Новости Молодечно и Молодечненского района

Якім быў год Тыгра для жыхароў нашага раёна ў мінулым і новым стагоддзях?

  • 2022-01-28 12:51:14
  • Анжаліка Крупянькова

1986 год. Пачатак перабудовы, урокі Чарнобыля, безалкагольныя вяселлі

Наша газета ўсё яшчэ насіла назву «Святло камунізму», выходзіла чатыры разы на тыдзень. Яе галоўным рэдактарам быў Аляксандр Хазянін.

На XXVII з’ездзе КПСС Міхаіл Гарбачоў сур’ёзна пакрытыкаваў «эпоху застою» перыяду праўлення Леаніда Брэжнева і аб’явіў курс на перабудову, на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця. Дэлегатамі партыйнага форуму ў Маскве ад нашага раёна былі брыгадзір паляводчай брыгады саўгаса «Маліноўшчынскі» Марыя Бажко і брыгадзір мантажнікаў Галіна Філатава.

У гэты год лаўрэатамі выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве стаў Маладзечанскі дзяржсортучастак, яго загадчык Ілья Сяргееў узнагароджаны залатым медалём. Дыплом гонару і «Масквіч-412» на ВДНГ атрымаў трактарыст калгаса імя Дзяржынскага Аляксей Давідовіч.

Інфармацыя ТАСС «Урокі Чарнобыля» была апублікавана ажно праз месяц пасля катастрофы – 28 мая. У ёй вельмі сцісла паведамлялася аб уроне, пацярпелых і адсяленні людзей з забруджаных тэрыторый, затое шмат гаварылася аб небяспецы ядзернай зброі.

У гэтым годзе быў узведзены новы будынак Красненскай СШ. Па ініцыятыве старшыні Красненскага сельсавета Міхаіла Калеснікава з дапамогай вайскоўцаў было адноўлена возера на ўскрайку Краснага.

Званне народнай было прысвоена Беразінскай студыі выяўленчага мастацтва, якой кіраваў Мікалай Шчалканогаў.

У ГПТВ-87 адбылося безалкагольнае вяселле навучэнцаў вучылішча Алега Татузава і Ліліі Гулевіч. І гэта была падзея гарадскога маштабу, прыкмета таго часу. Вялі ўрачыстасць дырэктар гарадскога парку Марыя Каўрыга і дырэктар Дома культуры будаўнікоў Анатолій Кулеш. Зарэгістравала шлюб загадчыца аддзела ЗАГС гарвыканкама Ніна Шарыпава.

На фота Міхаіла Асаевіча загадчыца аддзела ЗАГС гарвыканкама Ніна Шарыпава рэгіструе шлюб навучэнцаў ПТВ-87 Алега Татузава і Ліліі Гулевіч, якія гулялі безалкагольнае вяселле.

У гэты ж год на плошчы Леніна прайшло свята «Моцная сям’я – моцная дзяржава». У час яго зарэгістравалі шлюб адразу тры пары маладых: Сяргей Балашоў – Галіна Лось, Аляксандр Прус – Святлана Хрусталёва, Ігар Каранкевіч – Святлана Капыленка.

З 50-годдзем на старонках газеты віншавалі краязнаўца, пісьменніка, доктара гістарычных навук Генадзя Каханоўскага, які на той час на грамадскіх пачатках кіраваў літаратурным аб’яднаннем «Купалінка» пры нашай газеце.

1998 год. Адкрыццё цэнтра рамёстваў у Красоўшчыне, нашэсце тамагочы

Выхаванец Радашковіцкай школы-інтэрната Дзіма Жалудок стаў першым беларускім дзіцем, якога ўсынавілі італьянцы. На фота Андрэя Каскіна хлопчык са сваімі італьянскімі бацькамі Марыяй і Антоніа Арлакі.

Упершыню на старонках «раёнкі», якая ўжо называлася «Маладзечанскай газетай», з’явіўся сімвал года Тыгр, бо ў савецкія часы пра кітайскі каляндар ніхто не ўспамінаў.

11 лютага 1998 года выйшаў 11-тысячны нумар нашай газеты, якая бярэ свой адлік з 1939 года. У час падпісной кампаніі рэдакцыя правяла латарэю сярод падпісчыкаў на паўгоддзе, якую мы разыгралі з дапамогай юных памочнікаў Насці Камаровай і Алега Кажуры. Самыя значныя прызы – парасё і тэлевізар — выйгралі хатняя гаспадыня з Маркава Наталля Буракоўская і вадзіцель спецаўтагаспадаркі Аляксандр Лоўчы.

У гэты год адкрыўся раённы цэнтр народных рамёстваў у Красоўшчыне, які ўзначаліў Сяргей Васюта.

На вуліцы Прытыцкага адчыніў для пакупнікоў дзверы магазін «Віцязь».

У сакавіку на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра прайшоў пяты рэспубліканскі тэатральны фестываль «Маладзечанская сакавіца – 98».

Кранальная падзея адбылася ў аддзеле ЗАГС райвыканкама: італьянская сям’я Марыі і Антоніа Арлакі аформіла ўсынаўленне выхаванца Радашковіцкай школы-інтэрната Дзімы Жалудка. Хлопчык стаў першым беларускім дзіцем, усыноўленым грамадзянамі Італіі.

А беларускія дзеці пагалоўна гулялі ў тамагочы – электронныя бірулькі, пры дапамозе якіх трэба было «вырошчваць» віртуальных сабачак, коцікаў і іншых жывёл.

2010 год. 65 гадоў Перамогі, падрыхтоўка да «Дажынак», «Белыя росы» па-маладзечанску

На фота Аляксея Платко Галіна Макарэвіч, адна з жыхарак былога барака па вул. Прытыцкага, якая атрымала ключы ад новай кватэры ў мікрараёне №10.

У гонар 65-годдзя Перамогі юбілейны медаль уручылі 491 удзельніку Вялікай Айчыннай вайны. З многімі з іх сустрэліся журналісты. У тым ліку з легендарнай разведчыцай маладзечанкай Аленай Мамчыц, якая ў гады вайны была закінутая ў тыл ворага. Дзякуючы яе данясенням удалося ўратаваць сотні чалавечых жыццяў. Аб яе подзвігу ў 1972-м расказала Цэнтральнае тэлебачанне, а журналіст Міхаіл Кацюшэнка напісаў кнігу «Урок маўчання».

З будынка былой польскай турмы ў адноўленае памяшканне былога банка пераехаў занальны Дзяржархіў, а яго дырэктару Наталлі Івановай было прысвоена званне «Ганаровы архівіст Рэспублікі Беларусь».

Летам 17 сем’яў, якія жылі ў бараках на вуліцы Прытыцкага, атрымалі ключы ад новых кватэр у мікрараёне №10. «МГ» расказала пра перасяленне, пра тое, як некаторым гаспадыням давялося тэрмінова прыстройваць сваіх коз – адразу ўзнікае асацыяцыя з вядомым фільмам «Белыя росы».

У другой палове года ў нашым раёне, які, дарэчы, у 2010-м адзначыў 70-годдзе з дня ўтварэння, пачалася актыўная падрыхтоўка да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі», дзякуючы чаму мы і сёння не перастаём любавацца сучасным абліччам нашага горада.

На фота Андрэя Каскіна маладзечанец Ягор Пятрэнка, на той час дзесяцікласнік СШ №4, а цяпер акцёр, якога ў школе называлі «наш Аляксандр Рыбак» за знешняе падабенства з пераможцам «Еўрабачання».

Паважаныя чытачы!

Калі нехта з вас пазнаў сябе ці сваіх блізкіх на фотаздымках і захоча падзяліцца ўспамінамі аб мінулым, расказаць, як склалася жыццё, тэлефануйце па нумары 77-19-61.

Падшыўкі гартала Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.