Невялічкая Еленка размешчана на самай мяжы Маладзечанскага раёна. Жыццё тут размеранае. Мясцовыя жыхары адкрытыя і добразычлівыя. Адзін з іх Іван САКАЛДЫНСКІ.
– У гэтай вёсцы жыла мая маці, тут знаходзіцца бацькоўскі дом, у якім я нарадзіўся, – гаворыць субяседнік. – Гісторыя Еленкі налічвае некалькі стагоддзяў. Старыя людзі гаварылі, што раней ля населенага пункта стаяла папулярная карчма. Увогуле, вёсак з такой назвай у свеце ўсяго тры. Адна наша, другая ў Расіі, трэцяя ў Балгарыі. Вось такое славянскае братэрства.
Іван Сакалдынскі паведаміў, што Еленка ў апошнія гады маладзее. Бацькоўскія дамы займаюць дзеці і ўнукі былых гаспадароў. Не «спяць у шапку» дачнікі. Такім чынам, пустых двароў у населеным пункце вельмі мала. У вёску прыязджае аўтакрама. Ёсць магчымасць купіць і прадукты, і прамтавары.
– Раней людзі жылі больш дружна, – разважае вясковец. – Маладое пакаленне, якое прыязджае з горада, уносіць гарадскія звычкі. Кожны сам па сабе. Змяняецца і наваколле. Раней у Еленцы ў кожным двары трымалі карову. У нашай сям’і іх было некалькі. У вёсцы збіралі тры статкі (усяго больш за сто жывёл). Пасвіліся яны ў асноўным у лесе. Падлесак быў з’едзены цалкам. На расчышчаных участках раслі грыбы.
Каровы давалі неблагі прыбытак мясцовым жыхарам. Сям’я Івана Сакалдынскага здавала за год да 8 тон малака. Цяпер на ўсю Еленку адна карова. Па малако субяседнік ездзіць у суседнюю вёску Пугачы Валожынскага раёна.
– Сувязі з роднай вёскай не перарываў ніколі, – зазначыў мясцовы жыхар. – Раней працаваў у Мінску кіраўніком адной з будаўнічых арганізацый. Да матулі прыязджаў кожныя выхадныя. Не мог без працы. Цяпер будую ў Еленцы дом. Даглядаю падворак, трымаю невялікую гаспадарку – куры, тры каты, два сабакі. Захапляюся рыбалкай і паляваннем. Мне падабаецца вясковы стыль жыцця.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ