Новости Молодечно и Молодечненского района

«Я атрымала кнігу ад сапраўднай пісьменніцы!»

  • 2023-05-29 06:23:57

На маладзечанскай зямлі ёсць шмат таленавітых людзей. Але, на жаль, мы не заўсёды пра іх ведаем, хаця многія з іх жывуць побач з намі.

У рамках адукацыйна-інфармацыйнага праекта «Школа актыўнага грамадзяніна» на тэму «Гонар за Беларусь. Культура беларускага народа: традыцыі, спадчына, сучаснасць» настаўнікам і вучням Радашковіцкай сярэдняй школы №2 выпаў гонар сустрэцца са сваёй зямлячкай, пісьменніцай, членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі навук і мастацтваў Аленай Ліхадзіеўскай.

Алена Антонаўна вельмі прыгожая добразычлівая жанчына, якая адразу змагла выклікала прыхільнасць да сябе ў слухачоў і наладзіць з імі дыялог. Акрамя пісьменніцкага таленту, Алена Ліхадзіеўская валодае дарам выдатнага апавядальніка: на працягу ўсёй сустрэчы прысутныя слухалі яе з вялікай цікавасцю. Пісьменніца расказала пра сваё дзяцінства, першыя вершы, свой жыццёвы шлях, які прывёў яе да творчасці. Яна прадставіла кнігі для дзяцей рознага школьнага ўзросту: «Бусліная песня», «Зоркай спавітая», «Мне так патрэбна шчасце для цябе», «Бабуліны гусі», «Казкі», «Стань сильней и мудрей». Таксама Алена Антонаўна адказвала на пытанні. Удзельнікаў сустрэчы цікавіла ўсё: дзе нарадзілася і вучылася, якая была любімая кніга ў дзяцінстве, як нараджаецца задума твора, як праходзіць работа з матэрыяламі для кніг, калі пачала выдаваць свае зборнікі, на якія вершы напісана музыка, якія рысы характару шануе ў людзях і іншыя.

Пасля заканчэння мерапрыемства ўдзельнікі праекта змаглі папоўніць сваю бібліятэку кнігамі Алены Ліхадзіеўскай з асабістым подпісам аўтара. Пісьменніца падарыла школе па адным экзэмпляры сваіх зборнікаў. Арганізатары сустрэчы ў знак удзячнасці падарылі Алене Антонаўне кветкі і падарунак, зроблены рукамі дзяцей, з пажаданнямі здароўя, радасці, творчых поспехаў і Божай падтрымкі.

Ладзіць такія творчыя сустрэчы неабходна, бо яны застаюцца ў памяці на доўгі час. Пісьменнікі-землякі сваімі творамі напаўняюць дабрынёй сэрцы дзяцей і вучаць любіць сваю Радзіму. Адна справа -- вучыць біяграфію і творчасць пісьменніка па падручніку, і зусім іншая -- быць з ім у адной зале, бачыць, слухаць яго, задаваць пытанні, атрымаць аўтограф з пажаданнямі ў кнізе, якую табе падарылі або ты набыў сам.

Адна вучаніца школы сказала: «Я атрымала кнігу ад сапраўднай пісьменніцы з аўтографам. Гэта ўпершыню ў маім жыцці, і я буду гэтым ганарыцца!».

Вучні і настаўнікі ўдзячныя Алене Антонаўне за цікавую сустрэчу і за магчымасць у чарговы раз пераканацца, што літаратура не страчвае свайго значэння ў сучасным свеце.

Зоя МАКЛЯК,
бібліятэкар Радашковіцкай СШ №2.
Фота: архіў РАДАШКОВІЦКАЙ СШ №2.