— Вось у гэтым доме я і вырасла, — усміхаецца і адначасова ўздыхае Маргарыта Рыльцова. – Ён памятае маіх бацькоў, бабуль і дзядуляў. Мы ўсе мясцовыя, з гэтай вёскі. Тут, у Аборку, мама працавала на ферме даяркай. Бацька рана памёр. Хварэў…
Маргарыта Васільеўна звяртае маю ўвагу на адну з фатаграфій:
— Гэта я з бабуляй, і мама побач стаіць... Мне было тады два гады, якраз скончылася вайна. А дом пачалі будаваць, калі мне споўнілася ўжо шэсць. Я нават добра памятаю той час. Вельмі ж хацелася хутчэй перасяліцца ў новы дом.
Дзесяцігодку заканчвала дзяўчына ў Палачанах. Планавала паступаць у інстытут. Але не давала спакою думка: а хто маме будзе дапамагаць па гаспадарцы? Яна ж застанецца зусім адна.
— І я перадумала, вырашыла пайсці працаваць у калгас і вучыцца завочна, — працягвае Маргарыта Васільеўна. – Была некалькі гадоў звеннявой, а потым кіраўнік гаспадаркі прапанаваў узначаліць калектыў малочнатаварнай фермы. Спачатку разгубілася. Добра разумела ўсю адказнасць, якая ўскладалася на мяне. Але згадзілася. Паступіла ў Смілавіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы тэхнікум на завочнае аддзяленне, дзе вывучала заатэхнію. Атрыманыя тэарэтычныя веды вельмі спатрэбіліся ў рабоце. У паўсядзённых буднях накопліваўся і прафесійны вопыт, які з часам удасканальваўся. Усё гэта дапамагала мне самастойна вырашаць больш шырокае кола самых складаных пытанняў. Памятаю, прыйшоў да нас працаваць ветэрынарным урачом малады спецыяліст. А тут карова пачала цяліцца. Ён крыху разгубіўся, пачаў нервавацца. Потым звярнуўся да мяне з просьбай дапамагчы. Я адразу зразумела, у чым справа. Хлопец, відаць, толькі па кніжках вучыў прадмет, а практыкі сапраўднай не было. Дапамагла, растлумачыла. Прайшло няшмат часу — і ён выдатна асвоіўся. Усе пытанні, якія тычыліся выканання прафесійных абавязкаў, заўсёды вырашаў своечасова і без усялякіх праблем. Мне ж таксама, калі пачынала, дапамагалі больш вопытныя спецыялісты.У час вучобы ў тэхнікуме (другая злева ў першым радзе — Маргарыта Рыльцова).
Ферма на той час была адной з самых буйных у раёне. Яна ўяўляла сабой цэлы жывёлагадоўчы комплекс, дзе ўтрымлівалася больш за 450 галоў буйной рагатай жывёлы. На ферме працавалі 35 чалавек. Амаль усе яны былі старэйшыя за Маргарыту. Але, нягледзячы на малады ўзрост, загадчыцы ўдалося згуртаваць калектыў, знайсці да кожнага падыход. Гэта адразу адбілася на паказчыках. У раённым спаборніцтве ферма трывала замацавалася сярод лепшых.За высокія дасягненні ў працы ветэран штогод атрымлівала граматы, дыпломы і падзякі.
Хапала часу ў Маргарыты Васільеўны і на сям’ю. У яе з мужам Іванам падрасталі двое дзяцей. Час у клопатах ляцеў хутка. Сёння на ферме працуе цялятніцай ужо яе дачка Ніна Іванаўна. Сын Сяргей Іванавіч адзін з лепшых механізатараў у ААТ «Палачаны». Сёлета ў час жніва перавёз на трактары 1200 тон збожжа. Раней садзіўся за штурвал камбайна. Спачатку ў якасці памочніка была жонка Наталля Станіславаўна, якая працуе настаўніцай пачатковых класаў у палачанскай школе. Потым дапамагаў сын Аляксандр. Ён яшчэ вучнем выбраў сабе прафесію. Пасля школы закончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт і ў якасці дыпламаванага інжынера-механіка вярнуўся ў родную гаспадарку. Пачынаў загадчыкам мехдвара. А з 2019 года — галоўны інжынер ААТ «Палачаны».Ёсць аб чым пагаварыць Маргарыце Васільеўне з дачкой Нінай.
Сын заўсёды наведвае родны дом, дзе вырас, і дапамагае маці па гаспадарцы.
— Дзякуй богу, і мяне не забываюць мае дзеці і ўнукі,— з радасцю ў вачах гаворыць Маргарыта Васільеўна. – Хаця ў іх шмат клопатаў, працуюць з раніцы да вечара, але заўсёды знаходзяць час зайсці. Нядаўна адрамантавалі дах у маім доме. Хутка бульбу пачнём капаць. Зімой, вядома, часцей сустракаемся. Для мяне ж самыя дарагія і чаканыя тыя дні, калі ўсе разам збіраемся вось за гэтым сталом, размаўляем, дзелімся ўспамінамі, будуем планы на будучыню…Дынастыя Рыльцовых: Маргарыта Васільеўна з унукам Аляксандрам, дачкой Нінай і сынам Сяргеем.
Вячаслаў ТАБУЛІН.
Фота: АЎТАР, архіў Маргарыты РЫЛЬЦОВАЙ.