Новости Молодечно и Молодечненского района

Відзеўшчынскі калейдаскоп

  • 2024-05-27 08:53:09
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Я наведаў Відзеўшчыну ў сярэдзіне мая. Аграгарадок сустрэў водарам бэзу і чаромхі, шматлікімі кветкамі на падворках, шчырымі ўсмешкамі мясцовых жыхароў. Адчувалася, што тут жывуць працавітыя людзі, якія клапоцяцца пра сваю малую радзіму, робяць усё, каб родная зямля была прыгожай і багатай. Мае ўражанні апраўдаліся.

Талака па Вайберы
– У Відзеўшчыне жыве больш за 400 чалавек, – расказала стараста населенага пункта Наталля Ігнатовіч. – У большасці гэта людзі працаздольнага ўзросту. Шмат хто заняты ў мясцовай гаспадарцы. Некаторыя ездзяць на работу ў Краснае, Маладзечна, іншыя населеныя пункты. Радуе, што ў аграгарадку шмат дзяцей.

Адзначым, што сям’я нашай субяседніцы мнагадзетная, у ёй выхоўваецца пяцёра дзяцей. Самай маленькай дачушцы Мілане нядаўна споўнілася шэсць гадоў. Старшая Наталля ўжо мае сваю сям’ю. Год таму яна сама нарадзіла дачку. Яшчэ Наталля Пятроўна і яе муж Міхаіл Іосіфавіч гадуюць Ульяну, Дар’ю і сына Уладзіслава. Прычым Уладзіслаў і Ульяна займаюцца боксам у трэнера Сяргея Панцюхова. Нядаўна юныя спартсмены перамаглі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах.
– У аграгарадку працуюць магазін, паштовае аддзяленне, фельчарска-акушэрскі пункт, сельскі Дом культуры, – працягвае Наталля Ігнатовіч. – Школьнікаў і выхаванцаў дзіцячага сада дастаўляе ў Краснае спецыяльны аўтобус Красненскай сярэдняй школы. Ён робіць некалькі рэйсаў раніцай і некалькі пасля абеду. Дзякуючы СДК дзеці і дарослыя могуць знайсці сабе занятак па душы. У аграгарадку ладзяцца розныя культурныя мерапрыемствы. Населены пункт усё часцей выбіраюць для пастаяннага месца жыхарства маладыя сем’і. Наваколлі ў нас вельмі прыгожыя. Выдатнае месца для адпачынку.

Стараста падкрэсліла, што мясцовыя жыхары вельмі дружныя і адказныя. Яны з гатоўнасцю ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні населенага пункта. Для зручнасці землякі стварылі групу ў Вайберы. Варта толькі даць там аб’яву – і жадаючыя выканаць тую або іншую справу на агульную карысць знаходзяцца адразу.

Клопат не на словах, а на справе
Каб пагаварыць пра дапамогу аграрыяў у добраўпарадкаванні населенага пункта, накіроўваюся да кіраўніка ТАА «АФ Модуль» Рамана Конанава.

– У Відзеўшчыне жыве шмат работнікаў «АФ Модуль», – адзначыў Раман Віктаравіч. – Да таго ж зямля гэта наша, родная. Таму і стараемся, каб выглядала яна годна, а людзі жылі ў камфорце і дабрабыце. Так, зімой прадпрыемства дапамагае ва ўборцы снегу з вуліц, вясной – у пасадцы бульбы вяскоўцам, а восенню – у яе уборцы. Бліжэйшым садовым таварыствам садзейнічаем у падсыпцы дарог. Працуем з органамі мясцовай улады, старастамі вёсак, дзе знаходзяцца вытворчыя аб’екты гаспадаркі. Не застаёмся ўбаку ад рашэння іншых пытанняў.

Жыхары аграгарадка вельмі хвалілі мясцовы магазін. Казалі, што і абслугоўваюць там ветліва, і выбар тавараў добры. Таму наступны візіт быў у згаданы аб’ект гандлю.
– Магазін адкрылі ў лютым мінулага года, – расказала прадпрымальнік Алена Сушко. – Мой муж родам з гэтых мясцін. У Відзеўшчыне мы купілі дом. Пры фарміраванні асартыменту ўлічваем запыты вяскоўцаў, сезонны попыт. Асаблівую ўвагу надаём сацыяльна важным таварам. У магазіне можна купіць прадукты і некаторыя тавары.

Народнае слова
Калі збіраеш матэрыял пра населены пункт, вельмі важна пачуць меркаванне мясцовых жыхароў. Людзі даюць аб’ектыўную ацэнку сацыяльным і эканамічным здабыткам, выказваюць меркаванні і прапановы.

Ірына Кучарава жыве ў Відзеўшчыне з самага дзяцінства. Яна вучылася ў мясцовай школе, працавала ў гаспадарцы. Населены пункт ёй падабаецца. У дамы праведзены вада, газ. Умовы жыцця як у горадзе. А ў дадатак прыгожае наваколле.
– Раней вёсачка была невялікая, – адзначыў Міхаіл Ігнатовіч. – На маіх вачах яна пераўтварылася. Галоўныя рысы маіх землякоў – працавітасць і ўзаемадапамога. Жыць у аграгарадку камфортна.

Былая настаўніца Галіна Маркоўская пераехала ў Відзеўшчыну разам з мужам у 1974 годзе. У той час у населеным пункце была толькі адна вуліца (цяпер яна называецца Цэнтральная). Тады ж пачалося будаўніцтва двухпавярховых шматкватэрных дамоў.

– Вельмі шмат для развіцця Відзеўшчыны зрабіў кіраўнік мясцовай гаспадаркі Аляксандр Драздоўскі, – паведаміла Галіна Лукінічна. – Пры ім разгарнулася маштабнае жыллёвае будаўніцтва, з’явіліся новыя вуліцы, былі ўзведзены вытворчыя будынкі на мехдвары, працавала лазня, сталовая, была асфальтаваная дарога да Краснага.

Наступны этап развіцця населенага пункта субяседніца звязвае з дзейнасцю ПУСП «Забудова-Агра» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Лукшы. Тады будавалася шмат новых дамоў катэджнага тыпу, адбылася газіфікацыя жылога сектара. У выніку Відзеўшчына значна папрыгажэла.
– Сучасны аграгарадок камфортны, добраўпарадкаваны, – падкрэсліла Галіна Маркоўская. – Людзі наводзяць чысціню на сваіх падворках і ля іх. Вяскоўцы ведаюць, што якасць жыцця, прыгажосць у месцах пражывання ў многім залежаць менавіта ад іх.

Былая настаўніца выказала падзяку ТАА «АФ Модуль» і яе кіраўніку за дапамогу ў добраўпарадкаванні крыжа ў цэнтры Відзеўшчыны. Гэта добры прыклад сацыяльна адказнага вядзення гаспадарчай дзейнасці.

Работа па добраўпарадкаванні працягваецца
Пра бягучы стан спраў і перспектывы аграгарадка выказалася старшыня Красненскага сельвыканкама Валянціна Кісель. Субяседніца адзначыла, што жыхары Відзеўшчыны, адказныя асобы, арганізацыі разам працуюць на карысць населенага пункта.

Так, па просьбе мясцовых жыхароў летась у аграгарадку быў устаноўлены новы аўтобусны павільён. У рабоце сельскага Дома культуры вялікая ўвага надаецца дзецям з нядобранадзейных сем’яў. Пры размеркаванні свабодных участкаў пад жыллёвае будаўніцтва ў першую чаргу задавольваюцца просьбы мнагадзетных сем’яў.
– Вялікую дапамогу ў добраўпарадкаванні аграгарадка аказвае ТАА «АФ Модуль», – падкрэсліла Валянціна Мікалаеўна. – Гэта тычыцца зносу старых будынкаў, якія не выкарыстоўваліся, іншых пытанняў. У планах бягучы рамонт дарогі Краснае – Белева праз Відзеўшчыну. Справа на кантролі ў райвыканкаме і сельвыканкаме. Прапрацоўваецца пытанне ўстаноўкі дадатковых кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў на вуліцах.

Валянціна Кісель падзякавала жыхарам Відзеўшчыны за неабыякавасць да населенага пункта, іх уклад у развіццё малой радзімы.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ