Тое, што пачынаць вывучаць гісторыю роднай зямлі трэба як мага раней, ведаюць усе. У Хоўхлаўскім дзіцячым садзе ёсць такому падыходу відавочны прыклад.
Ля ўвахода ва ўстанову адукацыі размешчана шыльда: «У Хоўхлаве ў другой палове XVI стагоддзя жыў і працаваў славуты асветнік і кнігадрукар Сымон Будны». Такім чынам, юныя вяскоўцы далучаюцца да гісторыі з малых гадоў. Нават чытаць яшчэ не ўмеюць, але ведаюць (пра гэта ім расказалі дарослыя), што лёс вялікага чалавека звязаны з іх малой радзімай.
Цяпер шмат гаворыцца пра захаванне ў моладзі гістарычнай памяці. Праводзяцца розныя тэматычныя мерапрыемствы, складаюцца песні, ствараюцца фільмы, спектаклі... Але вялікая роля ў выхаванні патрыётаў належыць і візуальнаму фактару. Калі пра слаўнае мінулае і славутых асоб нагадваюць помнікі, абеліскі, мемарыяльныя дошкі, гэта дазваляе яшчэ больш адчуць агульны лёс з Радзімай.
У тэму. Сымон Будны (1530-1593) – вялікі філосаф, асветнік і пісьменнік, знакавая асоба ў культуры і гісторыі Беларусі. Ён быў адным з ініцыятараў стварэння друкарні ў Нясвіжы, дзе выпусціў шмат кніг. Будны з’яўляецца прадаўжальнікам друкарскай і асветніцкай справы Францыска Скарыны.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ