэтыя дзесяцігоддзі зменшылася насельніцтва малых вёсак. Зімой усяго ў дзясятку дамоў свецяцца вокны ў Вялікай Боркаўшчыне і Скаварошчыне, 16 жылых дамоў у Малой Боркаўшчыне, 20 – у Грудках, дзе найбольш жыве маладых сем’яў, многія працуюць на мясцовай ферме. Летам жыхароў прыбаўляецца: прыязджаюць дачнікі, адпачываюць на бацькоўскіх сядзібах дзеці, унукі.
Шмат розных пытанняў вырашала стараста за гэтыя гады. Адно з самых сур’ёзных – замена электрычных слупоў у Малой Боркаўшчыне. «Старыя слупы ставілі яшчэ ў сярэдзіне 1960-х гадоў, у дамах часта прападала электрычнасць, — расказвае субяседніца. – Мясцовыя ўлады пайшлі нам насустрач, цяпер у нас выдатнае вулічнае асвятленне, няма ніякіх праблем з электрычнасцю ў дамах».
Звяртаюцца да старасты землякі, калі трэба добраўпарадкаваць дарогу, прайсціся грэйдарам, або ўзнікаюць праблемы з водазабеспячэннем, не працуюць калонкі. У сваю чаргу, Жанна Іванаўна просіць мясцовых жыхароў падтрымліваць парадак у сваіх дварах, на вуліцы каля падворкаў. Наладжана і злабадзённае для сельскай мясцовасці пытанне вывазу смецця. У Скаварошчыне і Грудках устаноўлены кантэйнеры для яго збору, у Вялікай і Малой Боркаўшчыне па серадах яго збірае машына. У зоне ўвагі старасты і забеспячэнне вяскоўцаў прадуктамі. Справа ў тым, што ні ў адной з чатырох вёсак няма магазіна, у кожную два разы на тыдзень – па панядзелках і чацвяргах – прыязджае аўтакрама. Прыходзіць яна па графіку, асартымент тавараў задавальняе насельніцтва, прадукты расфасаваныя па пакетах, на кожным указана цана. Сёлета снежным лютым пакідала стараста заяўкі ў сельвыканкаме на расчыстку ад снегу дарог, і тэхніка спраўна прыходзіла. «Я ўдзячная за падтрымку і дапамогу старшыні сельвыканкама Тамары Дудзіч, кіраўніку спраў Наталлі Бычкевіч. Прыемна, што мясцовыя ўлады цэняць нашу працу, ладзяць для нас сустрэчы, запрашаюць на цікавыя мерапрыемствы», — гаворыць Жанна Іванаўна.
Трэба адзначыць, што і прафесія дапамагае ёй паспяхова вырашаць розныя пытанні. Вось ужо 21 год яна працуе у Лебедзеўскай сярэдняй школе, сем апошніх – намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы. Можна сказаць, што наводзіць парадак вакол сябе – яе прафеійнае і жыццёвае крэда.
У гэтым годзе Жанна Іванаўна атрымала вадзіцельскае пасведчанне, цяпер ездзіць на работу за рулём аўтамабіля. Часта ў Лебедзеве заязджае ў магазін, аптэку, каб выканаць заказы сваіх пажылых аднавяскоўцаў. Заходзіць і ў амбулаторыю, выпісвае ім рэцэпты. Гэта, зразумела, не ўваходзіць у кола яе абавязкаў. Але такі яна чалавек: не ўмее адмаўляць, калі людзі звяртаюцца з просьбай.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.