Новости Молодечно и Молодечненского района

«Я непадалёк ад Берліна. Немцу капут! Гонім яго так, што ён не спраўляецца бегчы...»

  • 2023-05-10 04:55:30

Неспадзяваная знаходка ў старым кошыку на гарышчы

Больш за тры чвэрці стагоддзя аддзяляюць нас ад таго часу, як адгрымела Вялікая Айчынная. Аднак нягледзячы на гэта, падзеі той вайны нечакана могуць нагадаць аб ёй, выклікаючы незабыўныя хваляванні і эмоцыі.

Гэта давялося перажыць сям’і Мялюк з Маладзечна: Дзмітрыю і яго жонцы Наталлі. Атрымаўшы некалькі гадоў таму ў спадчыну дом у вёсцы Мароські, новыя гаспадары пачалі наводзіць у ім парадак. Калі падняліся на гарышча і разглядалі старыя рэчы, звярнулі ўвагу на кошык. У ім яны знайшлі пяць пісем-трохкутнікаў ваеннага часу. Гэта былі сапраўдныя лісты з фронту! Нягледзячы на час, пажоўклыя трохкутнікі добра захаваліся. Іх аўтарам з’яўляецца ўраджэнец нашага раёна стрыечны дзядуля Дзмітрыя Іван Шчапанскі. З тэкстаў пісьмаў бачна, што Іван Рыгоравіч, які меў два класы школьнай адукацыі, быў пісьменным і валодаў добрым літаратурным словам.

Нядаўна сям’я Мялюк перадала гэтыя рарытэты ваеннага часу ў фонд гісторыка-краязнаўчага музея «Спадчына» Лебедзеўскай сярэдняй школы.

Пайшоў на вайну ў 18 гадоў

Шчапанскі Іван Рыгоравіч нарадзіўся ў 1926 годзе ў в. Мароські ў сялянскай сям’і. З ранніх гадоў працаваў ва ўласнай гаспадарцы. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе ва ўзросце 18 гадоў ён быў мабілізаваны ў армію. На фронце Іван ваяваў у складзе 1-й польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі, якая была сфарміравана на тэрыторыі СССР у 1943 годзе па ініцыятыве Саюза польскіх патрыётаў. У ёй ваявалі як польскія грамадзяне, так і грамадзяне СССР.

Радавы Іван Шчапанскі прымаў удзел у вызваленні ад нацыстаў Польшчы і Германіі. Жыццё яго скончылася трагічна. Будучы ў дзеючай арміі, ён захварэў на тыф. 17 жніўня 1945 года Іван Рыгоравіч памёр у шпіталі польскага горада Катавіцэ і пахаваны там на ваенных могілках.

Пра што пісаў салдат сваёй радні?

Наталля Мялюк расказала, што калі муж першы раз чытаў пісьмы свайго родзіча, у яго цяклі слёзы. Сапраўды, калі чытаеш некаторыя радкі салдацкіх лістоў, такія як, напрыклад, «...лети, мой листок, с Запада на Восток, не затеряйся, чужому не дайся, прилети к тому дружку, которого я очень люблю...», стрымаць эмоцыі вельмі цяжка. Ва ўмовах вайны зразумела вялікае жаданне воінаў вярнуцца дамоў жывымі.

Пра ваенныя дзеянні Іван Рыгоравіч піша мала. Ён дае толькі канкрэтныя адказы на пытанні сваёй сястры Зіны, калі тая, напрыклад, пытае: «Чым ты заняты на вайне?». Большасць напісанага не тычыцца ваеннай тэматыкі. У пісьмах мы бачым разважанні, спадзяванні і пажаданні, адрасаваныя бацькам, сёстрам і брату, радні і знаёмым. Дарэчы, бацька Івана Рыгоравіча ўдзельнік Першай сусветнай вайны, гарачы прыхільнік савецкай улады, якая ўсталявалася ў нашай мясцовасці ў 1939 годзе.

Заўсёды ў сваіх лістах салдат успамінае Бога і спадзяецца на дапамогу Усявышняга ў цяжкую хвіліну ваенных будняў.

Адрас адпраўкі пісьмаў-трохкутнікаў Івана Шчапанскага: палявая пошта 83. 729.

Вось кароткі змест яго пісьмаў.

29 снежня 1944 года. У лісце шмат аптымізму. Іван просіць сваякоў аб ім не нудзіцца. Ён накормлены, у яго ўсё добра. Абяцае выслаць свой фотаздымак у ваеннай форме.

14 сакавіка 1945 года. Іван паведамляе радні, што жывы і здаровы, падкрэсліваючы, што на фронце гэта самае важнае. Просіць іх пісаць яму часцей. Каб супакоіць сваіх бацькоў, умовы знаходжання на фронце характарызуе як добрыя: накормлены і нават сто грамаў франтавых атрымлівае ў час абеду. Жартуе, што ўмовы на фронце «амаль дамашнія». У лісце таксама падкрэслена, што ўсё, аб чым ён паведамляе ў сваіх лістах, -- гэта праўда. На пытанне сястры Зіны наконт месца яго знаходжання, ён адказвае, што ваюе на Заходнім фронце, а месца дыслакацыі яго воінскага падраздзялення непадалёк ад ракі Одэр на тэрыторыі Германіі. Ён вельмі рады, што разам з ім ваююць яго землякі Міхаіл і Барыс. Іх прозвішчы Іван не называе.

15 сакавіка 1945 года. Іван дзякуе за сямейны фотаздымак, які дае магчымасць яшчэ раз убачыць сваю радню. Акцэнтуе ўвагу на абставінах, у якіх ён знаходзіцца і якія пакуль не дазваляюць ім убачыцца. У лісце чуюцца ноткі смутку. Салдат звяртае ўвагу радні на тое, што на вайне ўсялякае можа здарыцца. Справа ў тым, што цяпер становішча на фронце вельмі складанае і небяспечнае. Войскі наступаюць. Нават можа быць такое, што ён з імі больш не ўбачыцца. Аднак салдат спадзяецца сустрэцца на фронце са сваім шваграм Іосіфам, які таксама ваюе ў гэтым рэгіёне. У канцы свайго ліста Іван звяртаецца да сястры Зіны: «Ты пытаешся, чым я заняты на нямецкай зямлі? Я непадалёк ад Берліна. Немцу капут! Гонім яго так, што ён не спраўляецца бегчы...».

17 мая 1945 года. Ліст Івана поўны аптымізму і добрага настрою. Ён піша, што здаровы і застаўся жывым. Вайна з фашыстамі скончылася перамогай. Яго воінскае падраздзяленне рухаецца ў наш бок. Воін выказвае спадзяванне на тое, што ў хуткім часе зможа сустрэцца з раднёй. Разам з ім заўсёды яго землякі Міхаіл і Барыс (калі Іван цяжка хварэў, быў у шпіталі, Міхаіл і Барыс да апошніх дзён яго жыцця па магчымасці наведвалі і маральна падтрымлівалі яго). У канцы ліста трагічная навіна: яго знаёмы з Лебедзева паведаміў, што наш зямляк Аляксей загінуў.

31 мая 1945 года. У першых радках свайго ліста Іван цікавіцца лёсам свайго швагра Іосіфа, якога ён спадзяваўся сустрэць на фронце, аднак гэтага не здарылася. Прычына непакою была ў тым, што ў апошні час Іосіф часта яму сніцца... Цяпер Іван на тэрыторыі Польшчы. Да нядаўняга часу яго воінскае падраздзяленне дыслацыравалася за 70 кіламетраў на поўнач ад Берліна... Просіць паведаміць аб жыцці цёткі Палюхі з вёскі Запалякі... Гэта апошні ліст-трохкутнік Івана Рыгоравіча радні.

Яго імя -- на абеліску

У цэнтры Лебедзева ўстаноўлены помнік у памяць аб 62 земляках -- воінах і партызанах, якія загінулі ў час вызвалення Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. На мемарыяльнай пліце помніка ў спісе загінулых воінаў ёсць і радавы Шчапанскі Іван Рыгоравіч, які ў 19 гадоў аддаў сваё жыццё за нашу Перамогу. Колькі б год ні мінула, землякі будуць памятаць яго імя, а яго лісты з фронту зоймуць пачэснае месца сярод экспанатаў нашага музея.

Антон АПАНАСЕВІЧ,
настаўнік гісторыі, загадчык музея «Спадчына» Лебедзеўскай СШ.
Фота: АЎТАР, архіў МУЗЕЯ «СПАДЧЫНА».