«Веларух — клопат пра сябе і тых, хто побач» і «Фестываль маладзёжных субкультур «Энергія маладосці». Гэтыя ініцыятывы атрымалі фінансавую падтрымку Еўрапейскага саюза ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.
Намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Святлана Дзяруга расказала аб удзеле моладзі ў грамадскім, культурна-масавым жыцці:
— Нярэдка юнакі і дзяўчаты прыходзяць у адміністрацыю са сваімі ідэямі, кожнаму з іх мы ўдзяляем увагу, найбольш цікавыя праекты ўвасабляем на практыцы. Моладзь праслаўляе родны край і сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Плённа працуе школа алімпійскага рэзерву. Нядаўна віляйчанін Іван Літвіновіч атрымаў два залатыя медалі ў камандных і індывідуальных скачках на батуце на чэмпіянаце Еўропы ў Баку. Ён з’яўляецца чэмпіёнам Еўропы сярод юніёраў. На гарадскім стадыёне праходзяць шматлікія спаборніцтвы рознага ўзроўню. Сталі традыцыйнымі велаквэсты, і з кожным разам колькасць іх удзельнікаў павялічваецца. Дарэчы, некаторыя работнікі райвыканкама таксама ездзяць на работу на веласіпедзе. У Вілейкі – акцэнт на здаровы лад жыцця і правядзенне фестываляў. Няма, напэўна, аналагаў фестывалю юшкі. Віляйчане актыўна ўдзельнічаюць і ў міжнародных перспектыўных праектах. Некалькі гадоў таму ў гарадскім парку культуры і адпачынку адкрылі скейт-парк, чарговым аб’ектам стала веладарожка.
Веларух і энергія маладосці
Пасля рэалізацыі ініцыятывы «Веларух — клопат пра сябе і тых, хто побач» веласіпедыстаў у Вілейцы стала значна больш. З першых хвілін знаёмства літаральна натхніла энергіяй член грамадскага аб’яднання па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага раёна «ЗОВіК» Таццяна Цітуленка – актыўная прыхільніца веларуху. Зялёныя майка, кепка і сцяг сімвалізуюць зялёнае святло добрым пачынанням. Яна прыгадала, як «закруцілася» кола падрыхтоўчай работы: афармленне дакументацыі, абгрунтаванне ідэі для атрымання гранта. На сустрэчах з мясцовымі жыхарамі прапагандаваліся здаровы лад жыцця, ахова навакольнага асяроддзя, прадстаўнікі райаддзела ўнутраных спраў навучалі правілам бяспечнага руху, праводзілася добраўпарадкаванне тэрыторыі. Як вынік – у Ніжнім парку культуры ўздоўж Віліі з’явілася велатраса працягласцю каля кіламетра, створаны зоны адпачынку для розных катэгорый насельніцтва. Цяпер тут можна заўважыць і веласіпедыстаў, і аматараў бегу, і спартыўнай хадзьбы. У час прэс-тура Таццяна арганізавала спаборніцтвы сярод журналістаў. Усе жадаючыя мелі магчымасць абкатаць веласіпед, паказаць свой спрыт.
Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання і суправаджальнага пражывання для інвалідаў Вілейскага ТЦСАН «Ластаўка» Святлана Паўлава расказала, што літаральна жыла ідэяй, каб у іх з’явіўся трохколавы веласіпед. І мара збылася. Былі закуплены тры веласіпеды, на якіх любяць пракаціцца (вядома ж, пад наглядам) яе падапечныя. Запатрабавана і безбар’ерная гульнявая пляцоўка, таксама створаная ў рамках ініцыятывы.
Каардынатар ініцыятывы «Фестываль маладзёжных субкультур «Энергія маладосці» Вольга Шляпо пазнаёміла са сваім кірункам работы. Танцавальная пляцоўка пад адкрытым небам, дзе некалі кружыліся пары, не пустуе. Яна абсталявана пад скейт-парк для заняткаў скейтбордзінгам для вопытных спартсменаў і тых, хто толькі далучаецца да спорту і здаровага ладу жыцця. Тут праводзяцца фестываль маладзёжных субкультур «Энергія маладосці», шоу-праграмы, майстар-класы. Непадалёк створана і шматфункцыянальная воркаўт-пляцоўка для адпачынку дзяцей і моладзі, актыўных заняткаў спортам.
***
У Мінскай вобласці з 2016-га па 2018 год рэалізаваныя 23 ініцыятывы тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця. Яны адпавядаюць патрабаванням мясцовых жыхароў і дэманструюць тое, што агульнымі намаганнямі можна ўплываць на прыняцце грамадска значных рашэнняў і ўносіць уклад у павышэнне якасці жыцця. Рэалізацыя ініцыятыў у рамках праекта – прыклад агульных інтарэсаў актыўных жыхароў, прадстаўнікоў органаў улады, грамадскіх арганізацый і бізнесу.
Фота: Людміла ЦАР.