8 чэрвеня, Маркаву спаўняецца 610 гадоў. За апошні час вуліцы аграгарадка і якасць жыцця людзей значна змяніліся.
Да добраўпарадкавання тэрыторыі прыклалі руку не толькі камунальныя службы, але і мясцовыя жыхары.
Старшыня Маркаўскага сельвыканкама Іван Мацэвіч расказаў чытачам «МГ»:
– Маркава – самы буйны населены пункт на тэрыторыі сельсавета. На падведамнай тэрыторыі добра развітая інфраструктура. Двойчы на сваёй зямлі мы адзначалі раённыя «Дажынкі» – у 2015 i 2022 гадах. У рамках мерапрыемстваў, што ладзяцца з мэтай добраўпарадкавання населеных пунктаў, праведзены рамонт і рэканструкцыя асноўных аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, выканана азеляненне тэрыторыі адміністрацыйных будынкаў, заасфальтаваны вуліцы.
Іван Мацэвіч узначаліў мясцовы сельвыканкам у 2010 годзе і з першых дзён пагрузіўся ў работу па добраўпарадкаванні і паляпшэнні якасці жыцця насельніцтва.
Сёння аграгарадок Маркава – адміністрацыйны цэнтр сельсавета, у якім у 247 гаспадарках жыве больш за 600 чалавек, 97 з іх маладзейшыя за працаздольны ўзрост.
«Вёсачка мілая Маркава, як мне цябе не любіць!» – гэта словы з гімна населенага пункта. Пачатак XV стагоддзя, а дакладней, 1415 год – першае ўпамінанне мястэчка Маркава ў пісьмовых крыніцах таго часу. Але ў якіх дакладна – звестак няма. Дарэчы, 2025 год юбілейны для аграгарадка, мясцовай царквы і Маладзечанскай сортавыпрабавальнай станцыі.
У гэту нядзелю жыхары аграгарадка будуць прымаць гасцей, каб адзначыць дзень нараджэння сваёй малой радзімы. Добра працавалі і весела адпачнуць.
Алег ПАЦЭВІЧ
Фота: архіў Івана МАЦЭВІЧА