Новости Молодечно и Молодечненского района

З энергіяй -- па жыцці

  • 2024-02-01 04:25:49
  • Ірына Рабушка

На гэтым прадпрыемстве па вырабе касметыкі, што ў яго родным гарадскім пасёлку Радашковічы, Юрый Уладзіміравіч шосты год. Пад яго кіраўніцтвам працуюць два электраманцёры, а ўвогуле ў вытворчым калектыве кампаніі больш за 250 чалавек.

-- Кожная мая рабочая раніца пачынаецца з агляду энергетычнай гаспадаркі: кацельні, індывідуальнага цеплавога пункта (выкарыстоўваецца для абслугоўвання будынка), сістэм прыточнай вентыляцыі і водападрыхтоўкі, -- расказвае субяседнік. -- На працягу дня разам з электраманцёрамі займаемся тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам энергетычнага абсталявання прадпрыемства, у тым ліку сістэм асвятлення, вентыляцыі. Здараюцца і выпадковыя дэфекты ўстройстваў, якія мы аператыўна ліквідуем.

Прадстаўнікам энергетычнай службы даводзіцца запаўняць шматлікую дакументацыю. А пры ўзнікненні непаладак іх могуць выклікаць у любы час сутак, у выхадныя дні, бо спецыфіка кампаніі не дазваляе выконваць пэўныя віды работ у час вытворчага працэсу.

-- Энергетычную службу на прадпрыемствах часта вобразна называюць іх крывяноснай сістэмай. Згодныя з гэтым? -- цікаўлюся ў Юрыя Філістовіча.

-- Абсалютна. Прафесія энергетыка ўвогуле надзвычай важная для стабільнага развіцця краіны, любога населенага пункта ці прадпрыемства. Без энергіі практычна немагчыма пражыць і дня! Без яе ўсё замірае, спыняецца прамысловае, бытавое, медыцынскае абсталяванне. Энергетыка -- гэта сапраўды жыццё. І мне цікава пастаянна самаўдасканальвацца, асвойваць новае абсталяванне, тэхналогіі і вырашаць складаныя прафесійныя задачы.

-- Як вы выбралі прафесію?

-- Пасля школы даволі не проста вызначыцца з будучым шляхам з-за адсутнасці жыццёвага вопыту. У мяне тэхнічны склад розуму, таму мой выбар паў на энергетыку. Палічыў гэту сферу запатрабаванай, у чым не памыліўся. Хаця ў дзяцінстве марыў стаць вадзіцелем, мяне цікавілі аўтамабілі і матацыклы. Мог падоўгу ў гаражы назіраць за тым, як старэйшыя хлопцы рамантуюць тэхніку. Часам дапамагаў ім, што мне асабліва падабалася. Але ўрэшце набыў спецыяльнасць тэхніка-электрыка ў політэхнічным каледжы ў Маладзечне, потым -- інжынера-энергетыка ў аграрным тэхнічным універсітэце. У ВНУ пайшоў па некалькіх прычынах. Па-першае, гэта магчымасць атрымаць больш прэстыжную і высокааплатную работу. Па-другое, кар’ерны рост без вышэйшай адукацыі немагчымы. Па-трэцяе, яна дае больш шансаў для самарэалізацыі і павышэння ўзроўню ведаў.

Першае рабочае месца Юрыя Філістовіча -- Радашковіцкі лінейна-тэхнічны ўчастак РУП «Белтэлекам», дзе быў электраманцёрам лінейных збудаванняў электрасувязі.

Цяпер дзякуючы свайму вопыту ён таксама паспяхова мадэрнізуе абсталяванне, сістэмы на сваім прадпрыемстве, безумоўна, сочыць за бесперабойнай падачай энергіі на ім.

-- Мажліва, камусьці прафесія энергетыка падаецца простай і бяскрыўднай, -- працягвае Юрый Уладзіміравіч. -- Але кожны дзень яна звязана з рызыкай. Ні ў якім разе нельга забываць пра асцярожнасць і бяспеку. Напружанне ў сетцы немагчыма адчуць без дотыку. Дакрануўшыся да аголенай токавядучай часці, лёгка атрымаць удар токам, наступствы якога складана прадугадаць. Напружанне ў сетцы трэба акуратна вызначаць спецыяльнымі прыборамі. Неабходна бездакорна выконваць правілы аховы працы, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў на вытворчасці. У маёй практыцы іх не было. На жаль, яны магчымыя, калі грэбаваць бяспекай.

Па словах галоўнага энергетыка, яго работа пастаянна патрабуе вялікай адказнасці, уважлівасці, арганізаванасці, мабільнасці.

-- Паколькі я працую не толькі з тэхнікай, але і з людзьмі, трэба ўмець прымяняць і якасці кіраўніка, пры гэтым застаючыся неабыякавым і ўніклівым, -- акцэнтуе Юрый Філістовіч.

-- Наколькі вы энергічны чалавек па-за работай? -- не магла не пацікавіцца ў субяседніка.

-- Люблю бавіць час з сям’ёй -- жонкай і дачкой. З задавальненнем разам займаемся спортам, зімой катаемся на лыжах, у цёплы час года ходзім у турпаходы. У родным пасёлку ёсць усё, што нам дае сілы, энергію і сэнс жыцця.

Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў Юрыя ФІЛІСТОВІЧА.