Новости Молодечно и Молодечненского района

Вызначыліся пераможцы фотаконкурсу «Я і мой сабака»

  • 2018-05-07 11:27:48
  • Соб. инф.

Дасылаем свае віншаванні сям’і СЯНЬКО з Маладзечна, здымак якіх па адзінадушным рашэнні журы заняў першае месца. На ім Сямён Сянько з рыжанькім жвавым дварняком па мянушцы Фокс, якога сям’я ўзяла па аб’яве «аддам у добрыя рукі» ў сацыяльных сетках. Дабрыня, любоў да братоў нашых меншых – тое, што найперш падкупляе і ва ўдалым здымку, і ў расповедзе Наталлі Сянько пра ўсеагульнага любімца Фокса.

Усе фотаздымкі -- тут.

Тое ж можна сказаць і пра фота іншых пераможцаў конкурсу. Імі сталі вучаніца СШ №4 Ілона ПОЛУДВАРАНІН, якая сфатаграфавалася са сваёй лахматай сяброўкай Мусяй; маладзечанка Таццяна ШЭМЕТ, фотаздымкі і тэкстоўкі якой мы друкавалі двойчы («Бярлога для Умкі» і «Спяваем разам»); Аліна ЮНОК з Чысці, якая падабрала сваю чатырохногую сяброўку Бэці на вуліцы; сям’я СІДАРЭВІЧАЎ, у якой жыве «калматае сонейка» англійскі кокер-спаніэль Арчы; сям’я КАРОБЧЫЦ з Насілава, якая пяць гадоў таму дала прытулак Ульфу і ён стаў надзейным вартаўніком іх сядзібы; сям’я РОЗУМ з Відзеўшчыны, дзе гадуюць сабак пароды чыхуахуа Феню і Веню.

Найбольш галасоў інтэрнэт-карустальнікі аддалі за фота, які даслаў  маладзечанец Сяргей КАВЯЗА, які вучыць свайго лабрадора Спайка гуляць у шахматы. Іх здымак набраў 41,3 працэнта ад колькасці ўсіх галасоў і стаў бясспрэчным лідарам інтэрнэт-галасавання.

Усе аўтары будуць узнагароджаны прызамі ад партнёра нашага конкурсу ЗАТ «Дыліс Касметык».

Урачыстае ўзнагароджанне адбудзецца ў рэдакцыі «Маладзечанскай газеты» (вул. Прытыцкага, 3а) 11 мая, у пятніцу, у 16.00. Прыходзьце!
Тэл. 77-19-61.